Яна 4 разьдзел

Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2003

 
 

Як жа даведаўся Спадар, што фарысэі чулі, што Ісус балей прыдбаець вучанікаў і хрысьце, чымся Яан, —
 
Калі затым Ісус даведаўся, што фарызеі чулі, што Ісус здабывае больш вучняў і больш хрысціць, чым Ян, —

Хоць Ісус Сам ня хрысьціў, але вучанікі Ягоныя, —
 
хоць Сам Ісус не хрысціў, але вучні Яго, —

Ён пакінуў Юдэю і пайшоў ізноў да Ґалілеі.
 
дык пакінуў Юдэю і вярнуўся ізноў у Галілею.

І належыла Яму праходзіць пераз Самару.
 
А выпала Яму ісці праз Самарыю.

Дык прыходзе Ён да места самарскага, званага Сыхар, ля лапіны зямлі, што Якаў даў сыну свайму Язэпу.
 
Прыйшоў тады ў самарытанскі горад Сіхар, непадалёк ад паселішча, якое даў Якуб Язэпу, свайму сыну;

Жарало Якавава было там. Дык Ісус, здарожыўшыся, сеў ля жарала. Было каля шостае гадзіны.
 
і была там крыніца Якуба. І Ісус, змучаны дарогай, сядзеў пры крыніцы; было каля шостай гадзіны.

Прыходзе жонка із Самары засіліць вады. Ісус кажа ёй. «Дай Імне піць».
 
У той час прыйшла жанчына з Самарыі браць ваду. Кажа ёй Ісус: «Дай мне напіцца»;

(Бо вучанікі Ягоныя адхінуліся да места купіць ежы).
 
бо вучні Яго пайшлі ў горад, каб купіць ежы.

Самаранка ж кажа Яму: «Як Ты, будучы Юдэям, просіш піць у мяне Самаранкі?» бо Юдэі ня маюць узаем’я із Самаранмі.
 
Кажа тады Яму жанчына Самарытанка: «Як жа Ты, Юдэй,  просіш вады ў мяне, Самарытанкі?» Бо Юдэі цураюцца Самарытанаў.

Адказаў Ісус і сказаў ёй: «Калі б ты ведала дар Божы, і Хто кажа табе: "Дай Імне піць", прасіла б у Яго, і Ён даў бы табе жывое вады».
 
Адказаў Ісус і сказаў ёй: «Калі б ты ведала дар Божы ды хто ёсць Той, Хто цябе просіць: «Дай мне піць», напэўна, прасіла б Яго, і Ён даў бы табе жывой вады».

Яна кажа Яму: «Спадару, Ты й засіліць ня маеш чым, і студня глыбокая; дык скуль жа маеш жывую ваду?
 
Кажа Яму жанчына: «Госпадзе, не маеш нават чым зачэрпаць, а студня глыбокая; адкуль тады возьмеш жывой вады?

Нягож ты вялікшы за айца нашага Якава, каторы даў нам гэтую студню, і сам піў зь яе, і сынове ягоныя, і статак ягоны?»
 
Ці ж ты большы за бацьку нашага Якуба, які нам даў гэтую студню,  з якой сам піў і сыны яго, і скаціна яго?»

Адказаў Ісус і сказаў ёй: «Кажны, хто п’ець гэтую ваду, ізноў усьмягне;
 
Адказаў ёй Ісус і сказаў: «Кожны, хто п’е гэтую ваду, зноў смягнуць будзе;

А хто п’ець ваду, каторую Я дам яму, ня ўсьмягне на векі; але вада, што я дам яму, станецца ў ім жаралом вады, што цячэць у жыцьцё вечнае».
 
а хто нап’ецца вады, якую Я яму дам, вечна не будзе смягнуць, але вада, якую Я яму дам, станецца ў ім крыніцай вады, што бруіцца ў жыццё вечнае».

Жонка кажа: «Спадару, дай імне тае вады, каб я ня сьмягла і ня прыходзіла сюды сіляць».
 
Кажа Яму жанчына: «Госпадзе, дай мне гэтае вады, каб я не адчувала смагі, ды не прыходзіла сюды за вадой».

Ісус кажа ёй: «Пайдзі, пагукай мужа свайго і прыйдзі сюды».
 
Кажа ёй Ісус: «Ідзі, пакліч мужа свайго і прывядзі сюды».

Адказала жонка й сказала: «Я ня маю мужа». Ісус кажа ёй: «Добра ты сказала, што ня маеш мужа;
 
Адказала жанчына і сказала Яму: «Я не маю мужа». Кажа ёй Ісус: «Добра ты сказала: «Я не маю мужа»,

Бо ты мела пяцёх мужоў, і тый, каторага цяпер маеш, ня муж табе; гэта праўдзіва ты сказала».
 
бо мела ты пяць мужоў, а гэты, якога цяпер маеш, не ёсць твой муж. Гэта ты праўду сказала».

