Быццё 41 разьдзел

Быццё
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Аляксандара Надсана

 
 

Праз два гады фараон бачыў сон. Здавалася яму, што стаіць ён над ракой,
 

з якой выйшла сем кароў прыгожых і сытых, і яны пасвіліся на балоцістым поплаве.
 

Таксама іншых сем кароў, брыдкіх і худых, выйшлі за імі з ракі і сталі на самым беразе ракі.
 

І пажэрлі яны сем прыгожых і сытых кароў. І прачнуўся фараон,
 

ды зноў задрамаў і ўбачыў другі сон. На адным сцябле вырасла сем каласоў поўных і прыгожых.
 

І столькі ж з’явілася іншых каласоў, пустых і знішчаных сухім ветрам,
 

і яны знішчылі ўсю папярэднюю прыгажосць. Фараон абудзіўся і [зразумеў, што гэта] сон.
 

І, з надыходам раніцы, устрывожаны, паслаў ён па ўсіх варажбітоў егіпецкіх і па ўсіх мудрацоў сваіх. І калі яны сабраліся, расказаў сон, але не было нікога, хто б вытлумачыў.
 

Тады нарэшце загадчык чарнікаў прыпомніў і сказаў: «Прызнаюся ў граху сваім.
 

Цар, разгневаны на паслугачоў сваіх, загадаў пасадзіць пад варту ў дом начальніка целаахоўнікаў мяне і загадчыка пекараў.
 

Там у адну з начэй мы абодва бачылі сон, прадказанне будучыні.
 

І быў там юнак гебрай, раб таго самага начальніка варты, якому мы расказалі сны.
 

Тое, што мы пачулі, пацвердзіў пазнейшы зыход падзей. Я вернуты да свайго абавязку, а ён павешаны на шыбеніцы».
 

Хутка па загадзе цара быў з вязніцы прыведзены Язэп. Яго падстрыглі, змянілі адзежу і прадставілі яму.
 

Той кажа Язэпу: «Бачыў я сон, і няма нікога, хто б яго разгадаў. Чуў, што ты іх тлумачыш вельмі мудра».
 

Язэп адказаў: «Не я, але Бог дасць адказ фараону на дабро!»
 

І фараон расказаў, што бачыў: «Здавалася мне, што я стаю на беразе ракі,
 

і выйшлі з ракі сем кароў прыгожых з выгляду і сытых целам, і на балотным поплаве шчыпалі зеляніну.
 

І вось жа, па гэтых выйшлі іншыя сем кароў, і настолькі агідных і худых, што я ў зямлі Егіпецкай такіх ніколі не бачыў,
 

і яны, зжэршы і паглынуўшы першых,
 

ніколькі не пасыцелі, але заставаліся гэткімі ж самымі худымі і брыдкімі. Я прабудзіўся і, зноў сном замораны,
 

бачыў сон: вырасла сем каласоў на адным сцябле, поўных і вельмі прыгожых.
 

Але іншыя, таксама сем, пустых і знішчаных сухім ветрам, з’явіліся са сцябла.
 

Яны праглынулі прыгажосць тых першых. Расказаў я сон варажбітам, і няма нікога, хто б разгадаў».
 

Язэп сказаў: «Сон цара адзін. Што мае стацца, — Бог аб’явіў фараону.
 

Сем кароў прыгожых і сем каласоў поўных — гэта сем гадоў ураджайных: адно і тое ж значэнне сну выражаюць.
 

А сем кароў худых і брыдкіх, якія выйшлі за тымі, і сем каласоў пустых і знішчаных сухім ветрам — гэта сем гадоў будучага голаду,
 

якія ў такім парадку надыдуць.
 

Вось жа, пачынаецца сем гадоў надзвычай ураджайных ва ўсёй зямлі Егіпта,
 

па якіх наступяць сем гадоў такога голаду страшнага, што ў няпамяць пойдзе ўся папярэдняя шчодрасць. І ахопіць голад усю зямлю,
 

і вялікая ўраджайнасць заменіцца вялікай нястачай.
 

