Быццё 38 разьдзел
Быццё
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна
І было ў тым часе: і зышоў Юда ад братоў сваіх, і павярнуў да Одоламца, а імя ягонае Гіра.
І сталася ў той час, і зыйшоў Юда ад братоў сваіх, і паставіў [намёт свой] у аднаго Адулямца, імя якога — Хіра.
І абачыў там Юда дачку аднаго Канааняніна, імя ягонае: Шуа; і ўзяў яе, і ўвыйшоў да яе.
І ўбачыў там Юда дачку аднаго Хананейца, імя якога — Шуа, і ўзяў яе, і ўвайшоў да яе.
І яна зачала і нарадзіла сына; і ён назваў імя ягонае: Ір.
І яна зачала, і нарадзіла сына; і ён назваў імя ягонае Ер.
І зачала ўзноў, і нарадзіла сына; і назвала імя ягонае: Онан.
І зачала яна зноў, і нарадзіла сына, і назвала імя ягонае Анан.
І яшчэ радзіла і нарадзіла сына; і назвала імя ягонае: Шэла. Ён быў у Хезыве, як нарадзіла яго.
І яшчэ дадала, і нарадзіла сына, і назвала імя ягонае Шэля. Яна была ў Хезіве, калі нарадзіла яго.
І ўзяў Юда жонку Іру, першаку свайму; імя ейнае Тамара.
І ўзяў Юда жонку для Ера, першароднага свайго, імя якой — Тамар.
І быў Ір, пяршак Юдаў, ліхі ў ваччу СПАДАРОВЫМ, і забіў яго СПАДАР.
І быў Ер, першародны Юды, ліхі ў вачах ГОСПАДА, і ўсьмерціў яго ГОСПАД.
І сказаў Юда Онану: «Увыйдзі да жонкі брата свайго, жаніся зь ёй, як дзевер, і вытвары насеньне брату свайму».
І сказаў Юда Анану: «Увайдзі да жонкі брата свайго, і споўні абавязак швагра з ёю, і ўзнаві насеньне брату свайму».
І ведаў Онан, што не яму будзе насеньне; і было, як уходзіў да жонкі брата свайго, нішчыў на зямлі, каб ня даць насеньня брату свайму.
І ведаў Анан, што не яму будзе насеньне; і было, што калі ён уваходзіў да жонкі брата свайго, выліваў на зямлю, каб ня даць насеньня брату свайму.
І было нягодна ў ваччу СПАДАРОВЫМ тое, што ён рабіў; І Ён забіў таксама яго.
І было ліхім у вачах ГОСПАДА тое, што ён рабіў; і Ён таксама ўсьмерціў яго.
І сказаў Юда Тамары, нявестцы сваёй: «Сядзі ўдавою ў доме айца свайго, пакуль вырасьце Шэла, сын мой». Бо ён сказаў: «Каб не памер таксама ён, як браты ягоныя». І пайшла Тамара, і жыла ў доме айца свайго.
І сказаў Юда Тамар, нявестцы сваёй: «Застанься ўдавою ў доме бацькі свайго, пакуль вырасьце Шэля, сын мой». Бо ён сказаў: «Каб не памёр таксама ён, як браты ягоныя». І пайшла Тамар, і жыла ў доме бацькі свайго.
І за шмат дзён памерла дачка Шуіна, жонка Юдава. І пацешыўся Юда, і ўзышоў да Фімны, да стрыгучых статак, сам а Гіра, прыяцель ягоны, Одаламец.
І прайшло шмат дзён, і памерла дачка Шуа, жонка Юды. І суцешыўся Юда [пасьля жалобы], і ўзыйшоў у Тымну да стрыгачоў авечак сваіх, сам і Хіра Адулямец, таварыш ягоны.
І наказалі Тамары, кажучы: «Вось, сьвёкар твой узыходзе да Фімны, стрыгчы статак свій».
І паведамілі Тамар, кажучы: «Вось, сьвёкар твой узыходзіць у Тымну стрыгчы авечак сваіх».
І яна ськінула ізь сябе ўдовінае адзецьце, і накрылася пакрыцьцям, і, захінуўшыся, села ля ўходу да Енаіму, каторы на дарозе да Фімны, бо бачыла, што Шэла вырас, і яна ня дана яму за жонку.
І яна скінула з сябе ўдовінае адзеньне сваё, і засланілася вэлюмам, і, захінуўшыся, села каля ўваходу ў Энаім, які на дарозе да Тымны, бо бачыла, што Шэля вырас, а яна ня дадзена яму за жонку.
І абачыў яе Юда, і падумаў, што яна блудніца, бо яна накрыла від свой.
І ўбачыў яе Юда, і падумаў, што яна — блудніца, бо яна закрыла аблічча сваё.
Ён павярнуўся да яе на дарогу й сказаў: «Ну, калі ласка, увыйду да цябе». Бо ён ня ведаў, што яна невестка ягоная. І сказала: «Што ты дасі імне, калі ўвыйдзеш да мяне?»