Жонка кажа Яму: «Спадару, бачу, што Ты прарока.
 
Кажа Яму жанчына: «Госпадзе, бачу, што Ты — прарок.

Айцове нашы кланяліся на гэтай гары, а вы кажаце, што ў Ерузаліме месца, ідзе належа кланяцца».
 
Бацькі нашы на гэтай гары пакланяліся, а вы кажаце, што ў Ерузаліме месца, дзе належыць пакланяцца».

Ісус кажа ёй: «Жонка, павер Імне, што настаець гадзіна, калі і не на гэтай гары, і не ў Ерузаліме будзеце кланяцца Айцу.
 
Кажа ёй Ісус: «Павер Мне, жанчына, што надыходзіць час, калі ані на гэтай гары, ані ў Ерузаліме не будзеце пакланяцца Айцу.

Вы кланяецеся таму, чаго ня ведаеце; мы кланяемся таму, што ведаем, бо спасеньне ад Юдэяў.
 
Вы пакланяецеся таму, чаго не ведаеце; а мы пакланяемся таму, што ведаем, бо ад Юдэяў збаўленне.

Але настаець гадзіна, і цяпер ё, калі праўдзівыя багамолцы будуць кланяцца Айцу ў духу а ў праўдзе; бо таковых багамолцаў Айцец шукае Сабе.
 
Але надыходзіць час, ды ўжо надышоў, што праўдзівыя паклоннікі будуць пакланяцца Айцу ў Духу і ў праўдзе, бо і Айцец шукае такіх, што паклоняцца Яму.

Бог — дух, і тыя, што кланяюцца Яму, маюць кланяцца ў духу а ў праўдзе».
 
Бог ёсць Дух, і тыя, што пакланяюцца Яму, павінны пакланяцца ў Духу і ў праўдзе».

Жонка кажа Яму: «Я ведаю, што прыходзе Месія, званы Хрыстом; як Ён прыйдзе, паведаме нам усе».
 
Кажа Яму жанчына: «Ведаю, што прыйдзе Месія, значыць Хрыстос; калі Ён прыйдзе, усё нам аб’явіць».

Ісус кажа ёй: «Гэта Я, Каторы гутару з табою».
 
Кажа ёй Ісус: «Гэта Я, Той, Які з табою размаўляе».

На гэта прышлі вучанікі Ягоныя і дзіваваліся, што Ён гутарыў із жонкаю; ні водзін ізь іх, адылі, не сказаў: "Чаго шукаеш?" альбо: "Чаму гутарыш ізь ёю?"
 
Неўзабаве прыйшлі вучні Яго і дзівіліся, што Ён размаўляе з жанчынаю; але ніхто не сказаў: «Пра што пытаеш?» або «Пра што з ёй гаворыш?».

Тады жонка пакінула вядро свае, і пайшла да места, і кажа людзём:
 
Жанчына ж пакінула збанок свой і паспяшыла ў горад, і кажа тым людзям:

«Пайдзіце, абачча чалавека, каторы сказаў імне ўсе, што я раблю, ці ня Хрыстос Ён?»
 
«Ідзіце і пабачце чалавека, які мне сказаў усё, што я толькі зрабіла; ці гэта не Сам Хрыстос?»

Яны вышлі зь места й прышлі да Яго.
 
Дык выйшлі з горада і пайшлі да Яго.

Прымеж таго вучанікі прасілі Яго, кажучы: «Раббі, еж».
 
Тым часам вучні прасілі Яго, кажучы: «Раббі, еш».

Але Ён сказаў ім: «Я маю ежу есьці, каторае вы ня знаеце».
 
Але Ён сказаў ім: «Я маю ежу, пра якую вы не ведаеце».

Затым вучанікі казалі адзін аднаму: «Ці ня прынёс хто Яму есьці?»
 
Казалі тады вучні між сабой: «Няўжо нехта прынёс Яму есці?»

Ісус кажа ім: «Мая ежа ё чыніць волю Таго, хто паслаў Мяне, і скончыць работу Ягоную.
 
Кажа ім Ісус: «Мая ежа — каб выконваць волю Таго, Хто паслаў Мяне, і каб скончыць справу Яго.

Ці ня кажаце вы, што яшчэ чатыры месяцы, і настане жніво? Вось, Я кажу вам: узьніміце вочы свае й глядзіце на нівы, бо яны ўжо пабялелі, каб жаць.
 
Ці ж вы не кажаце: «Яшчэ чатыры месяцы, і пачнецца жніво»? Вось, кажу вам: падыміце вочы вашыя і паглядзіце на прасторы, якія яны ўжо белыя да жніва. Ужо

Хто жнець, тый адзержуе заплату й зьбірае плады да жыцьця вечнага, каб хто сее і хто жнець разам цешыліся.
 
жнец атрымоўвае плату і збірае плод на жыццё вечнае, каб і сейбіт, і жнец разам радаваліся.

