Псалтыр 10 псалом

Псалтыр
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Сабілы і Малахава

 
 

ЛЯМЭД. Чаму стаіш, Госпадзе, далёка, хаваеш Сябе ў часе смутку?
 
Чаму стаіш воддаль, Ягова, хаваешся ў часе бядоты?

Бязбожны выхваляецца, чыніць убогаму пераслед, заблытвае яго ў хітрыках, якія задумаў.
 
Праз ганарлівасьць бязбожніка трымціць убогі; заблытвае яго ў хітрыках, што бязбожны выдумаў.

Бязбожны выхваляецца пажаданнямі душы сваёй, і хцівы дабраслаўляе сябе.
 
І бязбожнік выхваляецца пажаданьнямі душы сваёй, і хцівы багаслаўляе сябе, а Ягову зьняважае.

НУН. Пагарджае Госпадам грэшнік у пыхлівасці сваёй: «Не запатрабуе, няма Бога».
 
Бязбожнік кажа ў сваёй ганарлівасьці: «Ён ня будзе спаганяць». Няма Бога!» — вось і ўсе ягоныя думкі.

Гэткія ўсе думкі яго; спрыяльныя шляхі яго ў любы час. Далёкія суды Твае ад аблічча яго; пагарджае ён усімі ворагамі сваімі.
 
Што ён робіць, усё ручыць яму; Твае суды высока і далёка ад яго; на ўсіх сваіх супраціўнікаў ён грэбліва дзьмухае.

Гаворыць ён у сэрцы сваім: «Не пахіснуся, з роду ў род не будзе мне ліха».
 
Ён гаворыць у сэрцы сваім: я ніколі ня пахіснуся, з роду ў род ня будзе мне ліха.

ФЭ. Вусны яго поўныя праклёнаў, і маны, і падступнасці, пад языком яго падман і брыдота.
 
Вусны ягоныя поўныя праклёнаў, хітрыні і падману; пад языком у яго — ліха і бяззаконьне.

САДЭ. Вочы яго сочаць за ўбогім; ён падпільноўвае ў засадзе, быццам леў у логаве сваім.
 
Сядзіць ён у засадзе на пазадворках, у сховішчы забівае нявіннага; вочы ягоныя сочаць за ўбогім,

Падпільноўвае, каб схапіць убогага, хапае гаротніка і цягне ў пастку сваю.
 
ён падпільноўвае ў засадзе, быццам леў у гушчары сваім; падпільноўвае, каб улавіць убогага; хапае гаротніка і цягне яго ў сваю сетку;

Туліцца да зямлі і прыгінаецца, і няшчасныя падаюць ад моцы рук яго.
 
ён ту́ліцца да зямлі, прыгінаецца і ў ягоныя моцныя кіпцюры пападаюцца няшчасныя.

І гаворыць ён у сэрцы сваім: «Забыўся Бог, адвярнуў аблічча Сваё, не паглядзіць ніколі».
 
Ён кажа ў сэрцы сваім: «Бог забыўся, засланіў Аблічча Сваё, ня ўбачыць ніколі!»

КОФ. Узніміся, Госпадзе Божа, узнімі руку Тваю, не забывайся на ўбогага!
 
Паўстань Ягова, Божа! узьнімі Руку Тваю, ня забывайся пра прыгнечаных!

Чаму пагарджае нягоднік Богам? Бо ён сказаў у сэрцы сваім: «Ты не запатрабуеш».
 
Чаму бязбожнік пагарджае Богам, кажучы ў сэрцы сваім: «Ты ня спагоніш!?»

РЭС. Ты бачыш гэта, Ты зважаеш на пакуты і гора, каб узяць іх у рукі Твае. На Цябе пакінуты ўбогі, Ты зрабіўся апекуном сіраце.
 
Ты бачыў гэта! бо Ты зважаеш на пакуты і гора, каб узяць іх у Руку́ Сваю, Табе пакідае іх няшчасьлівы; Ты — памочнік сіраце.

СІН. Скрышы руку грэшніка і ліхадзея; будзеш шукаць Ты грэх яго і не знойдзеш.
 
Скрышы руку́ бязбожніку і ліхадзею, прыпомні яму (ліхадзею) бяззаконьне ягонае, каб болей і ня знайсьці яго!

Госпад — валадар навечна і на вечныя вякі: знікнуць пагане з зямлі Яго.
 
Ягова ёсьць Валадар навекі, назаўсёды; пагане зьнікнуць зь зямлі Ягонай.

ТАУ. Жаданне ўбогіх Ты выслухаў, Госпадзе; Ты ўмацуеш сэрца іх, прыхіліш вуха Тваё,
 
Ягова! Жаданьне пакорных Ты пачуў, Ты ўмацняеш ім сэрца, Ты схіляеш вуха Тваё,

каб даць суд сіраце і прыгнечанаму, каб чалавек на зямлі болей не наводзіў страх.
 
каб даць суд сіраце і прыгне́чанаму, і хай зямны чалавек наперад больш ня палохае.