І ён павярнуў да яе з дарогі, і сказаў: «Дазволь, прашу, увайду да цябе». Бо ён ня ведаў, што яна — нявестка ягоная. А яна сказала: «Што ты дасі мне, калі ўвойдзеш да мяне?»
І ён сказаў: «Я прышлю табе казянё із стады». Яна сказала: «Калі дасі імне заклад, пакуль прышлеш».
І ён сказаў: «Я прышлю табе казьляня з чарады». А яна сказала: «Ці дасі мне заруку, пакуль прышлеш [яго]».
І ён сказаў: «Які ж заклад, што я маю даць табе?» І сказала: «Пячатку сваю, і папяразку сваю, і палку сваю, каторая ў руццэ ў цябе». І даў ёй, і ўвыйшоў да яе; і яна зачала яму.
І ён сказаў: «Якую заруку даць табе?» А яна сказала: «Пячатку тваю, і пас твой, і кій твой, які ў руцэ тваёй». І ён даў ёй, і ўвайшоў да яе; і яна зачала яму.
І, устаўшы, пайшла, і зьняла пакрыцьце ізь сябе, і адзелася ў вадзецьце ўдаўства свайго.
І ўстала, і пайшла, і зьняла вэлюм свой з сябе, і апранулася ва ўдовіны шаты.
І паслаў Юда казянё прыяцелям сваім Одоламцам, каб узяць заклад з рукі жонкі; але ён не знайшоў яе.
І паслаў Юда казьляня праз рукі таварыша свайго Адулямца, каб узяць заруку з рукі жанчыны, але ён не знайшоў яе.
І папытаўся ў людзёў ейнага месца, кажучы: «Ідзе блудніца, каторая была ў Енаім ля дарогі?" І яны сказалі: «Тут ня было блудніцы».
І пытаўся ён у людзей месца таго, кажучы: «Дзе блудніца, якая ў Энаіме пры дарозе?» А яны казалі: «Тут не было блудніцы».
І зьвярнуўся ён да Юды, і сказаў: «Я не знайшоў яе; і таксама людзі таго месца сказалі: "Тут ня было блудніцы"».
І вярнуўся ён да Юды, і сказаў: «Я не знайшоў яе; і таксама людзі таго месца казалі: “Тут не было блудніцы”».
І сказаў Юда: «Няхай яна возьме сабе, каб толькі ня было на сорам; вось, я паслаў казянё гэна, але ты не знайшоў яе».
І сказаў Юда: «Няхай яна возьме [заруку] сабе, каб толькі не было з нас кпінаў; вось, я паслаў казьляня гэтае, а ты не знайшоў яе».
Мінула каля трох месяцаў, і сказалі Юдзе, кажучы: «Зрабіла бязулства Тамара, нявестка твая, і нат яна цяжарная ад бязулства». І сказаў Юда: «Вывядзіце яе, і няхай спаляць».
І сталася, што праз тры месяцы паведамілі Юдзе, кажучы: «Чужаложыла Тамар, нявестка твая, і нават яна цяжарная ад распусты». І сказаў Юда: «Вывядзіце яе, і няхай будзе спаленая».
Яе павялі, а яна паслала сьвёкру свайму, кажучы: «Ад чалавека, чые гэта, рэчы, я цяжарная». І сказала: «Пазнавай жа, чыя гэта пячатка, і папяразкі, і палка гэта»,
Яе павялі [на спаленьне], а яна паслала да сьвёкра свайго, кажучы: «Ад чалавека, якога гэтыя [рэчы], я цяжарная». І сказала: «Пазнавай, чыя пячатка, і пас, і кій вось гэтыя».
І пазнаў Юда, і сказаў: «Яна справядліўшая за мяне, бо за тое, што я ня даў яе Шэлу, сыну сваяму». І болей не пазнаваў яе.
І пазнаў [іх] Юда, і сказаў: «Яна больш праведная, чым я, бо я ня даў яе Шэлі, сыну свайму». І больш не пазнаваў яе.
І было, як яна радзіла, і во, блізьняты ў жываце ейным.
І сталася ў часе родаў ейных, і вось, блізьняты ў жываце ейным.
І было пры раджэньню, высунуў ручку; і ўзяла бабка і прывязала на ручку яму чырвоную нітку, кажучы: «Гэты вышаў першы».
І сталася пры родах, і высунуў [адзін] ручку; і ўзяла павітуха, і завязала на ручку яму чырвоную нітку, кажучы: «Гэты выйшаў першы».
І было, як ён зьвярнуў руку, і во, вышаў брат ягоны. І яна сказала: «Як ты моцна прарваўся». І назвала імя ягонае Фарэс.
І сталася, што схавалася рука ягоная, і вось, выйшаў брат ягоны. І яна сказала: «Як ты прарваў перагароду?». І назвала імя ягонае Пэрэс.
Потым вышаў брат ягоны, што на руццэ ягонай чырвоная нітка. І назвала імя ягонае: Зара.
А потым выйшаў брат ягоны, у якога на руцэ чырвоная нітка. І назвала імя ягонае Зарах.