Міхея 2 разьдзел

Кніга прарока Міхея
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Гора тым, якія намышляюць беззаконьне і на ложках сваіх прыдумваюць зладзействы, якія ўчыняюць раніцай на сьвітаньні, бо ёсьць у руцэ ў іх сіла!
 
Бяда тым, што думаюць празь бяспраўе і выдумляюць ліха на ложках сваіх, а золкам нараніцы дойсьняць, бо гэта ў моцы рук іхных.

Захочуць палёў, і бяруць іх сілаю, дамоў — і адбіраюць іх; абіраюць чалавека і яго дом, мужа і яго спадчыну.
 
І зажадаюць палёў, і забіраюць іх усілствам, і дамоў — і адбіраюць іх; яны ўціскаюць людзіну а дом ейны, людзіну а спадак ейны.

Таму так кажа Гасподзь: вось, я намышляю навесьці на гэты род такое бедства, якога вы ня скінеце з шыі вашай, і ня будзеце хадзіць выпрастаўшыся; бо гэта час ліхі.
 
Затым гэтак кажа СПАДАР: «Вось, я задумляю на гэтую радзіму ліха, ад каторага вы ня выймеце шыяў вашых ані будзеце хадзіць пыхата, бо гэта час благі.

У той дзень скажуць пра вас прытчу, і будуць плакаць горкімі сьлязьмі і казаць: «мы зусім спустошаныя! доля народу майго аддадзена іншым; як вернецца да мяне! палі нашыя ўжо разьдзелены іншапляменцамі».
 
Таго дня складуць прыпавесьць праз вас, і галасьлівым галашэньням будзе сказана: "Мы чыста аглабаны; адмяніў дзель люду майго; як адцяў яе ад мяне! забраўшы, падзяліў полі нашы".

Таму ня будзе ў цябе нікога, хто кінуў бы жэрабя для вымярэньня на сходзе перад Госпадам.
 
Затым ня будуць у цябе паварозам кідаць на жэрабя ў збору СПАДАРОВЫМ.

Не прарочце, прарокі; не прарочце ім, каб не спасьцігла вас няслава.
 
"Не кажыце казані", а яны кажуць: "Не кажыце тым казані, каб аддаліўся сорам".

О, той, хто называе сябе домам Якава! Хіба ж паменшыўся дух Гасподні? ці такія дзеяньні Яго? ці не дабратворныя словы мае таму, хто дзее справядліва?
 
О, менаваны доме Якаваў! нягож скараціўся Дух СПАДАРОЎ? ці гэта ўчынкі Ягоныя? ці ня словы Мае робяць дабро таму, што ходзе пасьціва?

А народ, які быў раней Маім, паўстаў як вораг, і вы адбіраеце як верхнюю так і споднюю вопратку ў тых, што праходзяць мірна, хто адварочваецца ад вайны.
 
Нават учорах люд Мой паўстаў як непрыяцель, і вы адбіраеце вопратку з адзежаю ў тых, што пераходзяць бясьпечна, як людзі, што зварачаюцца з вайны.

Жанчын народу Майго вы выганяеце з прыёмных дамоў іхніх; у дзяцей іхніх вы назаўсёды адбіраеце акрасу Маю.
 
Жанкі люду Майго вы выганяеце з прыемных дамоў іхных, ад бязьлетак іхных адбіраеце славу Маю на векі.

Устаньце і адыдзеце, бо краіна гэтая ня ёсьць месца спакою; за нячыстасьць яна будзе спустошана і пры тым жорсткім спусташэньнем.
 
Устаньце й адыйдзіце, бо гэта месца неўпакою, бо яно сплюгаўлена, яно будзе зьнішчана супоўным зьнішчэньням.

Калі б які-небудзь ветрагон выдумаў ману і сказаў: «я буду прапаведаваць табе пра віно і сікеру», дык ён і быў бы заўгодным прапаведнікам гэтаму народу.
 
Калі б які шувеіна а манюка брахаў: "Я буду казаць празь віно а хмельны напітак", ён нават быў бы казаньнікам гэтаму люду.

Абавязкова зьбяру ўсяго цябе, Якаве, абавязкова злучу рэшткі Ізраіля, спалучу іх у адно, як авечак у Васоры, як статак у авечай кашары; зашумяць яны ад шматлюдства.
 
Я канечне зьбяру ўсяго цябе, Якаве, канечне зьбяру астачу Ізраеля, пастанаўлю іх разам, як авечкі ў Воцры, як чараду ў хлеве яе; яны ўчыняць вялікі гом з прычыны людзёў.

Перад імі пойдзе разбуральнік муроў; яны зьнішчаць перашкоды, увойдуць праз браму і выйдуць празь яе, і цар іхні пойдзе перад імі, а на чале іх — Гасподзь.
 
Узыйдзе сьценалом перад імі; яны зломяць і пойдуць пераз браму, і выйдуць ізь яе, і кароль пойдзе перад імі, і СПАДАР на чале іх».