Лукаша 22 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Набліжа́лася свята праснако́ў, што называецца Пасхаю;
 
Бліжылася сьвята Праснакоў, званае Пасхаю.

і шукалі першасвятары́ і кніжнікі, як забіць Яго, бо яны баяліся народу.
 
І шукалі найвышшыя сьвятары а кніжнікі, як загубіць Яго, бо баяліся люду.

Увайшоў жа сатана ў Іуду, зва́нага Іскарыётам, аднаго з ліку двана́ццаці,
 
І ўвыйшоў шайтан у Юду, званага Іскарыёт, каторы быў зь ліку двананцацёх.

і ён, пайшоўшы, дамовіўся з першасвятара́мі і начальнікамі, як ён ім вы́дасць Яго.
 
І ён пайшоў, і гутарыў із найвышшымі сьвятарамі а ўраднікамі, як бы Яго ім выдаць.

І яны ўзра́даваліся і пагадзíліся даць яму срэ́бранікаў;
 
Яны ўзрадаваліся і згадзіліся даць яму грошы.

і ён абяцаў і шукаў наго́ды вы́даць Яго ім не пры народзе.
 
І ён згадзіўся зрабіць гэта, і шукаў прыгоднага часу выдаць Яго ім бяз гурбы.

Надышо́ў жа дзень праснако́ў, у які нале́жала прыно́сіць пасхальную ахвя́ру;
 
І настаў дзень Праснакоў, каторага мела быць зарэзана пасха.

і паслаў Ён Пятра і Іаана, сказаўшы: пайдзíце, прыгату́йце нам есці пасху.
 
І паслаў Пётру а Яана, кажучы: «Ідзіце й прыгатуйце есьці нам пасху».

Яны ж сказалі Яму: дзе хочаш, каб мы прыгатава́лі?
 
І яны сказалі Яму: «Ідзе хочаш, каб мы прыгатавалі?»

Ён сказаў ім: вось, калі вы будзеце ўвахо́дзіць у горад, то сустрэ́нецца вам чалавек, які будзе не́сці збан вады; ідзіце ўслед за ім у дом, у які ён уво́йдзе,
 
І сказаў Ён ім: «Вось, як вы ўвыйдзеце ў места, стрэнецца вам чалавек, нясучы жбан вады; ідзіце за ім да дому, да каторага ён увыйдзе;

і скажы́це гаспадару́ дома: «Настаўнік кажа табе: дзе пакой, у якім Мне есці пасху з вучнямі Маімі?»
 
І скажыце гаспадару дому: "Вучыцель кажа тэ: ідзе гасьцінны пакой, у каторым бы Імне есьці пасху з вучанікамі Сваімі?"

І ён вам пакажа верхні пакой вялікі, усла́ны; там прыгату́йце.
 
І тый пакажа вам вялікі верхні пакой засланы; там прыгатуйце».

Яны пайшлі і знайшлі, як Ён сказаў ім; і прыгатава́лі пасху.
 
І, пайшоўшы, знайшлі, як сказаў ім, і прыгатавалі пасху.

І, калі надышо́ў час, Ён узлёг, і дванаццаць апосталаў з Ім,
 
І, як настала гадзіна, Ён узьлёг за стол, і апосталы зь Ім.

і сказаў ім: вельмі жада́ў Я гэтую пасху есці з вамі, перш чым му́кі прыму́,
 
І сказаў ім: «Жаданьням жадаў Я есьці гэтую пасху з вамі перад Сваім цярпеньням;

бо кажу вам, што ўжо не буду есці яе, пакуль не здзе́йсніцца яна ў Царстве Божым.
 
Бо кажу вам, што ўжо ня буду есьці яе, пакуль яна ня зьдзеецца ў гаспадарстве Божым».

І, узяўшы чашу, узнёс падзя́ку і сказаў: прымíце яе і падзялíце між сабою,
 
І ўзяўшы чару, і ўчыніўшы падзяку, сказаў: «Вазьміце яе і падзяліцеся мяжсобку;

бо кажу вам, што не буду піць ад пло́ду вінагра́днага, пакуль не пры́йдзе Царства Божае.
 
Бо кажу вам, што ня буду піць із плоду віннога, пакуль ня прыйдзе гаспадарства Божае».

І, узяўшы хлеб, узнёс падзяку, пераламíў і даў ім, ка́жучы: гэта це́ла Маё, якое за вас аддае́цца; рабіце гэта на ўспамíн пра Мяне.
 
І ўзяўшы букатку, учыніўшы падзяку, паламіў а даў ім, кажучы: «Гэта ё цела Мае, данае за вас; рабіце гэта на памятку Маю».

