Лукаша 21 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Яна Станкевіча → Дабравесця / «Спадчына»; Клышка

 
 

І глянуўшы, Ён абачыў багатых, што кідалі ў скарбонку падаркі свае;
 
І, ўзняўшы вочы Свае, Ён убачыў багатых, што кідалі свае дары ў скарбніцу.

Але абачыў таксама бедную ўдаву, што ўкінула ў яе два медзякі.
 
І ўбачыў Ён адну бедную ўдаву, якая ўкінула туды дзве лепты,

І сказаў Ён: «Запраўды кажу вам, што гэтая бедная ўдава ўкінула балей за ўсіх;
 
І сказаў: «Сапраўды кажу вам: гэтая бедная ўдава ўкінула больш за ўсіх;

Бо ўсі тыя із бытку свайго ўкінулі на дар Богу, а яна зь нястачы свае ўкінула ўвесь пражытак, які мела».
 
бо ўсе яны ад свайго збытку кідалі ў ахвяру [Богу], гэтая ж са свайго ўбоства ўкінула ўвесь пражытак, што мела.

І як некатрыя сказалі празь сьвятыню, што яна прыбрана харошым каменьням а дарамі, Ён сказаў:
 
І калі некаторыя казалі пра святыню, што яна аздоблена прыгожым каменнем і ахвярамі, Ён сказаў:

«Прыйдуць дні, калі з таго, што вы бачыце, не застанецца камень на каменю, каторы ня быў бы ськінены».
 
«Прыйдуць дні, калі з таго, што бачыце, не астанецца каменя на камені, як не зруйнуецца».

І папыталіся ў Яго, кажучы: «Вучыцелю, калі гэта будзе? і якая пазнака, калі гэта мае стацца?»
 
І спыталіся у Яго, кажучы: «Настаўніку, калі ж гэта будзе і што будзе за знак, калі гэта павінна адбыцца?»

І сказаў Ён: «Уважайце, каб вас не зьвялі, бо шмат хто прыйдзе ў імя Мае, кажучы: "Гэта Я", і "час дабліжыўся". Не хадзіце за імі.
 
Ён жа сказаў: «Глядзіце, каб не звялі вас: бо шмат прыйдуць пад Маім імем, кажучы: «Гэта Я» і «Час наблізіўся». Не ідзіце за імі.

Як жа пачуеце праз войны а замятні, не палохайцеся, бо гэта мае стацца ўперад, але ня зараз канец».
 
Калі ж пачуеце пра войны і хваляванні, не жахайцеся: бо гэта павінна спярша адбыцца, але не зараз жа канеац».

Тады сказаў ім: «Народ паўстане на народ, і гаспадарства на гаспадарства;
 
Тады сказаў ім: «Паўстане народ на народ і царства на царства,

Будуць вялікія трасеньні зямлі ў розных месцах а галадові а ліпучкі а страшныя зьявы а вялікія знакі зь неба.
 
і будуць вялікія землятрусы і месцамі голад і мор, будуць і страхі, і вялікія знакі з неба.

Але наўперад накладуць на вас рукі свае і будуць перасьледаваць, выдаючы ў бажніцы й вязьніцы, прыводзячы да каралёў а дзяржаўцаў за імя Мае.
 
Але перад усім гэтым будуць накладаць на вас свае рукі і гнаць, выдаючы ў сінагогі і цямніцы, адводзячы да цароў і валадароў за Маё імя;

Будзе ж гэта вам на сьветчаньне.
 
гэта будзе вам на сведчанне.

«Затым пакладзіце ў сэрцы свае не абдумаваць загадзя абароны;
 
Дык пакладзіце ў свае сэрцы — не абдумваць загадзя, як абараняцца,

Бо Я вам дам вусны а мудрасьць, каторым ня будуць магчы перачыць ані працівіцца ўсі праціўнікі вашыя.
 
бо Я дам вам вусны і мудрасць, якой не змогуць ні супроцьстаяць, ні аспрэчыць усе вашы праціўнікі.

І вы будзеце выданы нават бацькамі а братамі а сваякамі а прыяцельмі, і заб’юць нека торых із вас;
 
І будзеце выдадзены і бацькамі, і братамі, і сваякамі, і сябрамі, а некаторых з вас заб’юць,

І будуць ненавідзіць вас усі за імя Мае.
 
і будуць вас ўсе ненавідзець за Маё імя.

Але й волас із галавы вашае не загіне.
 
Ды воласа з вашай галавы не прападзе.

Цярплівай трывалкосьцяй сваёй прыдбаеце душы свае.
 
Вашай цярплівасцю вы здабудзеце вашы душы.

«А як і абачыце Ерузалім абступлены войскам, тады ведайце, што спустошаньне яго дабліжылася.
 
