Быццё 19 разьдзел

Быццё
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

І прышлі тыя два ангілы да Содомы ўвечары, а Лот сядзеў у браме Содомы. І абачыў Лот, і ўстаў ім наўпярэймы, і пакланіўся чалом да зямлі.
 
І прыйшлі два анёлы ў Садом увечары, а Лот сядзеў у браме Садома. І ён убачыў, і пайшоў насустрач ім, і пакланіўся абліччам да зямлі,

І сказаў: «Вось жа, калі ласка, спадары мае! зьвярніце ж да дому слугі свайго, і пераначуйце, і ўмыйце ногі свае, а на раніцы ўстанеце й пойдзеце ў дарогу сваю». І яны адказалі: «Не, але на вуліцы мы пераначуем».
 
і сказаў: «Вось, прашу, гаспадары мае, зьвярніце ў дом слугі вашага і пераначуйце, і памыйце ногі свае, а раніцаю ўстанеце і пойдзеце ў дарогу сваю». А яны сказалі: «Не, бо мы будзем начаваць на вуліцы».

І ён іх надта прынукаў; і яны завярнуліся да яго, і прышлі да гасподы ягонае, і ён зрабіў ім пачостку, і праснакі сьпёк, і яны елі.
 
Але ён іх вельмі ўпрошваў, і яны зьвярнулі да яго, і ўвайшлі ў дом ягоны. І ён справіў ім гасьціну, і напёк праснакоў, і яны елі.

Перш чымся ляглі яны, і людзі месцкія, людзі содомскія, ад хлапца аж да старога, увесь люд із кажнага канца, абступілі дом.
 
Яшчэ не ляглі яны спаць, як людзі з гораду, людзі Садомскія, ад малога да старога, увесь народ з усіх канцоў, атачылі дом.

І пагукалі Лота, і сказалі яму: «Ідзе тыя людзі, што прышлі да цябе гэтае ночы? Вывядзі іх да нас; і мы пазнаем іх».
 
І паклікалі яны Лота, і сказалі яму: «Дзе тыя людзі, якія прыйшлі да цябе ноччу? Выведзі іх да нас, і мы спазнаем іх».

І вышаў да іх Лот да ўходу, і дзьверы запер за сабою.
 
І выйшаў да іх Лот да ўваходу, і замкнуў за сабою дзьверы,

І сказаў ім: «Браты мае, калі ласка, ня чыніце ліха.
 
і сказаў: «Прашу, браты мае, не рабіце ліхога.

Вось жа, у мяне дзьве дачкі, каторыя не пазналі мужа, валей я вывяду іх да вас, і рабіце зь імі, як зьлюб у вачох вашых, адно людзём гэтым не рабіце нічога, бо яны прышлі пад сьцень столі мае».
 
Вось, маю дзьве дачкі, якія не спазналі мужа. Выведу іх да вас, і вы рабіце з імі, што добра ў вачах вашых! Толькі людзям гэтым нічога не рабіце, бо яны прыйшлі ў цень даху майго».

І яны сказалі: «Хадзі далей!» І казалі: «Во, гэты адзін прышоў падарожжаваць, і важа судзіць! Цяпер мы горш зробім із табою, чым ся зь імі». І прыставалі вельмі да чалавека гэтага, да Лота, і бліжыліся, каб выламіць дзьверы.
 
Але яны сказалі: «Ідзі прэч». І сказалі: «Сам прыйшоў пажыць, і будзе судзіць, судзячы [нас]? Цяпер будзе табе горш, чым ім». І накінуліся на чалавека гэтага, на Лота, і падыйшлі, каб выламіць дзьверы.

Тады мужы тыя выцягнулі рукі свае, і ўвялі Лота да сябе ў дом, і дзьверы заперлі;
 
І выцягнулі мужы тыя рукі свае, і ўцягнулі Лота да сябе ў дом, і замкнулі дзьверы.

А мужоў тых, што былі ля ўходу дому, пазаражалі нявіснасьцю, ад малога аж да большага, і стамаваліся яны знайсьці ўход.
 
А людзей, якія былі пры ўваходзе ў дом, ад найменшага да найбольшага, пакаралі сьлепатою, і яны змучыліся, шукаючы выхаду.

І сказалі тыя мужы Лоту: «Яшчэ хто ў цябе ё тут? Зяць а сынове твае а дачкі твае а ўсі, хто ў цябе ў месьце, вывядзі з гэтага месца;
 
І сказалі тыя мужы Лоту: «Ці хто яшчэ ёсьць тут у цябе? Зяця, сыноў тваіх і дачок тваіх, усіх, хто ў цябе ёсць у горадзе, выведзі з гэтага месца,

Бо губім мы гэтае месца, бо павялічыўся крык іхны перад відам СПАДАРА, і паслаў нас СПАДАР выгубіць яго».
 