Таксама і ча́шу пасля вячэ́ры, ка́жучы: гэтая чаша — новы запаве́т у Маёй крывí, якая за вас праліва́ецца.
 
Таксама чару па вячэры, кажучы: «Гэтая чара ё новая змова ў крыві Маёй, што за вас разьліваецца.

Але вось рука таго, хто выдае́ Мяне, са Мною за сталом;
 
«І вось, рука таго ізраджаючага Мяне з Імною за сталом,

і ўсё ж Сын Чалавечы ідзе, як вы́значана, але го́ра таму чалавеку, які Яго выдае́.
 
Бо Сын Людзкі запраўды йдзець, як наканавана; бяда, адылі, чалавеку таму, каторым Ён ізраджаецца».

І яны пачалí пыта́цца адзін у аднаго, хто б гэта з іх быў, што зро́біць такое?
 
І яны пачалі разважаць мяжсобку, хто зь іх быў бы, што зробе гэта.

Была́ ж і спрэ́чка паміж імі, хто з іх павінен лічы́цца бо́льшым.
 
Была ж і сьпярэчка памеж іх, хто зь іх здаецца быць вялікшым.

А Ён сказаў ім: цары́ народаў пану́юць над імі, і ўладары́ іх дабрадзе́ямі называ́юцца;
 
І сказаў Ён ім: «Каралёве народаў пануюць над імі, і маючыя ўладу над імі завуцца дабрадзеямі.

вы ж не так: але бо́льшы сярод вас, няхай будзе як ме́ншы, а начальнік — як слуга́.
 
А вы ня так: але вялікшы з памеж вас будзь, як малодшы, і радзячы, як слугуючы.

Бо хто бо́льшы: той, хто ўзляжы́ць, ці той, хто прыслу́жвае?е́ хіба́ не той, хто ўзляжы́ць? А Я пасярод вас як той, хто прыслу́жвае.
 
Бо хто вялікшы, хто ўзьляжыць, ці хто слугуе? ці ня тый, што ўзьляжыць? Але Я сярод вас як тый, што слугуе.

Вы ж ператрыва́лі са Мною ў выпрабава́ннях Маіх,
 
«Але вы тыя, што ператрывалі з Імною ў спакусах Маіх;

і Я завяшча́ю вам, як завяшча́ў Мне Айцец Мой, Царства,
 
І Я прызначаю вам, як Айцец Мой прызначыў Імне, гаспадарства,

каб вы елі і пілí за трапе́заю Маёю ў Царстве Маім, і будзеце сядзе́ць на прастолах і судзíць дванаццаць кале́н Ізра́ілевых.
 
Каб вы маглі есьці й піць за сталом Маім у Маім гаспадарстве і сядзелі на пасадах, судзячы двананцаць пакаленьняў Ізраелявых».

І сказаў Гасподзь: Сíмане! Сíмане! вось, сатана прасіў, каб прасе́яць вас, як пшаніцу;
 
І Спадар сказаў: «Сымоне, Сымоне, гля, шайтан дужа прасіў, каб ён мог сеіць сітам вас, як пшонку;

але Я маліўся за цябе, каб не знікла вера твая; і ты не́калі, вярну́ўшыся, умацу́й братоў тваіх.
 
Але Я маліў за цябе, каб ня скволела вера твая; і ты некалі, навярнуўшыся, мацніў братоў сваіх».

Ён жа сказаў Яму: Госпадзі! з Табою я гатовы і ў цямнíцу, і на смерць ісці.
 
І ён сказаў Яму: «Спадару, з Табою Я гатоў у вязьніцу й на сьмерць ісьці».

А Ён сказаў: кажу табе, Пётр, не прапяе́ сёння певень, як ты тройчы адрачэ́шся, сказаўшы, што не ведаеш Мяне.
 
Ён жа сказаў: «Кажу тэ, Пётру, перш чымся певень запяець сядні, ты трэйчы выпрашся, што знаеш Мяне».

І сказаў ім: калі Я пасыла́ў вас без мяшка, і без торбы, і без абу́тку, ці ме́лі вы ў чым няста́чу? Яны ж адказалі: ні ў чым.
 
І сказаў ім: «Як пасылаў Я вас без капшука а без хатуля а бяз вобую, ці мелі вы ў чым нястачу?» Яны сказалі: «Ні ў чым».

Сказаў жа ім: але цяпер хто ма́е мяшок, няхай возьме яго, гэтакса́ма і торбу; а хто не ма́е, няхай прада́сць во́пратку сваю і ку́піць меч;
 
Тады кажа ім: «Але цяпер, хто мае капшук, няхай возьме яго, таксама й хатуль; а хто ня мае, прадай адзецьце свае й купі меч;

бо кажу вам, што павінна яшчэ спо́ўніцца на Мне гэта напíсанае: «і да злачы́нцаў залíчаны». Бо тое, што пра Мяне, набліжа́ецца да канца.
 
