Эклезіяста 2 разьдзел
Кніга Эклезіяста, альбо Прапаведніка
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2012
Сказаў я ў сэрцы маім: “Вось жа цяпер паспрабую радасьць і пагляджу на тое, што добрае”, але гэта таксама марнасьць.
Сказаў я ў сэрцы маім: «Прыходзь, я выпрабую цябе радасцю: атрымай асалоду ад даброт»; і вось — гэта таксама марнасць.
Пра сьмех сказаў я: “Шаленства!”, і пра радасьць: “Што яна зробіць?”
Пра смех сказаў я: «Вар’яцтва!», і пра весялосць: «Што за карысць?»
Вырашыў я ў сэрцы маім дазволіць целу майму віно, але каб сэрца маё кіравалася мудрасьцю, і трымацца глупоты, аж пакуль ня ўбачу, што добра для сыноў чалавечых, каб рабіць пад сонцам у палічаных днях жыцьця свайго.
Вырашыў я ў сэрцы сваім прывабліваць цела сваё віном, хоць сэрца маё кіравалася мудрасцю, і аддацца дурноце, аж пакуль не ўбачу, што ёсць карыснае для сыноў чалавечых, што належыць ім рабіць пад сонцам у нямногія дні жыцця свайго.
Я павялічыў справы свае: пабудаваў сабе дамы і пасадзіў для сябе вінаграднікі,
Уславіў справы мае: набудаваў сабе дамоў і насадзіў вінаграднікі,
залажыў для сябе сады і гаі, і пасадзіў у іх усялякіх дрэваў пладовых,
стварыў агароды і фруктовыя сады, і развёў у іх разнастайныя дрэвы пладовыя,
і зрабіў сабе сажалкі з вадою, каб напойваць лес, у якім растуць дрэвы.
і зрабіў сабе вадаёмы для арашэння гаю, багатага на дрэвы.
Я набыў нявольнікаў і нявольніц, і чэлядзь была ў мяне, таксама статкі валоў і чароды авечак былі ў мяне большыя, чым у-ва ўсіх, што былі раней за мяне ў Ерусаліме.
Набыў я нявольнікаў і нявольніц і меў прыслужнікаў мноства, меў шмат жывёлы і вялікія статкі авечак, большыя за ўсе, што былі ў Ерузаліме да мяне.
Я назьбіраў сабе таксама срэбра і золата, і каштоўнасьці валадароў і акругаў; завёў сьпевакоў і сьпявачак, і асалоду сыноў чалавечых, мноства наложніцаў.
Назбіраў сабе таксама срэбра і золата, і багацці цароў і краёў; прыдбаў сабе спевакоў і спявачак, і асалоды сыноў чалавечых, розныя кубкі і чары, што прызначаны для налівання віна.
І зрабіўся я вялікшым і заможнейшым за ўсіх, якія былі раней за мяне ў Ерусаліме; а мудрасьць мая была са мною.
І ўзвысіўся я, пераўзышоў усіх, хто былі да мяне ў Ерузаліме; мудрасць жа мая засталася са мною.
І ўсё, чаго жадалі вочы мае, я не адмаўляў ім, і не забараняў сэрцу свайму ніякай радасьці, бо сэрца маё радавалася з усёй цяжкай працы маёй, і гэта была доля мая ў-ва ўсёй цяжкай працы маёй.
Ні ў чым, чаго жадалі вочы мае, не адмаўляў я ім, і не забараняў сэрцу свайму ніякай асалоды, і цешыўся з кожнай працы, і я вырашыў, што гэта — плата мая за ўсе клопаты мае.
І азірнуўся я на ўсе справы свае, якія зрабілі рукі мае, і на цяжкую працу маю, якую рабіў, працуючы, і вось, усё — марнасьць і пагоня за ветрам, і няма карысьці з гэтага пад сонцам.
І калі азірнуўся я на ўсе справы, што ўчынілі рукі мае, і на тыя працы, на якіх я ўлягаў, і вось — ва ўсім марнасць і засмучанасць духа, і ніякай карысці пад сонцам.
І азірнуўся я, каб паглядзець на мудрасьць, і шаленства, і глупоту, бо што можа зрабіць чалавек, які прыйдзе пасьля валадара, звыш таго, што раней рабілася.
Абярнуўся я, каб прыгледзецца да мудрасці і безразважнасці, і да глупства: «Што зробіць, кажу, чалавек, які прыйдзе пасля цара? Тое, што і раней рабілі».
І ўбачыў я, што з мудрасьці большая карысьць, чым з глупоты, падобна як карысьць са сьвятла большая, чым з цемры.
І ўбачыў я, што мудрасць настолькі перавышае глупства, наколькі святло перавышае цемру.