бо мы зьнішчым гэтую мясцовасьць, таму што вялікі крык іхні перад абліччам ГОСПАДА, і ГОСПАД паслаў нас зьнішчыць яе».

І вышаў Лот, і гутарыў ізь зяцьмі сваімі, каторыя былі ўзяўшы дачкі ягоныя, і сказаў: «Устаньце, выйдзіце з гэтага месца, бо СПАДАР выгубе гэтае места». І быў ён быццам сьміяўся ў вачох зяцёў сваіх.
 
І выйшаў Лот, і гаварыў да зяцёў сваіх, якія мелі ўзяць дочак ягоных, і сказаў: «Уставайце, выходзьце з гэтага месца, бо ГОСПАД мае зьнішчыць горад». І было ў вачах зяцёў ягоных гэта, нібыта ён жартуе.

І як узышла зара, і барзьдзілі ангілы Лота, кажучы: «Устань, вазьмі жонку сваю а дзьве дачкі свае, каторыя ёсьць, каб ты не прылучыўся да бяспраўя гэтага места».
 
Калі ўзыйшла зараніца, анёлы прысьпешвалі Лота, кажучы: «Уставай, бяры жонку тваю і дзьве дочкі твае, якія тут, каб не загінуў ты праз беззаконьні гораду гэтага».

І ён агіляўся, і ўзялі моцна тыя мужы за руку яго, і за руку жонку ягоную, і за руку дачкі ягоныя — із спагады СПАДАРА да яго — і вывялі яго, і пастанавілі яго вонках места.
 
А як ён марудзіў, схапілі тыя мужы за руку яго, і за руку жонку ягоную, і за руку абедзьвух дачок ягоных, бо ГОСПАД меў спагаду да яго, і вывелі яго, і паставілі па-за горадам.

І было, як вывялі іх вонкі, сказаў: «Уцякай дзеля душы свае: не азірайся назад і ня прыстоюй, з усяе аколіцы гары ўцякай, каб ты не прылучыўся».
 
І сталася, калі вывелі іх вонкі, сказаў [адзін з іх]: «Уцякай дзеля душы тваёй, і не аглядайся назад, і не затрымлівайся ў гэтай ваколіцы. Уцякай на гору, каб ты не загінуў!»

І Лот сказаў: «Вось, ня так жа, Спадары мае!
 
І сказаў Лот да іх: «О не, Госпадзе!

Вось жа, слуга Твой знайшоў ласку ў ваччу Тваім, і ўзьвялічыў міласэрдзе Твае, каторае Ты ўчыніў з імною, што заставіў жывой душу маю; але я ня буду магчы ўцячы на гару, каб мяне не дагнала тая бяда, і мне не памерці.
 
Вось жа, слуга Твой знайшоў ласку ў вачах Тваіх, і Ты павялічыў міласэрнасьць Тваю, якую зьявіў для мяне, захоўваючы пры жыцьці душу маю. Але я не магу ўцячы на гору, каб не напаткала мяне ліхое, і я не памёр.

Вось жа, тут гэта места блізка на ўцекі туды, і яно малое, пабягу ж я туды, ціж не малое яно, і будзе жыць душа мая».
 
Вось жа горад гэты блізка, каб бегчы туды, і ён малы. Дазволь уцячы мне туды, — ці ж не малы ён, — і будзе жыць душа мая».

І сказаў яму: «Гля, Я ўсьціў від твой таксама і ў гэтым, каб ня вывярнуць места, праз каторае ты гукаеш.
 
І сказаў яму: «Вось, Я прыняў аблічча тваё і ў гэтым слове, і ня зьнішчу горад, пра які ты гаварыў.

Сьпяшайся, уцякай туды; бо я не магу нічога ўчыніць, пакуль ты ня дойдзеш туды». За тым і названа імя месца гэтага Цоар.
 
Сьпяшайся, уцякай туды, бо Я не магу нічога рабіць, пакуль ты ня прыйдзеш туды». Таму і названае імя гэтаму гораду Цаар.

Сонца ўзышло над зямлёю, і Лот прышоў да Цоару.
 
Сонца ўзыйшло над зямлёю, і Лот увайшоў у Цаар.

І СПАДАР лінуў дажджом на Содому а Ґомору серку а агонь ад СПАДАРА зь нябёсаў,
 
І ГОСПАД лінуў на Садом і Гамору дождж серкі і агню ад ГОСПАДА з неба,

І вывярнуў месты гэтыя, і ўсю аколіцу, і ўсіх жыхараў местаў гэтах, і расьліны зямлі.
 