Бо кажу вам, што напісанае мае выпаўніцца на Імне: "І залічаны да бяспраўнікаў". Бо запраўды ўзглядам Мяне прыходзе да канца».

Яны ж сказалі: Госпадзі! вось тут два мячы. Ён сказаў ім: даво́лі.
 
І яны сказалі: «Спадару, во тут два мячы». І Ён сказаў ім: «Досыць».

І, вы́йшаўшы, пайшоў, як звыча́йна, на гару́ Елеонскую; і следам за Ім пайшлі вучні Яго.
 
І, вышаўшы, пайшоў, подле звычаю Свайго, на гару Аліўную; і вучанікі таксама пайшлі за ім.

Прыйшоўшы на месца, Ён сказаў ім: малíцеся, каб не ўпа́сці вам у спаку́су.
 
І, як быў на месцу, сказаў ім: «Маліцеся, каб ня лучыць у спакусу».

І Сам адступіў ад іх на адле́гласць кíнутага ка́меня, і, стаўшы на кале́ні, маліўся,
 
І Ён адхінуўся ад іх, як дапусьціць камень, і, уклякшы, маліўся,

ка́жучы: Ойча! калі хочаш, пранясí ча́шу гэтую міма Мяне! аднак не Мая воля, а Твая няхай будзе.
 
Кажучы: «Войча, калі Ты хочаш, аддаль гэтую чару ад Мяне! адылі не Мая воля, але Твая станься».

Явіўся ж Яму Ангел з неба і ўмацо́ўваў Яго.
 
І ангіл ізь неба стаў да Яго, мацнячы Яго.

І Ён, перажыва́ючы ўну́траную барацьбу́, стара́нней маліўся; і зрабіўся пот Яго, як кроплі крывí, што па́далі на зямлю́.
 
І, труднячыся, уляглівей маліўся; і стаўся пот Ягоны, як капкі крыві, на зямлю капаючыя.

І, уста́ўшы з малітвы і прыйшо́ўшы да вучняў, Ён знайшо́ў, што яны спяць ад сму́тку,
 
І, устаўшы з малітвы, пайшоў да вучанікаў, і засьпеў іх сьпячых з гора,

і сказаў ім: што́ спіце́? уста́ньце і маліцеся, каб не ўпа́сці вам у спаку́су.
 
І сказаў ім: «Што вы сьпіце? устаньце й маліцеся, каб ня лучыць у спакусу».

Яшчэ калі Ён гаварыў гэта, тады з’явіўся натоўп, і той, каго зва́лі Іуда, адзін з двана́ццаці, ішоў папе́радзе, і ён наблíзіўся да Іісуса, каб пацалава́ць Яго. Бо ён даў ім такі знак: Каго я пацалую, Той і ёсць.
 
Як Ён яшчэ казаў, вось гурба, і званы Юдаю, адзін із двананцацёх, сьпераду іх, і ён дабліжыўся да Ісуса, каб пацалаваць Яго.

Іісус жа сказаў яму: Іуда! пацалу́нкам Сына Чалавечага выдае́ш?
 
І Ісус сказаў яму: «Юда, цалаваньням выдаеш Сына Людзкога?»

Тыя, што былі з Ім, ба́чачы, да чаго ідзе, сказалі: Госпадзі! ці не ўда́рыць нам мячом?
 
І бачачы тыя, што былі зь Ім, да чаго даходзе, сказалі: «Спадару, ці ня выцяць нам мячом?»

І адзін з іх ударыў першасвятаро́вага раба і адсе́к яму правае ву́ха.
 
І выцяў адзін із памеж іх слугу найвышшага сьвятара, і адцяў яму правае вуха;

На гэта Іісус сказаў: пакíньце, хопіць. І, дакрану́ўшыся да вуха яго, ацалíў яго.
 
І адказуючы, Ісус сказаў: «Пакінь, досыць» і, дакрануўшыся да вуха ягонага, уздаравіў яго.

Сказаў жа Іісус першасвятара́м, і начальнікам аховы храма, і старэйшынам, якія сабра́ліся су́праць Яго: бы́ццам на разбойніка вы́йшлі вы з мяча́мі і кала́мі, каб узяць Мяне?
 
І сказаў Ісус найвышшым сьвятаром а ўраднікам сьвятыні а старцом, што вышлі супроці Яго: «Як на грабежніка вышлі вы зь мячамі а кіямі.

штодня́ бываў Я з вамі ў храме, і вы не паднялí рук на Мяне; але гэта — ваша гадзíна і ўла́да це́мры.
 
