Псалтыр 42 псалом

Псалтыр
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Сабілы і Малахава

 
 

Кіраўніку хору. Маскіль. Сыноў Корэ.
 
Кіраўніку хору. Навучальная песьня сыноў Карэявых.

Як алень імкнецца да водаў крынічных, так імкнецца душа мая да Цябе, Божа.
 
Як лань прагне да водных патокаў, так прагне душа́ мая, Божа, да Цябе.

Адчула смагу душа мая да Бога моцнага, жывога: калі ж пайду я і з’яўлюся перад Богам?
 
Душа́ мая прагне па Богу, па Жывому Богу. Калі я прыйду і зьяўлюся прад Абліччам Бога?

Сталі хлебам слёзы мае днём і ноччу, калі кажуць мне штодня: «Дзе ж Бог твой?»
 
Сьлёзы мае станавіліся хлебам маім удзень і ўначы, калі казалі мне ўвесь дзень: «дзе Бог твой?»

Прыпамінаю я гэта, і хвалююся ў душы маёй, бо я прыйшоў у грамадзе, у самы дом Божы, з голасам радасці і вызнання ў святкаванні ўслаўляючай працэсіі.
 
Зьліваючы душу́ маю, я буду думаць аб тым, як я буду хадзіць у вялікім натоўпе, сьвяточна павяду іх у дом Бога з моцным урачыстым воклічам і ўдзячнасьцю, у сьвяточным натоўпе.

Чаму ты смутная, душа мая, і чаго трывожышся ўва мне? Май надзею ў Богу, бо я ўсё роўна буду вызнаваць Яго: «Збаўленне аблічча майго» і «Бог мой».
 
Чаму ты засмучоная, душа́ мая, і чаму ты ўва мне спалоханая? Май надзею на Бога, бо я буду яшчэ славіць Яго за выратаваньне Абліччам Ягоным.

Ува мне самім душа мая маркотная, таму ўспамінаю Цябе з зямлі Ярдана і Гэрмону, з гары Мізар.
 
Мой Божа, душа́ мая прыгорблена ўва мне. Таму ўспамінаю пра Цябе зь зямлі Ярдану і Гэрмону, з гары Мізар.

Бездань заклікае бездань пад шум вадаспадаў Тваіх. Усе віры Твае і хвалі Твае на мяне нахлынулі.
 
Бе́здань гукае бе́здань шумам вадаспадаў Тваіх. Усе буру́ны Твае і хвалі Твае прайшлі нада мною.

Калі ўдзень надзеліць мяне Госпад ласкаю Сваёю, то і ноччу песня для Яго ёсць у мяне: малітва да Бога жыцця майго.
 
Удзень Ягова зьяўляе міласэрнасьць Сваю, а ўначы песьня мая Яму, малітва да Бога жыцьця майго.

Кажу я Богу: «Ты — мая скала. Чаму забываешся Ты пра мяне? Чаму я крочу засмучаны, а вораг чыніць мне пераслед?»
 
Я кажу Богу, маёй Скале: «Чаму забываеш Ты мяне? Чаму я хаджу хмарны ва ўціску ворага?»

Уздрыгваюць косці мае, а тыя, што прыцясняюць мяне, зняважылі мяне і кажуць мне штодзень: «Дзе Бог твой?»
 
Як здрабленьнем костак ног маіх зьдзекуюцца нада мной уціскальнікі мае тым, калі яны ўвесь дзень гавораць мне: «дзе Бог твой?»

Чаму ты смутная, душа мая, і чаго трывожышся ўва мне? Май надзею ў Богу, бо я ўсё роўна буду вызнаваць Яго: «Збаўленне аблічча майго» і «Бог мой».
 
Чаму ты засмучоная, душа́ мая, і чаму ты ўва мне спалоханая? Май надзею на Бога, бо я буду яшчэ славіць Яго, Які ёсьць парату́нак аблічча майго і мой Бог.