Лукаша 22 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Вітаўта Тумаша

 
 

Бліжылася сьвята Праснакоў, званае Пасхаю.
 

І шукалі найвышшыя сьвятары а кніжнікі, як загубіць Яго, бо баяліся люду.
 

І ўвыйшоў шайтан у Юду, званага Іскарыёт, каторы быў зь ліку двананцацёх.
 

І ён пайшоў, і гутарыў із найвышшымі сьвятарамі а ўраднікамі, як бы Яго ім выдаць.
 

Яны ўзрадаваліся і згадзіліся даць яму грошы.
 

І ён згадзіўся зрабіць гэта, і шукаў прыгоднага часу выдаць Яго ім бяз гурбы.
 

І настаў дзень Праснакоў, каторага мела быць зарэзана пасха.
 

І паслаў Пётру а Яана, кажучы: «Ідзіце й прыгатуйце есьці нам пасху».
 

І яны сказалі Яму: «Ідзе хочаш, каб мы прыгатавалі?»
 

І сказаў Ён ім: «Вось, як вы ўвыйдзеце ў места, стрэнецца вам чалавек, нясучы жбан вады; ідзіце за ім да дому, да каторага ён увыйдзе;
 

І скажыце гаспадару дому: "Вучыцель кажа тэ: ідзе гасьцінны пакой, у каторым бы Імне есьці пасху з вучанікамі Сваімі?"
 

І тый пакажа вам вялікі верхні пакой засланы; там прыгатуйце».
 

І, пайшоўшы, знайшлі, як сказаў ім, і прыгатавалі пасху.
 

І, як настала гадзіна, Ён узьлёг за стол, і апосталы зь Ім.
 

І сказаў ім: «Жаданьням жадаў Я есьці гэтую пасху з вамі перад Сваім цярпеньням;
 

Бо кажу вам, што ўжо ня буду есьці яе, пакуль яна ня зьдзеецца ў гаспадарстве Божым».
 

І ўзяўшы чару, і ўчыніўшы падзяку, сказаў: «Вазьміце яе і падзяліцеся мяжсобку;
 

Бо кажу вам, што ня буду піць із плоду віннога, пакуль ня прыйдзе гаспадарства Божае».
 

І ўзяўшы букатку, учыніўшы падзяку, паламіў а даў ім, кажучы: «Гэта ё цела Мае, данае за вас; рабіце гэта на памятку Маю».
 

Таксама чару па вячэры, кажучы: «Гэтая чара ё новая змова ў крыві Маёй, што за вас разьліваецца.
 

«І вось, рука таго ізраджаючага Мяне з Імною за сталом,
 

Бо Сын Людзкі запраўды йдзець, як наканавана; бяда, адылі, чалавеку таму, каторым Ён ізраджаецца».
 

І яны пачалі разважаць мяжсобку, хто зь іх быў бы, што зробе гэта.
 

Была ж і сьпярэчка памеж іх, хто зь іх здаецца быць вялікшым.
 

І сказаў Ён ім: «Каралёве народаў пануюць над імі, і маючыя ўладу над імі завуцца дабрадзеямі.
 

А вы ня так: але вялікшы з памеж вас будзь, як малодшы, і радзячы, як слугуючы.
 

Бо хто вялікшы, хто ўзьляжыць, ці хто слугуе? ці ня тый, што ўзьляжыць? Але Я сярод вас як тый, што слугуе.
 

«Але вы тыя, што ператрывалі з Імною ў спакусах Маіх;
 

І Я прызначаю вам, як Айцец Мой прызначыў Імне, гаспадарства,
 

Каб вы маглі есьці й піць за сталом Маім у Маім гаспадарстве і сядзелі на пасадах, судзячы двананцаць пакаленьняў Ізраелявых».
 

І Спадар сказаў: «Сымоне, Сымоне, гля, шайтан дужа прасіў, каб ён мог сеіць сітам вас, як пшонку;
 

Але Я маліў за цябе, каб ня скволела вера твая; і ты некалі, навярнуўшыся, мацніў братоў сваіх».
 

І ён сказаў Яму: «Спадару, з Табою Я гатоў у вязьніцу й на сьмерць ісьці».
 

Ён жа сказаў: «Кажу тэ, Пётру, перш чымся певень запяець сядні, ты трэйчы выпрашся, што знаеш Мяне».
 

І сказаў ім: «Як пасылаў Я вас без капшука а без хатуля а бяз вобую, ці мелі вы ў чым нястачу?» Яны сказалі: «Ні ў чым».
 