Бо ў гэтым слова праўдзівае: адзін сее, а другі жнець.
 
І гэтым спраўджваецца слова: адзін сее, а іншы збірае.

Я паслаў вас жаць тое, над чым вы не працавалі: іншыя працавалі, а вы ўвыйшлі ў працу іхную».
 
Я паслаў вас жаць тое, над чым вы не працавалі; іншыя працавалі, а вы карыстаецеся працай іх».

Шмат жа хто із Самаран места таго ўверылі ў Яго на слова жонкі, што сьветчыла: «Ён сказаў імне ўсе, што я зрабіла».
 
І многа Самарытанаў з горада таго паверыла ў Яго дзеля слоў жанчыны, якая сведчыла: «Ён мне сказаў усё, што я толькі зрабіла».

Затым, як прышлі да Яго Самаране, прасілі Яго застацца зь імі; і Ён пабыў там два дні.
 
І, калі да Яго прыйшлі Самарытаны, прасілі Яго, каб у іх пабыў; дык прабыў там два дні.

І яшчэ шмат балей уверыла дзеля слова Ягонага.
 
Ды многа болей уверыла дзеля слоў Яго.

І сказалі тэй жонцы: «Ужо ня дзеля паведаньня твайго верым, бо мы самы чулі Яго й ведаем, што гэта запраўды Спас сьвету».
 
Жанчыне ж казалі: «Ужо не дзеля твайго аповяду верым; але дзеля таго, што пачулі і ведаем, што Ён — сапраўды Збаўца свету».

Просьле ж двух дзён Ён вышаў стуль і пайшоў да Ґалілеі;
 
А па двух днях пайшоў адтуль у Галілею;

Бо Сам Ісус сьветчыў, што прарока ня мае сьці ў краіне сваёй.
 
хоць Сам Ісус сведчыў, што прарок не мае пашаны ў сваёй бацькаўшчыне.

А як прышоў Ён да Ґалілеі, Ґалілеяне прынялі Яго, бачачы, што ўчыніў Ён у Ерузаліме ў сьвята, бо й яны былі прышоўшы на сьвята.
 
Калі затым прыйшоў у Галілею, Галілейцы прынялі Яго, бо бачылі ўсё, што ўчыніў у Ерузаліме ў дзень свята; бо і яны прыходзілі на свята.

Дык Ён ізноў прышоў да Каны Ґалілейскае, ідзе быў абярнуўшы ваду ў віно. І там быў адзін дваранін у Капернауме, каторага сын быў хворы.
 
Ісус ізноў прыйшоў у Кану Галілейскую, дзе зрабіў ваду віном. І быў там нейкі ўрадовец, якога сын хварэў у Кафарнаўме;

Ён, пачуўшы, што Ісус прышоў зь Юдэі да Ґалілеі, прышоў да Яго і прасіў ісступіць і ўздаравіць сына ягонага, каторы канаў.
 
ён, калі пачуў, што Ісус з Юдэі прыйшоў у Галілею, пайшоў да Яго і прасіў, каб прыйшоў і аздаравіў сына яго; а ён ужо канаў.

Затым сказаў яму Ісус: «Калі не абачыце знакоў а чудосаў, ня ўверыце».
 
Сказаў яму Ісус: «Калі не ўбачыце знакаў і цудаў, не паверыце».

Дваранін кажа яму: «Спадару, іступі, пакуль мае дзяцё не памерла».
 
Кажа Яму прыдворны: «Госпадзе, прыйдзі перш, чым сын мой памрэ».

Ісус кажа яму: «Пайдзі, сын твой жывець».
 
Кажа яму Ісус: «Ідзі. Сын твой жыве». Паверыў той чалавек слову, якое яму сказаў Ісус, і пайшоў.

І чалавек паверыў слову, што Ісус сказаў яму, і пайшоў. Але ўжо, як ён зыходзіў, нявольнікі ягоныя перанялі яго, кажучы, што дзяцюк твой жывець.
 
А калі быў яшчэ ў дарозе, слугі яго выйшлі насустрач яму, каб сказаць, што сын яго жыве.

Дык ён папытаўся ў іх праз гадзіну, калі яму палепшала. Яму сказалі: «Учора а сёмай гадзіне пал пакінуў яго».
 
Спытаўся іх тады пра пару, у якую яму палягчэла. Дык сказалі яму: «Учора а сёмай гадзіне спынілася ў яго гарачка».

Дык бацька даведаўся, што тае ж гадзіны, каторае Ісус сказаў яму: «Сын твой жывець». І ён уверыў сам і ўвесь дом ягоны.
 
Дык даведаўся бацька, што гэта быў той час, у які сказаў яму Ісус: «Сын твой жыве», і паверыў ён ды ўвесь дом яго.

Гэты другі знак учыніў Ісус, прышоўшы зь Юдэі да Ґалілеі.
 
І гэты другі знак ўчыніў Ісус, калі прыйшоў з Юдэі ў Галілею.