Псалтыр 83 псалом
Псалтыр
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Сабілы і Малахава
Песня. Псальм. Асафа.
Песьня. Псальм Асапавы.
Божа, не суцішвайся, не маўчы, не супакойвайся, Божа.
Божа, ня маўчы! ня заставайся моўчкі і ня будзь у супакоі, Усемагутны! —
Бо вось, загаманілі Твае непрыяцелі, і тыя, што ненавідзяць Цябе, паднялі галовы.
— Бо вось! — ворагі Твае зашумелі, і нянавісьнікі Твае паднялí галаву.
Учыняюць яны ліхую нараду супраць Твайго народа, радзяцца супраць тых, каго Ты ўхаваў.
Супраць народу Твайго яны робяць хітрую нараду і змаўляюцца супраць тых, каго Ты ахоўваеш.
Кажуць: «Ідземце і вынішчым іх з-паміж народаў і хай не ўпамінаецца больш імя Ізраэля».
Яны кажуць: «Пойдзем! зьнішчым іх, як народ, каб больш ня ўспаміналася імя Ізраэля.» —
Бо надумляюць яны адзінадушна, супраць Цябе ўсталёўваюць пагадненне;
Бо яны змовіліся аднадушным сэрцам; яны зрабілі змову супраць Цябе:
у паселішчы ідумеяў і ізмаэльцаў, маабіцян і агарэяў,
буданы Эдомавыя і ізмаэліты, Мааб і хагарыты,
Гэбал і Амон ды Амалек, край Філістэя, з жыхарамі Тыра.
Гэбал і Амон і Ама́лік, Пілістэя разам з жыхарамі Тыру;
Таксама і асірыйцы здружыліся з імі і сталі паплечнікамі Лотавых сыноў.
і Асур далучыўся да іх. Яны сталі адной рукой з сынамі Лота. Зэля.
Зрабі і гэтым, як зрабіў Мадыяну ці Сісару або Явіну над ручаём Кісон.
Зрабі ім, як Мадыяну, як Сісэру, як Явіну ля патоку Кісону,
Яны загінулі каля Эн-Дора і сталіся гноем для зямлі.
якія былі зьнішчаны ля Эн-Дору, якія сталіся гноем для зямлі.
З князямі іх учыні падобна, як з Арэбам і Зэбам, як з Зэбахам і Салманам і з усімі іх князямі,
Зрабі ім, іхным валадаром, як Арэбу і Зээбу і ўсім іхным князём, як Зэбаху і Зальмунну,
якія сказалі: «Успадкаемім сабе пашу Божую».
(і) тым, якія казалі: «Мы возьмем сабе на валоданьне селішчы Бога».
Божа мой, зрабі іх падобнымі да кола і быццам саломінку на ветры.
Божа мой! Зрабі іх падобнымі да пустазельля, як салому перад абліччам ветру.
Як агонь, што паліць лес, і як полымя, што абсмальвае горы,
Як агонь выпальвае лес і, як полымя апальвае горы,
так пераследуй іх грымотамі Сваімі і бураю Сваёй стурбуй іх.
так перасьледуй іх бураю Тваёю і палохай іх гураганам Тваім!
Напоўні твары іх сорамам, і няхай прызываюць імя Тваё, Госпадзе.
Напоўні твары іхныя сорамам, каб шукалі яны Імя Тваё, Ягова!
Хай пачырванеюць і збянтэжацца на векі вечныя, і пасаромеюцца, і загінуць,
Хай яны будуць пасаромлены і застрашаны навечна, і хай будуць паганьбены і загінуць,
і хай спазнаюць, што імя Табе — Госпад: Ты адзін — Найвышэйшы над усёй зямлёй.
і хай яны пазнаюць, што Ты ёсьць Адзіны — Ягова ёсьць Імя Тваё — Найвышэйшы над усёй зямлёй.