Калі ж убачыце Ерусалім, акружаны войскамі, тады ведайце, што наблізілася яго спустошанне.

Тады тыя, што ў Юдэі, уцякайце ў горы; і хто ў ім, выходзь ізь яго; і хто ў ваколіцы, ня ўходзь у яго;
 
Тады тыя, што ў Іудзеі, няхай уцякаюць у горы; а хто ў ваколіцах — хай не уваходзяць у яго,

Бо гэта дні помсты, каб усе напісанае выпаўнілася.
 
бо гэта дні адплаты, каб спраўдзілася ўсё напісанае.

І бяда цяжарным а соячым тых дзён, бо будзе вялікая нястача на зямлі і гнеў на люд гэты.
 
Бяда тым, што маюць у лоне, і тым, што кормяць грудзьмі, у тыя дні бо будзе вялікая галеча на зямлі і гнеў на гэты народ;

І падуць ад ляза мяча, і будуць заведзены ў палон да ўсіх народаў; і Ерузалім будзе таптаны народамі, пакуль ня скончацца часы народаў.
 
і ўпадуць ад вуснаў мяча і будуць адведзены ў палон ва ўсе народы, і Ерусалім будуць таптаць язычнікі, дакуль не скончацца часы язычнікаў.

«І будуць знакі на сонцу а месяцу а гвездах, і на зямлі трывога народаў у замятні, равеньне а хваляваньне мора.
 
І будуць знакі на сонцы, і месяцы, і зорках, і трывога народаў на зямлі і разгубленасць ад шуму мора і хваляў,

Людзі будуць паміраць із страху а спадзяваньня прыходзячага на ўвесь сьвет, бо сілы нябёсныя захістаюцца.
 
калі людзі будуць непрытомнець ад страху і чакання таго, што насоўваецца на ўвесь свет, бо захістаюцца нябесныя сілы.

«І тады абачаць Сына Людзкога, у булакох ізь сілаю а славаю вялікай ідучага.
 
І тады ўбачаць Чалавечага Сына, што будзе ісці ў воблаку з сілаю і вялікай славаю.

Як жа пачнець гэта дзеяцца, глядзіце і ўзьнімайце галавы свае, бо бліжыцца адкупленьне вашае».
 
Калі ж гэта пачне збывацца, перадыхніце і ўзніміце вашы галовы, таму што набліжаецца ваша збавенне».

І сказаў ім прыпавесьць: «Глядзіце на фіґу а на ўсі дзервы.
 
І сказаў Ён ім прыпадабненне: «Паглядзіце на фігавае дрэва і ўсе дрэвы:

Як яны ўжо пукаюцца, то ведаеце самы, гледзячы на гэта, што лета блізка.
 
калі яны ўжо распускаюцца, то, бачачы гэта, вы самі ведаеце, што ўжо блізка лета.

Дык таксама, як абачыце, што гэта дзеецца, ведайце, што гаспадарства Божае блізка.
 
Гэтак і вы, калі ўбачыце, што гэта збываецца, ведайце, што блізка Божае Царства.

Запраўды кажу вам, што ня мінець род гэты, як усе станецца.
 
Папраўдзе кажу вам: не мінецца гэты род, як усё гэта збудзецца.

Неба й зямля мінуць, але словы мае а ніяк ня мінуць.
 
Неба і зямля мінуцца, а Мае словы не мінуцца.

Шануйцеся, каб сэрцы вашыя наагул не цяжарыліся пярэсыцьцю а п’янствам а жыцьцявымі рупатамі, і каб дзень тый не засьпеў вас якга, неўспадзеўкі;
 
Зважайце на сябе, каб вашы сэрцы не абцяжарваліся ненажэрствам, і п’янствам, і жыццёвымі турботамі і каб не заспеў вас неспадзявана той дзень,

Бо, як пасадка, ён прыйдзе на ўсіх тых, што жывуць на відзе ўсяе зямлі.
 
як сетка; бо ён прыйдзе на ўсіх, што жывуць на аблічы ўсёй зямлі.

Дык будзьце чукавыя кажнае пары, молячыся, каб вы маглі ўсьцерагчыся ад усяго таго, што мае стацца, і стаць перад Сынам Людзкім».
 
Будзьце ж чуйныя, увесь час молячыся, каб вы змаглі ўнікнуць усяго гэтага, што мае адбыцца, і стаць перад Чалавечым Сынам».

І ўдзень Ён навучаў у сьвятыні, а ночы, выходзячы, заставаўся вонках на гары, званай Аліўнай.
 
Удзень жа Ён навучаў у святыні, а ночы, выходзячы, праводзіў на гары, што завецца Аліўная;

І ўвесь люд прыходзіў рана нараніцы да Яго, слухаць Яго.
 
І ўвесь народ з раніцы прыходзіў да Яго ў святыню слухаць Яго.