і зруйнаваў гарады гэтыя, і ўсю ваколіцу, і ўсіх жыхароў гарадоў гэтых, і расьліны зямлі.

І азірнулася жонка ягоная адзаду яго, і стала стаўпом солі.
 
І аглянулася жонка [Лота], ідучы за ім, і сталася слупом солі.

І ўстаў Абрагам рана да месца, ідзе стаяў перад відам СПАДАРОВЫМ.
 
І ўстаў Абрагам раніцаю на тое месца, дзе стаяў перад абліччам ГОСПАДА,

І глянуў далоў на Содому а Ґомору і на ўсю зямлю аколіцы, і бачыў, і во падыймаецца дым ізь зямлі, як дым із вапельні.
 
і глянуў на аблічча Садома і Гаморы, і на аблічча ўсёй зямлі той ваколіцы, і ўбачыў, і вось, дым падымаецца з зямлі, быццам з печы.

І было, як нішчыў Бог месты аколіцы, і ўспомнеў Бог праз Абрагама, і выслаў Лота з памеж вывярненьня, як вывярнуў месты, у каторых жыў Лот.
 
І сталася, калі Бог зьнішчыў гарады гэтай ваколіцы, узгадаў Бог пра Абрагама, і выслаў Лота спаміж руйнаваньня, калі руйнаваў гарады, у якіх жыў Лот.

І падняўся Лот із Цоару, і жыў у гары, і абедзьве дачкі ягоныя зь ім, бо ён баяўся жыць у Цоару. І жыў у пячоры, ён і абедзьве дачкі ягоныя.
 
І падняўся Лот з Цаару, і жыў на гары, і дзьве дачкі ягоныя з ім, бо баяўся жыць у Цаары. І жыў ён у пячоры, сам і дзьве дачкі ягоныя.

І сказала старшая малодшай: «Ацец наш стары, і чалавека няма на зямлі, уйсьці да нас подле звычаю ўсяе зямлі.
 
І сказала старэйшая малодшай: «Бацька наш стары, і няма мужчыны на зямлі, каб мог прыйсьці да нас паводле звычаю ўсёй зямлі.

Хадзіма, упаім айца нашага віном, і ляжам ізь ім, і прыдбаем ад айца нашага насеньне».
 
Хадзем, напоім бацьку нашага віном і ляжам з ім, каб ажывіць насеньне бацькі нашага».

І ўпаілі айца свайго віном тае ночы; і ўвыйшла старшая, і ляжала з айцом; а ён ня ведаў, калі лягла й калі ўстала.
 
І напаілі яны ў тую ноч бацьку свайго віном; і ўвайшла старэйшая, і ляжала з бацькам, а ён ня ведаў, ані калі яна легла, ані калі ўстала.

І сталася назаўтрае, і сказала старшая малодшай: «Вось, я ляжала ўчора ўвечары з айцом сваім; упаіма яго віном таксама гэтае ночы; і ты ўвыйдзі, ляжы зь ім, і захаваеш у жывых ад айца нашага насеньне».
 
І сталася на другі дзень, сказала старэйшая малодшай: «Вось, я ў мінулую ноч ляжала з бацькам нашым. Напоім яго віном таксама ў гэтую ноч, і ты ўвойдзеш, і ляжаш з ім, і мы ажывім насеньне бацькі нашага».

І ўпаілі і гэтае ночы айца свайго віном; і ўстала малодшая і ляжала зь ім; а ён ня ведаў, калі лягла й калі ўстала.
 
І напаілі яны таксама ў гэтую ноч бацьку свайго віном, і ўвайшла малодшая дачка, і ляжала з ім, а ён ня ведаў, ані калі яна легла, ані калі ўстала.

І зацяжарылі абедзьве дачкі Лотавы ад айца свайго.
 
І зачалі абедзьве дачкі Лота ад бацькі свайго.

І нарадзіла старшая сына, і назвала імя ягонае: Моаў. Ён ацец Моава дагэтуль.
 
І нарадзіла старэйшая сына, і назвала імя ягонае Мааў. Ён — бацька Мааву аж да сёньня.

І малодшая, таксама яна, нарадзіла сына, і назвала імя ягонае: Бен-Аммі. Ён ацец сыноў Аммонавых дагэгэтуль.
 
І малодшая таксама нарадзіла сына, і назвала імя ягонае Бэн-Аммі. Ён — бацька сыноў Амона аж да сёньня.