Лукаша 22 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

Набліжалася ж Сьвята Праснакоў, што называецца Пасхаю.
 

І шукалі архірэі і кніжнікі, як бы забіць Яго; але баяліся народу.
 

Увайшоў жа шатан у Юду, празванага Іскарыётам, аднаго зь ліку дванаццацёх;
 

і, пайшоўшы, (ён) дамовіўся з архірэямі і начальнікамі, як Яго прадаць ім.
 

І (яны) узрадаваліся, і згадзіліся даць яму срэбнікаў.
 

І (ён) паабяцаў і шукаў нагоды выдаць Яго ім, ды і ня пры народзе.
 

Надыйшоў жа Дзень Праснакоў, у які належала быць заколатай Пасцы.
 

І (Ён) паслаў Пятра і Яана, сказаўшы: пайдзіце, прыгатуйце нам з’есьці Пасху.
 

Яны ж сказалі Яму: дзе хочаш нам прыгатаваць?
 

Ён жа сказаў ім: вось, пры ўваходзе вашым у места сустрэнецца з вамі чалавек, нясучы збан вады; пайдзіце ўсьлед за ім у дом, куды (ён) увойдзе.
 

І скажыце гаспадару дому: Настаўнік кажа табе: дзе пакой у якім бы (Мне) з’есьці Пасху з вучнямі Маімі?
 

І ён вам пакажа вялікі верхні засланы пакой; там прыгатуйце.
 

Пайшоўшы ж, (яны) знайшлі як (Ён) сказаў ім; і прыгатавалі Пасху.
 

І як прыйшла гадзіна, (Ён) узьлёг і дванаццаць Апосталаў зь Ім,
 

і сказаў ім: жаданьнем вялікім Я зажадаў з’есьці з вамі гэтую Пасху, перш Маёй пакуты;
 

бо кажу вам, што ўжо ня буду есьці яе, пакуль яна ня будзе ўтворана ў Гаспадарстве Бога.
 

І, узяўшы чару (і) аддаўшы падзяку, сказаў: вазьміце яе і падзяліце паміж сабою,
 

бо кажу вам, што ня буду піць ад плоду вінаграднага, пакуль ня прыйдзе Гаспадарства Бога.
 

І, узяўшы хлеб (і) аддаўшы падзяку, паламаў і падаў ім, кажучы: гэта ёсьць Цела Маё, што за вас даецца; рабіце гэтае на ўспамін пра Мяне.
 

Таксама і чару пасьля вячэры, кажучы: гэта чара — Новы Запавет у Маёй Крыві, Якая за вас праліваецца.
 

Ды вось, рука таго, хто выдае Мяне, са Мною за сталом;
 

І хаця Сын Чалавечы ідзе па прызначэньню, але гора таму чалавеку, цераз каторага (Ён) прадаецца.
 

Тады яны пача́лі між сабою ўзбуджана выясьняць, хто бы сярод іх гатовы гэтае зрабіць.
 

Узьнялася і спрэчка паміж імі, хто зь іх вылучаецца відавочна быць большым.
 

Ён жа сказаў ім: каралі народаў валадараць над імі, а тыя, хто гаспадарыць над імі, дабрачынцамі называюцца.
 

Вы ж ня так: але бо́льшы сярод вас няхай будзе, як меншы, а начальнік, як слуга.
 

Бо хто большы: ці той, хто ўзьляжыць, ці той, хто паслугуе? Хіба́ ня той, хто ўзьляжыць? А Я сярод вас як паслугуючы.
 

Вы ж прабылі ў выпрабаваньнях Маіх са Мною ста́ла.
 

І Я прызначаю вам, як прызначыў Мне Бацька Мой — Валадарства,
 

каб вы елі і пілí за сталом Маім, і пасядзеце на пасадах, судзячы дванаццаць кален Ізраэлявых.
 

І Госпад сказаў: Сымоне! Сымоне! вось шатан вымагаў, каб прасеяць вас, як пшаніцу;
 

але Я памаліўся за цябе, каб ня заняпала вера твая; і ты некалі, навярнуўшыся, умацуй братоў тваіх.
 

Ён жа сказаў Яму: Госпадзе! з Табою я гатовы і ў вязьніцу і на сьмерць ісьці.
 

Але Ён сказаў: кажу табе, Пётра, ня прапяе сягоньня певень да таго як (ты) тройчы адрачэшся, (кажучы), што ня ведаеш Мяне.
 

І сказаў ім: калі Я пасылаў вас бяз кашалька і (бяз) торбы і абутку, ці мелі (вы) у чым-небудзь патрэбу? Яны ж адказалі: ніякай.
 

Тады сказаў ім: але цяпер, хто мае кашалёк, хай возьме, таксама і торбу; а хто ня мае, прадай вопратку сваю і купі меч.
 

