Мацьвея 22 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Міцкевіча (Прускага)

 
 

І, адказуючы, Ісус гукаў ім ізноў прыпавесьцьмі, кажучы:
 
Ісус, зьвяртаючыся да іх, зноў гаварыў ім прыпавесьцямі, кажучы:

«Падобнае гаспадарства нябёснае да караля, што справіў вясельную чэсьць сыну свайму.
 
«Уладарства Нябеснае падобнае да чалавека-ўладара, які справіў вясельле сыну свайму.

І паслаў слугаў сваіх, каб пагукалі пазваных на вясельле; і не хацелі прыйсьці.
 
І паслаў слугаў сваіх клікаць запрошаных на вясельле, і не хацелі прыйсьці.

Ізноў паслаў іншых слугаў, сказаўшы: "Скажыце пазваным: вось я прыгатаваў вячэру сваю, валы свае і што ўкормлена, зарэзана, і ўсе гатова; прыходзьце на вясельную чэсьць’.
 
Зноў паслаў іншых слугаў, наказваючы: Скажэце запрошаным: вось я прыгатаваў абед мой, валы мае й кормнікі забітыя, і ўсё гатова, прыходзьце на вясельную бяседу.

Але яны ўлегцы замелі тое, пайшлі, хто на поле сваё, а хто да гандлю свайго.
 
Яны-ж, зьняважыўшы гэта, пайшлі: хто на поле сваё, хто да гандлю свайго.

Засталыя, схапіўшы слугаў ягоных, зьняважылі іх і забілі.
 
Іншыя-ж, схапіўшы слугаў яго, назьдзекаваліся й забілі іх.

І, пачуўшы гэта, кароль угневаўся; і, паслаўшы войска сваё, выгубіў убіўцаў тых, а места іхнае спаліў.
 
Пачуўшы тое, уладар угнявіўся й паслаў войска сваё, зьнішчыў забойцаў тых і спаліў месты іхныя.

Тады кажа ён слугам сваім: "Вясельная чэсьць гатова, а пазваныя ня былі годныя;
 
Тады кажа ён слугам сваім: Вясельле гатовае, але званыя не былі дастойнымі.

Дык ідзіце на ростані і ўсіх, каго знойдзеце, гукайце на вясельле’.
 
Дык пайдзеце на ростані й клічце на вясельле ўсіх, каго сустрэнеце.

І слугі тыя, вышаўшы на дарогі, зьберлі ўсіх, каго толькі знайшлі, і благіх і добрых, і вясельная хароміна напаўнілася ўзьляжачымі.
 
І слугі яго, выйшаўшы на дарогі, сабралі ўсіх, каго толькі знайшлі — і добрых, і благіх — і на вясельнай бяседзе было поўна гасьцей.

Кароль, увыйшоўшы паглядзець узьляжачых, абачыў там чалавека, што ня быў адзеўшыся ў вясельным адзецьцю;
 
Уладар, прыйшоўшы паглядзець гасьцей, убачыў там чалавека ўбранага не ў вясельнае адзеньне.

І кажа яму: ’Прыяцелю! як ты ўвыйшоў сюды не ў вясельным адзецьцю?’ Ён жа маўчаў.
 
І кажа яму: Дружа! Як ты ўвайшоў сюды не ў вясельнай вопратцы? Той-жа маўчаў.

Тады сказаў кароль служцом: "Зьвязаўшы яму рукі й ногі, вазьміце яго й кіньце ў цемру навонную; там будзе плач а скрыгот зубамі;
 
Тады сказаў уладар слугам сваім: «Вазьмеце яго, зьвяжэце яму рукі й ногі, і ўкіньце яго ў цемру вонкавую; там будзе плач і скрыгатаньне зубоў.

Бо шмат пазваных, але мала абраных».
 
Бо многа пазваных, але мала выбраных».

Тады фарысэі пайшлі й радзіліся, як бы злавіць Яго ў гаворцы.
 
Тады фарысеі, зыйшоўшыся, радзіліся, як-бы ўлавіць Яго на словах Ягоных.

І пасылаюць да Яго вучанікаў сваіх із Гіродыянамі, кажучы: «Вучыцелю! мы ведаем, што Ты праўдзівы, і дарогі Божае праўдзіва вучыш, дый на нікога не зважаеш, бо не аглядаешся на асобу людзкую;
 
І пасылаюць да Яго вучняў сваіх з ірадыянамі, кажучы: «Настаўніку! Мы ведаем, што Ты справядлівы й праўдзіва настаўляеш на шлях Божы, ды ня дбаеш дагаджаць каму-небудзь, бо не ўзіраешся на абліччы асобаў.

Дык скажы нам: як табе здаецца? ці дазволена даваць падачкі цэсару, ці не?»
 
Дык скажы нам, як ты думаеш? Ці законна даваць падатак кесару, ці не?»

Але Ісус, бачачы нягоднасьць іхную, сказаў: «Нашто спакушаеце Мяне, двудушнікі?
 
Але Ісус, ведаючы іхную нягоднасьць і подступ, сказаў: «Што выпрабоўваеце Мяне, крывадушнікі?

Пакажыце Імне манэту, каторай плаціце падачкі». Яны прынесьлі Яму дынар.
 
Пакажэце мне падатковую манету». Яны прынясьлі Яму дынар.

І кажа ім: «Чый абраз тут а напіс?»
 
Тады Ісус кажа ім: «Чый гэта тут воблік і надпіс?»

Кажуць Яму: «Цэсаравы». Тады кажа ім: «Дык аддайце цэсарава цэсару, а Божае — Богу».
 
