Выслоўяў Саламонавых 29 разьдзел
Кніга выслоўяў Саламонавых
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2012
Чалавек, які на дакараньне робіць цьвёрдым карак свой, раптоўна будзе зьнішчаны, і ня будзе аздараўленьня.
Чалавек, які з цвёрдай шыяй пагарджае абвінавачваннямі, — раптам будзе знішчаны, і без вылячэння.
Калі памнажаюцца праведнікі, радуецца народ, а калі пануе бязбожнік, народ стогне.
З памнажэння справядлівых узвесяліцца народ; а ў валадаранне бязбожніка народ будзе стагнаць.
Чалавек, які любіць мудрасьць, радуе бацьку свайго, а той, які сябруе з распусьніцамі, распускае маёмасьць.
Чалавек, які любіць мудрасць, радуе бацьку свайго; а хто корміць распуснікаў — згубіць маёмасць.
Валадар правасудзьдзем умацоўвае зямлю, а чалавек, які [любіць] дары, руйнуе яе.
Цар у справядлівасці ўзвышае дзяржаву; чалавек, што прымае падарункі, разбурыць яе.
Чалавек, які лісьлівіць бліжняму свайму, стаўляе сетку нагам ягоным.
Хто ліслівіць падманна блізкаму, ставіць сіло на ногі яго.
У злачынстве ліхога чалавека пастка [для яго], а праведнік сьпявае і радуецца.
У граху несправядлівы чалавек захопліваецца пасткай, а справядлівы ўзрадуецца і ўзвесяліцца.
Праведнік ведае справу ўбогіх, а бязбожнік і ня думае ведаць [яе].
Справядлівы ведае справу бедных, а бязбожнік не мае ведаў.
Блюзьнеры ўзбураюць горад, а мудрыя ўтаймоўваюць гнеў.
Людзі небяспечныя горад раз’ядноўваюць, а мудрыя — утаймоўваюць абурэнне.
Мудры чалавек, судзячыся з неразумным, і злуецца, і сьмяецца, і ня мае спакою.
Мудры чалавек, калі паспрачаецца ў судзе з бязглуздым, — хай гневаецца ён, хай смяецца, — не знойдзе супакою.
Людзі крывавыя ненавідзяць беззаганнага, а правыя дбаюць пра душу ягоную.
Крыважэрныя ненавідзяць чыстасардэчнага; а справядлівыя рупяцца пра жыццё яго.
Дурань выяўляе ўвесь свой дух, а мудры затрымлівае яго на пазьней.
Бязглузды выяўляе ўвесь свой гнеў, а мудры ўціхамірвае яго развіццё.
Калі пан зважае на словы фальшывыя, тады бязбожныя ўсе, што служаць яму.
Кіраўнік, калі ахвотна слухае словы маны, мае ўсіх слуг — бязбожнікаў.
Бядак і прыгнятальнік сустракаюцца, сьвятло вачам іх абодвух дае ГОСПАД.
Бедны сустракаецца з прыгнятальнікам, а Госпад дае святло для вачэй абаіх.
Валадар, які судзіць убогіх паводле праўды, умацуе пасад свой на вякі.
Цар, што па праўдзе судзіць бедных, — пасад яго будзе ўмацаваны назаўсёды.
Дубец і дакор даюць мудрасьць, а дзіцё, пакінутае [само сабе], — сорам для маці яго.
Дубец і выкрыванне даюць мудрасць; а юнак, які пакідаецца на сваю волю, асаромлівае маці сваю.
Калі памнажаюцца бязбожнікі, памнажаюцца злачынствы, але праведнікі ўбачаць падзеньне іх.
У мностве бязбожнікаў будуць множыцца злачынствы, і справядлівыя ўбачаць іх пагібель.
Карай сына твайго, і ён дасьць табе супачыць, і дасьць асалоду для душы тваёй.
Навучай свайго сына: ён і супакоіць цябе, і дасць асалоду душы тваёй.
Без [прароцкага] відзежу народ неакелзаны, а хто захоўвае закон, той шчасьлівы.
Калі не хапае зроку, народ будзе раз’яднаны; шчасны, хто беражэ законнасць.
Словамі ня будзе настаўлены слуга, бо хоць зразумее, але ня дасьць адказу.
Словамі не можа быць навучаны слуга, бо разумее і пагарджае адказам.
Ці бачыў ты чалавека, хуткага на словы? На дурня большая надзея, чым на такога.
Бачыў ты чалавека спрытнага ў размове? Неразумны будзе мець надзею больш за яго.
Калі з маленства песьціць слугу свайго, урэшце, той станецца гаспадаром.
Хто гадуе з дзяцінства слугу свайго ў раскошы — потым ён зведае яго свавольным.
Гняўлівы чалавек усчынае звадку, а раз’юшаны [ўчыняе] багата правінаў.
Гняўлівы чалавек узбуджае сваркі, а той, хто ахвочы на гнеў, будзе болей схільны да граху.
Пыха чалавека прыніжае яго, а пакорлівы духам здабудзе славу.
Пыхлівасць чалавека панізіць яго, а пакорлівы духам здабудзе славу.
Хто супольнічае са злодзеем, ненавідзіць душу сваю, ён чуе праклёны, але не выяўляе [гэтага].
Хто дзеліцца са злодзеем — ненавідзіць душу сваю, ён чуе ўпрошванне — і не выказвае гэтага.
Страх перад чалавекам стаўляе пастку, а хто спадзяецца на ГОСПАДА, будзе ў бясьпецы.
Страх перад чалавекам ставіць пастку, а хто ўскладае надзею на Госпада — будзе падтрыманы.
Шмат хто шукае аблічча пана, але ГОСПАД судзіць чалавека.
Многія шукаюць прыхільнасці кіраўніка, а суд для кожнага паходзіць ад Госпада.
Агіда для праведнікаў — чалавек беззаконны, а для бязбожніка агідны той, што [ідзе] простым шляхам.
Справядлівыя грэбуюць бязбожным чалавекам; а бязбожнікі грэбуюць тымі, хто на вернай дарозе.