Бо кажу вам, што ўсё гэта напісанае павінна споўніцца на Мне: і да злачынцаў залічаны. Бо што тычыцца Мяне — надыходзіць канец.
 

Яны ж сказалі: Госпадзе! вось тут два мечы! Ён жа сказаў ім: даволі.
 

І, выйшаўшы, пайшоў, як звычайна, на гару Аліваў. І ўсьлед за Ім пайшлі і Ягоныя вучні.
 

Прыйшоўшы ж на тое мейсца, Ён сказаў ім: маліцеся, каб ня ўвайсьці ў спакушэньне.
 

І Ён адыйшоў ад іх, як кінуць камень і, укленчыўшы, маліўся,
 

кажучы: Тата Мой! о, каб Ты зажадаў пранесьці гэту чару міма Мяне! Аднак ня Мая воля, але Твая хай станецца.
 

Зьявіўся ж Яму Ангел зь Неба, падмацоўваючы Яго.
 

І, апынуўшыся ў стане моцнага пакутніцкага змаганьня, Ён мацьней маліўся: і быў пот Ягоны, як згусткі крыві, што падаюць на зямлю.
 

І, устаўшы ад малітвы, прыйшоўшы да вучняў, знайшоў іх сьпячымі ў смутку.
 

І сказаў ім: што (вы) сьпíце? Устаўшы, маліцеся, каб ня трапіць у спакусу.
 

І яшчэ Ён гаварыў, і вось натоўп, а сьпераду іх ішоў адзін з дванаццаці, па імені Юда, і падыйшоў да Ісуса, (каб) пацалаваць Яго.
 

Ісус жа сказаў Яму: Юда! пацалункам прадаеш Сына Чалавечага?
 

Тыя, што былі побач зь Ім, убачыўшы да чаго даходзе, сказалі Яму: Госпадзе! ці ня ўдарыць (нам) мечам?
 

І адзін зь іх ударыў архірэйскага слугу і адсек яму правае вуха.
 

І, загаварыўшы, Ісус сказаў: пакіньце, даволі гэтага. І, дакрануўшыся да вуха ягонага, ацаліў яго.
 

Сабраўшымся ж супраць Яго архірэям і начальнікам Сьвятыні і старэйшынам Ісус сказаў: быццам на разбойніка выйшлі (вы) зь мечамі ды каламі, (каб узяць Мяне).
 

Кожны дзень бываў Я з вамі ў Сьвятыні, (і вы) ня паднялі на Мяне рук; але гэтая гадзíна ёсьць вашая, і ўлады цемры.
 

І, узяўшы Яго, павялі і прывялі Яго ў дом архірэя. Пётра ж ішоў сьледам здалёк.
 

Калі ж распалілі вогнішча пасярод двара і паселі разам, Пётра сядзеў між імі.
 

І адна служанка, убачыўшы яго, што сядзіць пры вогнішчы, і прыгледзіўшыся да яго, сказала: і гэты быў зь Ім.
 

Ён жа адрокся ад Яго, сказаўшы: жанчына, я ня ведаю Яго.
 

І няўзабаве другі, убачыўшы яго, казаў: і ты зь іх. Але Пётра сказаў: чалавеча! не!
 

І, як прайшло каля гадзіны часу, нехта другі настойваў, кажучы: сапраўды, і гэты быў зь Ім, бо і ён галілеяц.
 

Але Пётра сказаў: чалавеча! ня ведаю, (што) ты гаворыш! І адразу, калі ён яшчэ гаварыў, прапяяў певень.
 

І, павярнуўшыся, Госпад глянуў на Пётру, і ўспомніў Пётра Слова Госпада, як Ён сказаў яму: перш, чым певень прапяе, тройчы адрачэшся ад Мяне.
 

І, выйшаўшы вон, Пётра горка заплакаў.
 

І мужчыны, якія трымалі Ісуса, глуміліся над Ім, (і) зьбівалі (Яго).
 

І, накрыўшы Яго, білі Яго па Абліччу і пыталіся ў Яго, кажучы: прароч, хто ўдарыў Цябе?
 

І многа іншага, блюзьнерачы, гаварылі супраць Яго.
 

І калі настаў дзень, была сабрана рада старэйшынаў народу: архірэі і кніжнікі; і прывялі Яго ў свой сынэдрыён, кажучы:
 

Калі Ты ёсьць Хрыстос, скажы нам. (Ён) жа сказаў ім: калі вам скажу, ня паверыце;
 

А калі ж запытаюся (у вас), ня адкажаце Мне і ня звольніце.
 

Адгэтуль Сын Чалавечы сядзе праваруч Сілы Бога.
 

Сказалі ж усе: дык Ты ёсьць Сын Бога? Ён жа сказаў ім: вы кажаце, Хто Я ёсьць.
 

Яны ж сказалі: якое яшчэ нам трэба сьведчаньне? бо (мы) самі пачулі з Вуснаў Ягоных.