Мудры [мае] вочы свае ў галаве сваёй, а дурань ходзіць у цемры. І пазнаў я таксама, што тая самая доля спаткае іх усіх.
«Мудры мае вочы ў галаве сваёй, а дурны ходзіць у цемры»; і пазнаў я, што адзін і той самы канец у кожнага.
І сказаў я ў сэрцы маім: “Калі адна доля будзе для мяне і для дурня, навошта мне вялікая мудрасьць?” І сказаў я ў сэрцы маім: “Гэта таксама марнасьць”.
Дык сказаў я ў сэрцы маім: «Калі аднолькавы канец будзе для мяне і для дурнога, то якая мне карысць з таго, што я больш дбаў пра мудрасць?»
Бо ня будзе на вякі памяці пра мудрага, як і пра дурня. Тое, што цяпер ёсьць, у дні наступныя ўсё забудзецца, і мудры памірае гэтак сама, як і дурань.
Бо не будзе вечнай памяці па мудрым таксама, як і па дурню, бо ў будучым часе ўсё аднолькава пакрыецца забыццём: вучоны памірае так, як і невук.
І зьненавідзеў я жыцьцё, бо ліхімі былі для мяне справы, што робяцца пад сонцам; бо ўсё — марнасьць і пагоня за ветрам.
Дзеля таго абрыдла жыццё маё мне, бо ліхое для мяне ўсё, што адбываецца пад сонцам; бо ўсё марнасць і турбаванне духа.
І зьненавідзеў я ўсю цяжкую працу маю, якой працаваў пад сонцам, якую мушу пакінуць чалавеку, які будзе пасьля мяне.
Зненавідзеў я здабытак мой пад сонцам, які я мушу пакінуць чалавеку, які будзе пасля мяне.
І хто ведае, ці мудрым ён будзе, ці неразумным? А ён будзе панаваць над [пладамі] ўсёй цяжкай працы маёй, дзеля якіх я працаваў і якія мудрасьцю зьбіраў пад сонцам. І гэта таксама марнасьць.
І хто ведае, ці мудры ён будзе, ці дурны? А ён будзе валодаць плёнам працы маёй, на якой я ўлягаў і заклапочаны быў пад сонцам. І гэта таксама марнасць.
І павярнуўся я, каб адцурацца сэрцу майму ад усёй цяжкай працы, якой я працаваў пад сонцам.
Адвярнуўся я, сеючы агіду ў сэрцы маім да ўсёй працы, у якой працаваў я пад сонцам.
Бо ёсьць так, што чалавек, які працуе з мудрасьцю, і з веданьнем, і пасьпяхова, аддае набытак свой чалавеку, які не працаваў над гэтым. І гэта таксама марнасьць і вялікае зло.
Бо ёсць той, хто працуе з мудрасцю, з навукаю і з пільнасцю, і аддае ён долю сваю чалавеку, які не будзе працаваць; і гэта, насамрэч, марнасць і вялікае ліха.
Бо што будзе мець чалавек з усёй цяжкай працы сваёй і турбаваньняў сэрца свайго, якімі ён спрацаваны пад сонцам?
Бо што за карысць чалавеку з усёй працы яго і турбавання сэрца, у якім ён працаваў пад сонцам?
Бо ўсе дні ягоныя — боль, і занятак ягоны — смутак, нават уначы не адпачывае сэрца ягонае. І гэта таксама марнасьць.
Бо ўсе дні яго — пакуты, а праца яго — турбота, нават ноччу сэрца яго не адпачывае; і гэта таксама марнасць.
Няма нічога лепшага чалавеку, як есьці і піць, і даваць душы сваёй [карыстацца] дабром цяжкай працы сваёй. Таксама ўбачыў я, што гэта з рукі Божай [паходзіць].
Няма нічога лепшага для чалавека, як есці і піць і прапаноўваць душы сваёй даброты працы сваёй. А гэта, бачыў я, з рукі Божай паходзіць.
Бо хто еў і хто пасьпяшаўся [мець усё] так, як я?
Бо хто есць і мае дастаткова асалодаў без Яго?
Бо чалавеку, які добры перад абліччам Ягоным, Ён дае мудрасьць, і веданьне, і радасьць, а грэшніку дае занятак, каб зьбіраў, і назапашваў, і [потым] аддаў таму, хто добры перад абліччам Божым. І гэта таксама марнасьць і пагоня за ветрам.
Бо чалавеку добраму перад Ім дае Ён мудрасць, і веданне, і радасць; а грэшніку дае Ён турбаванне: збіраць і накопліваць, каб перадаць таму, які падабаецца Богу; але і гэта марнасць і турбаванне духа.