1 да Карынфянаў 14 разьдзел

Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

Імкніцеся да любові; і рупцеся пра [дары] духоўныя, асабліва пра тое, каб прарочыць.
 
Імкніцеся да любові, рупцеся пра духоўнае, асабліва пра тое, каб праракаваць.

Бо хто гаворыць [незнаёмай] моваю, той гаворыць ня людзям, але Богу; бо ніхто ня чуе, [як] ён тайны духам гаворыць.
 
Бо хто гаворыць мовамі, не людзям гаворыць, але Богу. Бо ніхто не чуе, а ён Духам гаворыць тайны.

А хто прарочыць, той гаворыць людзям на збудаваньне, і на заахвочваньне, і на пацяшэньне.
 
Той жа, хто праракуе, гаворыць людзям на настаўленне, і для заахвоты, і для суцяшэння.

Хто гаворыць [незнаёмай] моваю, збудоўвае сябе; а хто прарочыць, царкву збудоўвае.
 
Хто гаворыць мовамі, самога сябе настаўляе, а хто праракуе, царкву будуе.

Хачу, каб вы ўсе гаварылі мовамі, але больш, каб вы прарочылі, бо той, хто прарочыць, большы за таго, хто гаворыць мовамі, хіба што ён будзе і тлумачыць, каб царква атрымала збудаваньне.
 
Хачу, каб вы ўсе гаварылі мовамі, але лепш, каб праракавалі. Бо большы той, хто праракуе, чым той, што гаворыць мовамі, хіба што тлумачылі б, каб царква атрымала збудаванне.

Цяпер, як я прыйду да вас, браты, гаворачы мовамі, якая вам карысьць, калі ня буду гаварыць да вас ці з адкрыцьцём, ці з веданьнем, ці з прароцтвам, ці з навучаньнем?
 
Што вам, браты, з таго, каб я прыйшоў да вас і гаварыў мовамі, якую прынясу вам карысць, хіба што буду гаварыць да вас абвяшчэннем, або ведамі, або прароцтвам, або навукай.

Падобна і бяздушныя [рэчы], якія голас даюць, ці жалейка, ці гусьлі, калі не даюць разьдзельнасьці гукаў, як даведацца, што граюць на жалейцы ці граюць на гусьлях?
 
Бо і тыя, што без душы, голас падаюць: ці то жалейка, ці то гуслі; калі б яны не падавалі выразных гукаў, як можна было б тады адрозніць, ці гэта гук жалейкі, ці гусляў?

І калі труба будзе даваць невыразны голас, хто пачне рыхтавацца да бітвы?
 
Калі гэтак сурма [баявая] падасць невыразны гук, дык хто будзе рыхтавацца да бою?

Гэтак і вы, калі языком не вымавіце выразнае слова, як зразумеюць, што вы гаворыце? Бо вы будзеце гаварыць на вецер.
 
Так і з вамі, калі языком невыразна будзеце вымаўляць словы, дык хто можа зразумець, што вы гаворыце? Вы будзеце гаварыць на вецер!

Колькі, напрыклад, разнастайных моваў у сьвеце, і ніводнае бяз голасу.
 
Падумай, як многа розных моў на свеце? Але кожная не без голасу.

Дык калі я ня ведаю значэньня мовы, буду чужынцам для таго, хто гаворыць, і той, хто гаворыць, [будзе] для мяне чужынец.
 
Калі я, аднак, не буду разумець значэння слоў, дык буду для прамоўцы чужынцам, і прамоўца для мяне будзе чужынцам.

Гэтак і вы, калі рупіцеся пра [дары] духоўныя, шукайце, каб набываць іх дзеля збудаваньня царквы.
 
Таксама і вы, калі рупіцеся пра духоўнае, дык імкніцеся ўзбагачацца ім для пабудовы царквы.

Дзеля гэтага той, хто гаворыць [незнаёмай] моваю, няхай моліцца, каб тлумачыць.
 
Таму: хто гаворыць мовамі, хай моліцца, каб патлумачыць.

Бо, калі я малюся [незнаёмай] моваю, дух мой моліцца, а розум мой бяз плоду.
 
Калі я малюся мовамі, дух мой моліцца, але розум не мае карысці.

Дык што? Буду маліцца духам, буду маліцца і розумам; буду сьпяваць духам, буду сьпяваць і розумам.
 
Дык што рабіць? Буду маліцца духам, але таксама буду маліцца розумам; буду спяваць духам, буду спяваць і розумам.

Бо калі ты будзеш дабраслаўляць духам, як той, хто стаіць на месцы [чалавека] простага, скажа «Амэн» на тваю падзяку, бо ён ня ведае, што ты гаворыш.
 
Дарэчы, калі ты будзеш дабраслаўляць у духу, як жа на тваё дабраславенства скажа «Амін!» хтосьці просты, бо ён не разумее, што ты гаворыш?

Бо ты добра дзякуеш, але іншы не збудоўваецца.
 
Ты, праўда, прыгожа падзяку складаеш, але іншы не збудоўваецца.

Дзякую Богу майму, больш за ўсіх вас гаворачы мовамі,
 
Дзякую Богу, што я больш за вас усіх гавару мовамі.

але ў царкве хачу лепш сказаць пяць словаў розумам маім, каб і другіх навучыць, чым дзясяткі тысячаў словаў на [незнаёмай] мове.
 
Усё ж такі ў царкве хачу сказаць лепш пяць слоў сваім розумам, каб навучыць іншых, чым дзесяць тысяч слоў мовамі.

