Найвышэйшая песьня 2 разьдзел
Найвышэйшая песьня Саламонава
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2012
Я рожа шаронская, ліля далінаў!
«Я — нарцыс Сарона і лілея далін».
Як ліля меж церняў, так прыяцелка мая меж дачок.
«Бы лілея між цернямі, так сяброўка мая між дочкамі».
Як яблына меж лесавых дзерваў, так любовы мой мяж сыноў. Сьценю яе я жадаю й сяджу, і садавіна яе салодкая паднябеньню майму.
«Як яблыня сярод лясных дрэў, так улюбёны мой сярод сыноў. У засені яго, якой жадала, я прысела, і плод яго салодкі паднябенню майму.
Ён прывёў мяне да віннога дому, і сьцяг ягоны над імною — любосьць.
Увёў ён мяне ў пакой застолля, а сцяг яго нада мною — любоў.
Паддзяржыце мяне віннымі пернікамі, пасіліце мяне яблыкамі; бо я хворая зь любосьці.
Спасільце мяне пірагамі з разынкамі, назбірайце мне яблыкаў, бо я млею ад кахання.
Лявіца ягоная пад галавою ў мяне, а правіца ягоная абыймае мяне.
Лявіца яго пад галавою маёй, а правіца яго абдымае мяне».
Заклінаю вас, дачкі ерузалімскія, сэрнамі й палявымі ланямі: не чапайце ані будзіце каханага, пакуль ён ня зыча.
«Заклінаю вас, дочкі Ерузаліма, сарнамі і палявымі ланямі: не будзіце і не падымайце ад сну ўлюбёнай, аж пакуль сама не захоча».
Голас любовага майго: вось, ён ідзець, падскакуючы па горах, гайсаючы па ўзгорках.
«Голас улюбёнага майго! Вось, ён падыходзіць, скача па гарах, перабягае ўзгоркі.
Падобны любовы мой да сэрны альбо да аленяняці. Вось, ён стаіць за сьцяною нашаю, заглядае ў вокны, цяміцца пераз краты.
Улюбёны мой падобны да сарны, да маладога аленя. Вось, стаіць ён за нашаю сцяною, глядзіць праз акно, зазірае праз краты.
Адказаў любовы мой і сказаў імне: «Устань, прыяцелька мая, харашуха мая, і выйдзі;
Вось, мілы мой гаворыць да мяне: “Уставай, сяброўка мая, галубка мая, зграбная мая, і прыходзь.
Бо, вось, зіма мінула, дождж перастаў, перайшоў;
Бо ўжо зіма прайшла, дождж спыніўся і перастаў.
Кветкі паказаліся на зямлі; пара пяцьця настала, і голас галубы чуваць у зямлі нашай;
З’явіліся ўжо краскі на зямлі, час абразання вінаграду настаў; і ўжо голас туркаўкі чуваць у нашай зямлі.
На фізе сьпеюць раньнія фіґі, і пахнуць расквілыя вінныя розкі. Устань, прыяцелка мая, харашуха мая, і выйдзі.
Фігавае дрэўца выдала пупышкі свае, вінаград цвіце і разлівае водар: устань, сяброўка мая, харашуня мая, і прыходзь,
«Галуба мая ў раськепіне скалы, у схове стромкае скалы, пакажы імне від свой, дай імне пачуць голас свой, бо голас твой салодкі, і від твой харошы».
галубка мая, у расколіны скалы, у шчыліну цясніны. Пакажы мне аблічча тваё, хай гучыць твой голас у вушах маіх! Бо салодкі мне голас твой і выгляд твой прыемны”».
«Лавіце нам лісы, лісяняты, што псуюць вінішчы; а вінішчы нашы ў квеце».
«Злавіце нам лісаў, малых лісянят, якія вінаграднікі нішчаць, бо вінаграднікі нашы цвітуць».
Любовы мой, а я ягоная, ён пасьвіцца меж ліляў.
«Улюбёны мой для мяне, а я — для яго, які пасвіцца між лілеяў,
Пакуль дзень дыхае, і ўцякаюць сьцені, абярніся, любовы мой, і будзь, як сэрна, альбо аленянё на горах Беферскіх.
пакуль дзень набліжаецца і знікаюць цені. Вярніся! Будзь падобны, улюбёны мой, да сарны, да маладога аленя на гарах Бэтэр».