А калі ты бачыў другі раз сон, які датычыўся той самай справы, гэта ёсць моцным доказам, што тое, што Бог сказаў, у хуткім часе Богам будзе споўнена.
 

Дык хай цяпер прадбачыць валадар разумнага і мудрага чалавека і паставіць яго над зямлёй Егіпецкай.
 

І хай паставіць ён наглядчыкаў на ўсе правінцыі, і пятую частку ўраджаю на працягу сямі гадоў урадлівасці,
 

якія ўжо цяпер надыдуць, збірае ў гумны. Хай усё збожжа пад уладай фараона збіраецца і захоўваецца ў гарадах.
 

І хай прыгатуюцца гэтыя запасы для будучых сямі гадоў голаду, які прыцісне Егіпет, і не загіне зямля ў нястачы».
 

І спадабалася парада фараону і ўсім яго паслугачам.
 

І ён сказаў ім: «Ці ж зможам мы знайсці такога чалавека, які быў бы поўны Духу Божага?»
 

І сказаў ён Язэпу: «Калі табе Бог аб’явіў усё, што ты сказаў, то ці змагу знайсці мудрэйшага, падобнага да цябе?
 

Ты будзеш над маім домам, і загаду вуснаў тваіх паслухаецца ўвесь мой народ. Адно толькі: дастойнасцю царскай буду перавышаць цябе».
 

І сказаў яшчэ фараон Язэпу: «Вось, я ўстанаўляю цябе над усёй зямлёй Егіпта».
 

І зняў фараон свой пярсцёнак з пальца і ўздзеў яго на палец Язэпа, і загадаў апрануць яго ў шаты з найчысцейшага лёну, і павесіў яму на шыю залаты ланцуг.
 

І загадаў вазіць яго на другой сваёй павозцы і клікаць перад ім: «Абрэк!», і каб усе перад ім укленчвалі і ведалі, што ён правіцель над усёй Егіпецкай зямлёй.
 

І сказаў цар Язэпу: «Я — фараон. Без твайго загаду ніхто не паварухне рукой або нагой ва ўсёй зямлі Егіпта».
 

І змяніў імя яго, і назваў яго на мове егіпецкай: Сапанэт-Панэкa, і даў яму за жонку Асэнат, дачку Патыфэра, святара Геліяпольскага. І так Язэп узвысіўся над усёй зямлёй Егіпецкай —
 

а меў ён трыццаць гадоў, калі стаў перад абліччам цара-фараона, і аб’ехаў ён усе правінцыі Егіпта.
 

І надышла ўрадлівасць на працягу сямі гадоў, і сабраў ён хлеб у гумны ў Егіпце,
 

назапашваючы ў кожным горадзе збожжа з навакольных палёў.
 

І быў такі дастатак пшаніцы, што можна было прыпадобніць да пяску марскога, так што ён перавышаў меру.
 

І нарадзіліся Язэпу два сыны перад тым, як настаў голад, якіх яму нарадзіла Асэнат, дачка Патыфэра, святара Геліяпольскага.
 

І даў ён першароднаму імя Манаса, кажучы: «Даў мне Бог забыцца пра ўсе цяжкасці мае і пра дом бацькі майго».
 

А другога назваў імем Эфраім, бо казаў: «Даў мне Бог расці ў зямлі нядолі маёй».
 

Вось, калі прайшлі сем гадоў ураджайных, якія былі ў Егіпце,
 

пачалі надыходзіць сем гадоў нястачы, якія прадказаў Язэп, і на ўсім свеце запанаваў голад. Ва ўсёй жа зямлі Егіпецкай быў хлеб.
 

Калі ж і ў ёй настаў голад, увесь народ звярнуўся да фараона, просячы ежы. Ён жа ім адказаў: «Ідзіце да Язэпа і, што вам скажа, рабіце».
 

І запанаваў голад ва ўсёй зямлі Егіпта; Язэп адкрыў усе гумны і прадаваў [хлеб] егіпцянам, бо і іх прыціскаў голад.
 

І ўсе жыхары прылеглых земляў прыбывалі ў Егіпет, каб купіць харчоў у Язэпа, бо голад лютаваў па ўсёй зямлі.