Браты! Ня будзьце дзецьмі розумам; на благое будзьце немаўлятамі, а розумам будзьце дасканалымі.
 
Браты! Не будзьце дзецьмі розумам, але будзьце немаўлятамі адносна зла, а розумам будзьце дарослымі.

У Законе напісана: «Іншымі мовамі і іншымі вуснамі буду гаварыць да народу гэтага, але і тады не паслухаюць Мяне, — кажа Госпад».
 
У законе напісана: «Буду прамаўляць да гэтага народа іншымі мовамі і вуснамі іншых, але яны і тады не паслухаюць Мяне», — кажа Госпад.

Так што мовы ёсьць на знак не для тых, якія вераць, але для бязьверных; а прароцтва не для бязьверных, але для тых, якія вераць.
 
Дык вось, мовы ёсць знак не для веруючых, але для бязверных; прароцтва ж не для бязверных, але для веруючых.

Дык калі ўся царква зыйдзецца разам, і ўсе будуць гаварыць мовамі, а ўвойдуць да вас [людзі] простыя ці бязьверныя, ці ня скажуць яны, што вы вар’яцееце?
 
Дык калі збярэцца ўся царква ды ўсе пачнуць гаварыць мовамі, а ў той час увойдуць неадукаваныя або бязверныя, ці ж не скажуць, што вы звар’яцелі?

А калі ўсе прарочаць, і ўвойдзе нейкі чалавек бязьверны ці просты, дык усімі ён дакараны, усімі суджаны,
 
А калі ўсе праракуюць, і ў той час прыйдзе якісьці бязверны або неадукаваны, дык будзе ён усімі дакараны, усімі суджаны,

і гэтак таямніцы сэрца ягонага выяўляюцца, і ён, упаўшы на аблічча, паклоніцца Богу, паведамляючы: «Праўдзіва, з вамі Бог!»
 
тайны яго сэрца адкрыюцца, і ён, упаўшы на твар, паклоніцца Богу, прызнаючы: «Сапраўды, Бог з вамі!»

Дык што, браты? Калі вы зыходзіцеся, кожны з вас мае псальм, мае навучаньне, мае [незнаёмую] мову, мае адкрыцьцё, мае тлумачэньне; усё няхай будзе на збудаваньне.
 
Дык што ж, браты? Калі збіраецеся разам, кожны з вас мае псальм, мае навуку, мае адкрыццё, мае мовы, мае тлумачэнне: усё гэта хай будзе на пабудову царквы.

Калі хто гаворыць [незнаёмай] моваю, [гаварыце] па двое ці, найбольш, па трое, і па чарзе, і адзін няхай тлумачыць.
 
Калі хто гаворыць мовамі, дык хай па чарзе двое, найбольш трое, а адзін хай тлумачыць.

А калі няма тлумача, няхай маўчыць у царкве, а гаворыць сабе і Богу.
 
А калі б не было тлумачальніка, дык хай маўчыць у царкве, але сам сабе гаворыць і Богу.

І прарокі няхай гавораць двое ці трое, а іншыя няхай разважаюць.
 
Прарокі хай прамаўляюць па двое або па трое, іншыя ж хай разважаюць.

А калі іншаму з тых, якія сядзяць, [нешта] адкрыецца, першы няхай маўчыць.
 
Калі ж каму іншаму з тых, што сядзяць, будзе дадзена аб’яўленне, дык хай першы замоўкне.

Бо ўсе адзін за адным можаце прарочыць, каб усе былі навучаныя і ўсе былі суцешаныя.
 
Такім спосабам можаце праракаваць усе, адзін за адным, каб усе вучыліся і ўсе былі ўсцешаны.

І духі прарочыя паслухмяныя прарокам,
 
І духі прарочыя паслухмяныя прарокам,

бо Бог ня ёсьць [Бог] бязладзьдзя, але супакою, як у-ва ўсіх цэрквах у сьвятых.
 
бо Бог не ёсць Бог бязладдзя, але супакою. Як гэта адбываецца ва ўсіх цэрквах у святых,

Жанчыны вашыя ў цэрквах няхай маўчаць; бо не дазволена ім гаварыць, але каб былі паслухмяныя, як і Закон кажа.
 
жанчыны ў цэрквах павінны маўчаць, бо не дазваляецца ім гаварыць, але няхай будуць пакорлівыя, як і закон кажа.

А калі хочуць нечаму навучыцца, няхай пытаюцца дома ў мужоў сваіх, бо сорамна жанчынам гаварыць у царкве.
 
Калі яны хочуць нечаму навучыцца, хай пытаюцца ў мужоў сваіх дома, бо сорамна жанчыне прамаўляць у царкве.

Ці ад вас выйшла слова Божае? Або ці да вас адных прыйшло?
 
Ці ж ад вас выйшла слова Божае? Або ці да вас толькі прыйшло?

Калі хто лічыць, што ён прарок ці духоўны, той няхай ведае, што тое, што я пішу вам, ёсьць прыказаньні Госпадавы.
 
Калі каму здаецца, што ён прарок або духоўны, дык хай ведае, што тое, што вам пішу, ёсць загад Госпадаў.

А калі хто ня разумее, няхай ня разумее.
 
А калі хто гэтага не прызнае, ён сам не будзе прызнаны.

Так што, браты, рупцеся, каб прарочыць, і не забараняйце гаварыць мовамі.
 
Так вось, браты мае, рупцеся пра дар праракавання ды не забараняйце прамаўляць на мовах.

Усё няхай будзе прыстойна і парадкам.
 
Ды хай усё адбываецца прыстойна і парадкам.