Як кажны дзень бываў Я з вамі ў сьвятыні, вы ня выцягнулі рук сваіх на Мяне; але цяпер ваша гадзіна і ўлада цямноты».

І, узя́ўшы Яго, павялі і прывялі ў дом першасвятара́. Пётр жа ішоў следам воддаль.
 
І, узяўшы Яго, павялі яго і прывялі да дому найвышшага сьвятара. Пётра ж ішоў за Ім воддаль.

Калі ж яны раскла́лі агонь пасярод двара́ і селі разам, сядзеў і Пётр паміж імі.
 
І, як расклалі цяпло сярод панадворку і селі разам, Пётра сеў памеж іх.

І адна служа́нка, уба́чыўшы яго, што сядзеў пры агні, і, прыгле́дзеўшыся да яго, сказала: і гэты з Ім быў.
 
І адна дзеўка згледзела, як ён сядзеў ля сьвятла, і ўцяміўшыся ў яго, сказала: «І гэты быў зь Ім».

Але ён адро́кся ад Яго, ка́жучы: жанчы́на, я не ведаю Яго.
 
Але ён выперся, кажучы: «Жонка, я ня знаю Яго».

І неўзаба́ве другі, убачыўшы яго, сказаў: і ты з іх. Але Пётр сказаў: чалавеча, не.
 
І за часіну другі, абачыўшы яго, сказаў: «І ты зь іх». Але Пётра сказаў: «Чалавеча, я не».

І, як прайшло́ каля адной гадзíны, нехта іншы настойваў, ка́жучы: сапраўды́ і гэты з Ім быў, бо ён галіле́янін.
 
Потым блізу за гадзіну іншы станаўко цьвердзіў: «Запраўды й гэты быў зь Ім, бо ён запраўды Ґалілеянін».

Але Пётр сказаў: чалаве́ча, я не ведаю, што́ ты гаворыш. І адразу, калі ён яшчэ гаварыў, заспяваў певень.
 
Але Пётра сказаў: «Чалавеча, ня ведаю, што ты кажаш». І якга, як яшчэ ён казаў, певень запяяў.

І, абярнуўшыся, Гасподзь паглядзе́ў на Пятра; і ўспо́мніў Пётр сло́ва Гасподняе, як Ён сказаў яму: перш чым заспява́е певень, адрачэ́шся ад Мяне тройчы.
 
І Спадар, абярнуўшыся, глянуў на Пётру, і Пётра ўспомнеў слова Спадарова, як Ён казаў яму: "Перш чымся певень запяець, ты трэйчы выпрашся Мяне".

І, вы́йшаўшы вон, горка заплакаў.
 
І Пётра, вышаўшы, горка плакаў.

А людзі, якія трыма́лі Іісуса, насміха́ліся з Яго і бíлі;
 
І людзі, што дзяржалі Яго, насьміхаліся зь Яго, б’ючы;

і, накры́ўшы Яго, бíлі Яго па тва́ры і пыта́ліся ў Яго, ка́жучы: прароч, хто ўдарыў Цябе?
 
І, накрываючы Яго, пыталіся ў Яго, кажучы: «Прарачы, хто выцяў Цябе?»

І многа іншых блюзне́рстваў гаварылі су́праць Яго.
 
І гукалі шмат блявузґанага на Яго.

І калі настаў дзень, сабра́ліся старэйшыны народа, і першасвятары́, і кніжнікі, і прывялі Яго ў сінедрыён свой
 
І як настаў дзень, зьберліся старцы люду, найвышшыя сьвятары а кніжнікі і ўвялі Яго ў сынэдрыён свой, кажучы:

і сказалі: ці Ты Хрыстос? скажы нам. Ён жа сказаў ім: калі Я скажу вам, вы не паве́рыце;
 
«Ці Ты Хрыстос? скажы нам». Ён жа сказаў ім: «Калі скажу вам, вы ані не паверыце;

а калі і спыта́юся ў вас, не адка́жаце Мне і не адпу́сціце;
 
І калі папытаюся ў вас, вы ані не адкажыце Імне і не адпусьціце Мяне.

адгэтуль Сын Чалавечы будзе сядзець правару́ч сілы Божай.
 
Адгэтуль Сын Людзкі будзе сядзець па правіцы моцы Божае».

І сказалі ўсе: дык Ты — Сын Божы? Ён жа сказаў ім: вы кажаце, што Я.
 
І ўсі сказалі: «Дык Ты Сын Божы?» І Ён сказаў ім: «Вы кажаце, што Я».

Яны ж сказалі: якое нам яшчэ трэ́ба све́дчанне? мы ж самі чулі з ву́снаў Яго!
 
І сказалі: «Нашто нам надабе балей сьветак? бо мы самы чулі з вуснаў Ягоных».