1 да Карынфянаў 12 разьдзел
Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Праваслаўнай Царквы
Не хачу пакідаць вас, браты, каб ня ведалі вы і пра дары духоўныя.
А што да духоўных дароў, браты, я не хачу, каб вы засталíся ў няве́данні.
Ведаеце, што, калі вы былі язычнікамі, дык хадзілі да безгалосых ідалаў — так, быццам вялі вас.
Ведаеце, што, калі вы былі язычнікамі, то да ідалаў нямых хадзілі, быццам хто вёў вас.
Таму маўляю вам, што ніхто, гаворачы ў Духу Божым, ня вымавіць анафэмы на Ісуса, і ніхто ня можа назваць Ісуса Госпадам, як толькі ў Духу Сьвятым.
Таму даво́джу вам, што ніхто, у Духу Божым гаворачы, не прамаўляе ана́фемы на Іісуса, і ніхто не можа назваць Іісуса Госпадам, як толькі ў Духу Святым.
Дары ёсьць розныя, а Дух адзін і той самы;
Розныя ёсць дары́, а Дух — той самы;
і служэньні розныя, а Гасподзь адзін і той самы;
і розныя служэ́нні, а Гасподзь — той самы;
і дзеяньні розныя, а Бог адзін і той самы, Які дзее ўсё ва ўсіх.
і розныя дзе́янні, а Бог — той самы, Які здзяйсня́е ўсё ва ўсіх.
Але кожнаму даецца выяўленьне Духа на карысьць:
Але кожнаму даецца праяўле́нне Духа на карысць:
аднаму даецца Духам слова мудрасьці, другому слова веданьня, тым самым Духам;
аднаму даецца Духам слова мудрасці, другому — слова ведаў, тым самым Духам;
іншаму вера, тым самым Духам; іншаму дар ацаленьня, тым самым Духам;
іншаму — вера, тым самым Духам; іншаму — дары ацаленняў, тым самым Духам;
іншаму цудадзействы, іншаму прароцтва, іншаму распазнаньне духаў, іншаму розныя мовы, іншаму тлумачэньне моваў.
іншаму — цудатварэ́нні, іншаму — прароцтва, іншаму — распазнаванне духаў, іншаму — розныя мовы, іншаму — тлумачэнне моў.
А ўсё гэта дзее адзін і той самы Дух, надзяляючы кожнага асобна, як Яму заўгодна.
Усё гэта здзяйсня́е адзін і той самы Дух, раздаючы́ кожнаму асобна, як Ён жадае.
Бо, як цела адно, але мае многа чэлесаў, і ўсе чэлесы аднаго цела, хоць іх многа, складаюць адно цела, — так і Хрыстос.
Бо як цела адно, але ма́е многа членаў, і ўсе члены аднаго цела, хоць іх і многа, з’яўляюцца адным целам, — так і Хрыстос.
Бо ўсе мы адным Духам хрысьціліся ў адно цела, Юдэі альбо Эліны, рабы альбо вольнікі, і ўсе напоены адным Духам.
Бо ўсе мы адным Духам ахры́шчаны ў адно цела: ці то Іудзеі, ці Эліны, ці рабы, ці свабодныя, і ўсе адным Духам напо́ены.
А цела не з аднаго чэлеса, а з многіх.
Цела ж не з аднаго члена, а з многіх.
Калі нага кажа: я не належу да цела, бо я ня рука, дык няўжо яна таму не належыць да цела?
Калі нага скажа: «я не належу да цела, бо я не рука», то няўжо яна з-за гэтага не належыць да цела?
І калі вуха скажа: я не належу да цела, бо я ня вока, дык няўжо яно таму не належыць да цела?
І калі вуха скажа: «я не належу да цела, бо я не вока», то няўжо яно з-за гэтага не належыць да цела?
Калі ўсё цела — вока, дык дзе слых? Калі ўсё — слых, дык дзе нюх?
Калі ўсё цела — вока, то дзе слых? Калі ўсё — слых, то дзе нюх?
Бог разьмеркаваў чэлесы, кожнаму ў целе, як Яму было заўгодна.
Але Бог змясціў члены, кожны з іх, у целе, як Ён пажадаў.
А калі б усе былі адным чэлесам, дык дзе было б цела?
А калі б усе былі адным членам, то дзе цела?
А цяпер чэлесаў многа, а цела адно.
Дык вось, членаў многа, а цела адно.
Ня можа вока сказаць руцэ: ты мне не патрэбная; альбо ж таксама галава нагам: вы мне не патрэбныя.
Не можа вока сказаць руцэ: «ты мне не патрэбна»; альбо таксама галава нагам: «вы мне не патрэбны».
Наадварот, чэлесы цела, якія здаюцца слабейшымі, намнога больш патрэбныя,
Наадварот, члены цела, якія здаюцца слабейшымі, значна больш патрэбныя,
і якія нам здаюцца меней высакароднымі ў целе, іх мы якраз і атачаем найбольшым дбаньнем;
і тым, якія здаюцца нам менш пава́жнымі ў целе, мы ўдзяляем больш увагі;
і няпрыстойныя нашыя чэлесы патрабуюць асаблівага ўпрыстойваньня, а прыстойныя нашыя чэлесы ня маюць патрэбы ў гэтым. Але Бог так суразьмерыў цела, што менш дасканаламу чэлесу наказаў большае дбаньне,
і непрыстойным нашым больш добрапрыстойны выгляд надаём, а добрапрыстойныя нашы не маюць у гэтым патрэбы. Але Бог так склаў цела, што менш дасканаламу надаў больш увагі,
каб ня было падзелу ў целе, а ўсе чэлесы аднолькава рупіліся адзін пра аднаго.
каб не было раздзялення ў целе, а члены аднолькава клапаціліся адзін пра аднаго.
Таму, калі пакутуе адзін чэлес, пакутуюць разам зь ім усе чэлесы; славіцца адзін чэлес, зь ім радуюцца ўсе чэлесы.
Таму, калі пакутуе адзін член, то з ім пакутуюць усе члены; і калі славіцца адзін член, то з ім радуюцца ўсе члены.
І вы — цела Хрыстовае, а паасобку — чэлесы.
І вы — цела Хрыстова, а паасобку — члены.
І адных Бог паставіў у Царкве, па-першае, апосталамі, па-другое, прарокамі, па-трэйцяе, настаўнікамі; далей адным даў сілу цудадзейную, таксама дары ацаленьня, дапамогі, кіраваньня, розныя мовы.
І адных Бог паставіў у Царкве, па-першае, Апосталамі, па-другое, прарокамі, па-трэцяе, настаўнікамі; затым, іншым даў сілы цудатварэння, затым, дары ацаленняў, дапамогі, кіравання, розныя мовы.
Ці ўсе апосталы? ці ўсе прарокі? ці ўсе настаўнікі? ці ўсе цудадзеі?
Хіба ўсе Апосталы? хіба ўсе прарокі? хіба ўсе цудатворцы?
ці ўсе маюць дар ацаленьня? ці ўсе гавораць мовамі? ці ўсе тлумачаць?
хіба ўсе маюць дары ацаленняў? хіба ўсе гавораць мовамí хіба ўсе могуць тлумачыць іх?
Дбайце пра дары большыя, і я пакажу вам шлях яшчэ лепшы.
Імкнíцеся да дароў бо́льшых, і я пакажу вам шлях яшчэ даскана́лейшы.