Яны сказалі Яму: «Кесаравы». Тады сказаў ім: «Дык аддайце кесарава кесару, а Божае Богу».

Пачуўшы гэта, яны зьдзівіліся і, пакінуўшы Яго, пайшлі.
 
Пачуўшы гэтае, яны зьдзівіліся і, пакінуўшы Яго, адышлі.

Таго ж дня дабліжыліся да Яго садукеі, каторыя кажуць, што няма ўскрысеньня, і папыталіся ў Яго:
 
У той-жа дзень прыступілі да Яго садукеі, якія кажуць, што няма ўваскрасеньня, і пыталіся ў Яго, кажучы:

«Вучыцелю, Масей сказаў: "Калі хто памрэць, ня маючы дзяцей, то брат ягоны хай ажэніцца із жонкаю ягонай і прыдбае насеньне брату свайму’.
 
«Настаўніку! Майсей сказаў: «Калі хто памрэ, не пакінуўшы дзяцей, то брат яго няхай возьме жонку ягоную ды адродзіць патомства брату свайму».

Было ў нас сямёх братоў: і першы, ажаніўшыся, памер і, ня маючы дзяцей, пакінуў жонку сваю брату свайму.
 
Было-ж у нас сем братоў: першы, ажаніўшыся, памёр, і, ня маючы патомства, пакінуў жонку браты свайму.

Падобна й другі й трэйці аж да сёмага.
 
Таксама й другі й трэйці аж да сёмага.

Просьле ж усіх памерла й жонка.
 
Пасьля-ж усіх памерла й жонка.

Дык у часе ўскрысеньня, каторага ізь сямёх будзе яна жонкаю? бо ўсі мелі яе».
 
Дык пры ўваскрасеньні каторага зь іх сямёх будзе яна жонкаю, бо ўсе мелі яе?»

Ісус, адказуючы, сказаў ім: «Мыляецеся, ня ведаючы Пісьма ані моцы Божае;
 
Адказваючы ім, Ісус сказаў: «Памыляецеся, ня ведаючы Пісаньня, ані сілы Божае.

Бо ў часе ўскрысеньня ані жэняцца, ані выходзяць замуж, але будуць, як ангілы Божыя на нябёсах.
 
Бо пры ўваскрасеньні ня жэняцца, ані замуж ня йдуць, але бытуюць у небе, як анёлы Божыя.

А праз ускрысеньне мертвых ці ня чыталі вы, што сказаў вам Бог:
 
А пра ўваскрасеньне, ці-ж не чыталі вы сказанага ад Бога:

’Я Бог Абрагамоў, і Бог Ісакоў, і Бог Якаваў’? Бог ня ё Бог мертвых, але жывых».
 
Я Бог Абрагама, і Бог Ісака, і Бог Якуба. Бог ня ёсьць Богам мёртвых, але Богам жывых».

І як груды чулі, яны зумяваліся з навукі Ягонае.
 
І слухаючы, народ дзівіўся з навукі Яго.

А фарысэі, пачуўшы, што Ён прысіліў садукеяў змоўкці, зьберліся разам.
 
Фарысеі, дачуўшыся, як Ён спыніў садукеяў, сыйшліся разам.

І, пытаючы адзін ізь іх, законьнік, спакушаў Яго:
 
І адзін зь іх, законьнік вучоны, спакусьліва папытаў у Яго, кажучы:

«Вучыцелю, якое найвялікшае расказаньне ў Законе?»
 
«Настаўніку! Які запавет найбольшы ў законе?»

Ісус сказаў яму: «Любі Спадара Бога свайго з усяго сэрца, і з усяе душы свае, і з усяе думкі свае.
 
Ісус-жа сказаў яму: «Узьлюбі Госпада Бога твайго ўсім сэрцам тваім і ўсёю душою тваёю, і ўсім разуменьнем тваім.

Гэта вялікае а першае расказаньне.
 
Гэта ёсьць першы й найбольшы запавет.

Другое ж падобнае да яго: любі прыяцеля свайго, як самога сябе.
 
Другі-ж, падобны да яго: любі бліжняга твайго, як самога сябе.

На гэтых двух расказаньнях увесь Закон а прарокі дзяржацца».
 
На гэтых двух запаветах грунтуецца ўвесь закон і прарокі».

А як зьберліся фарысэі, Ісус папытаўся ў іх:
 
Сабраным-жа фарысеям Ісус задаў пытаньне, кажучы:

«Што вы думаеце праз Хрыста? чый Ён сын?» Кажуць Яму: «Давідаў».
 
«Што вы думаеце пра Хрыста? Чый Ён сын?» Кажуць Яму: «Давідаў».

Кажа ім: «Як жа Давід у духу завець Яго Спадаром, кажучы:
 
І гаворыць ім: «Як-жа Давід у натхненьні заве Яго Госпадам, калі кажа:

’Сказаў Спадар Спадару майму: Сядзі па правіцы Маей, пакуль палажу непрыяцеляў Тваіх пад ногі Твае’?
 
Сказаў Госпад Госпаду Майму: Сядзі праваруч Мяне, дакуль не палажу ворагаў Тваіх у падножжа ног Тваіх.

Дык калі Давід завець Яго Спадаром, як жа Ён сын яму?»
 
Калі-ж Давід называе Яго Госпадам, як-жа Ён сын яму?»

І ніхто ня мог адказаць Яму ані слова; і адгэнуль ніхто ўжо ня важыўся пытацца ў Яго.
 
І ніхто ня мог адказаць Яму ні слова, і з таго дня ніхто ўжо не адважваўся больш даваць Яму пытаньні.