Тады кажа ім: «Але цяпер, хто мае капшук, няхай возьме яго, таксама й хатуль; а хто ня мае, прадай адзецьце свае й купі меч;
 

Бо кажу вам, што напісанае мае выпаўніцца на Імне: "І залічаны да бяспраўнікаў". Бо запраўды ўзглядам Мяне прыходзе да канца».
 

І яны сказалі: «Спадару, во тут два мячы». І Ён сказаў ім: «Досыць».
 

І, вышаўшы, пайшоў, подле звычаю Свайго, на гару Аліўную; і вучанікі таксама пайшлі за ім.
 

І, як быў на месцу, сказаў ім: «Маліцеся, каб ня лучыць у спакусу».
 

І Ён адхінуўся ад іх, як дапусьціць камень, і, уклякшы, маліўся,
 

Кажучы: «Войча, калі Ты хочаш, аддаль гэтую чару ад Мяне! адылі не Мая воля, але Твая станься».
 

І ангіл ізь неба стаў да Яго, мацнячы Яго.
 

І, труднячыся, уляглівей маліўся; і стаўся пот Ягоны, як капкі крыві, на зямлю капаючыя.
 

І, устаўшы з малітвы, пайшоў да вучанікаў, і засьпеў іх сьпячых з гора,
 

І сказаў ім: «Што вы сьпіце? устаньце й маліцеся, каб ня лучыць у спакусу».
 

Як Ён яшчэ казаў, вось гурба, і званы Юдаю, адзін із двананцацёх, сьпераду іх, і ён дабліжыўся да Ісуса, каб пацалаваць Яго.
 

І Ісус сказаў яму: «Юда, цалаваньням выдаеш Сына Людзкога?»
 

І бачачы тыя, што былі зь Ім, да чаго даходзе, сказалі: «Спадару, ці ня выцяць нам мячом?»
 

І выцяў адзін із памеж іх слугу найвышшага сьвятара, і адцяў яму правае вуха;
 

І адказуючы, Ісус сказаў: «Пакінь, досыць» і, дакрануўшыся да вуха ягонага, уздаравіў яго.
 

І сказаў Ісус найвышшым сьвятаром а ўраднікам сьвятыні а старцом, што вышлі супроці Яго: «Як на грабежніка вышлі вы зь мячамі а кіямі.
 

Як кажны дзень бываў Я з вамі ў сьвятыні, вы ня выцягнулі рук сваіх на Мяне; але цяпер ваша гадзіна і ўлада цямноты».
 

І, узяўшы Яго, павялі яго і прывялі да дому найвышшага сьвятара. Пётра ж ішоў за Ім воддаль.
 

І, як расклалі цяпло сярод панадворку і селі разам, Пётра сеў памеж іх.
 

І адна дзеўка згледзела, як ён сядзеў ля сьвятла, і ўцяміўшыся ў яго, сказала: «І гэты быў зь Ім».
 

Але ён выперся, кажучы: «Жонка, я ня знаю Яго».
 

І за часіну другі, абачыўшы яго, сказаў: «І ты зь іх». Але Пётра сказаў: «Чалавеча, я не».
 

Потым блізу за гадзіну іншы станаўко цьвердзіў: «Запраўды й гэты быў зь Ім, бо ён запраўды Ґалілеянін».
 

Але Пётра сказаў: «Чалавеча, ня ведаю, што ты кажаш». І якга, як яшчэ ён казаў, певень запяяў.
 

І Спадар, абярнуўшыся, глянуў на Пётру, і Пётра ўспомнеў слова Спадарова, як Ён казаў яму: "Перш чымся певень запяець, ты трэйчы выпрашся Мяне".
 

І Пётра, вышаўшы, горка плакаў.
 

І людзі, што дзяржалі Яго, насьміхаліся зь Яго, б’ючы;
 

І, накрываючы Яго, пыталіся ў Яго, кажучы: «Прарачы, хто выцяў Цябе?»
 

І гукалі шмат блявузґанага на Яго.
 

І як настаў дзень, зьберліся старцы люду, найвышшыя сьвятары а кніжнікі і ўвялі Яго ў сынэдрыён свой, кажучы:
 

«Ці Ты Хрыстос? скажы нам». Ён жа сказаў ім: «Калі скажу вам, вы ані не паверыце;
 

І калі папытаюся ў вас, вы ані не адкажыце Імне і не адпусьціце Мяне.
 

Адгэтуль Сын Людзкі будзе сядзець па правіцы моцы Божае».
 

І ўсі сказалі: «Дык Ты Сын Божы?» І Ён сказаў ім: «Вы кажаце, што Я».
 

І сказалі: «Нашто нам надабе балей сьветак? бо мы самы чулі з вуснаў Ягоных».