Псалтыр 56 псалом
Псалтыр
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Сабілы і Малахава
Кіраўніку хору. Паводле «Галубка далёкіх тэрэбінітаў». Давідаў. Міктам. Калі яго філістынцы затрымалі ў Геце.
Кіраўніку хору. На мелёдыю: «Бязмоўная галубка ў далечыні». Давідава апісаньне, як пілішчаны схапілі яго ў Гаце.
Пашкадуй мяне, Божа, бо растаптаў мяне чалавек, цэлы дзень нападаючы, апанаваў мяне.
Зьлітуйся нада мною Ты, Божа, бо чалавек хоча мяне праглынуць. Цэлы дзень ён ваюе і ўціскае мяне.
Тапталі мяне непрыяцелі мае цэлы дзень, бо шмат іх ваюе проці мяне, о Найвышэйшы!
Цэлы дзень мае перасьледнікі шукаюць мяне праглынуць. Многія ваююць супраць мяне о, Найвышэйшы!
У які дзень нападзе на мяне страх, я ў Табе, Усемагутны, маю надзею.
У дзень, калі страх хапае мяне, я спадзяюся на Цябе.
У Богу, слова Якога я слаўлю, у Богу паклаў я надзею: не баюся: што можа зрабіць мне чалавек?
(Толькі) праз Бога я слаўлю Ягонае Слова. Надзею маю я ускладаю на Бога. Я ня баюся. Што цела зробіць мне?
Цэлы дзень перашкаджалі яны маім справам, усе задумы іх адносна мяне — на ліха.
Цэлы дзень яны перакру́чваюць словы мае; усе іхныя думкі супраць мяне на зло.
Усчынялі яны лаянку, строілі падкопы, самі сачылі за крокамі маімі. Так, як шукалі яны душу маю,
Яны зьбіраюцца разам. Яны сочаць за мной. Яны назіраюць за маімі крокамі, каб ухапіць маю душу́.
так аддай ім за несправядлівасць, выгубі ў гневе народы, Божа.
За бяззаконьне іхнае адплаці Ты ім. У гневе Тваім, Божа, кінь народы далоў!
Ты палічыў вандраванні мае: пакладзі слёзы мае ў бурдзюку Тваім; ці не палічаны яны Табою?
Ты Сам залічы (мне) маё туляньне! Складзі сьлёзы мае ў судзіну Тваю. (Ці ёсьць яны) у Тваім скрутку?
Тады павернуцца непрыяцелі мае назад, у які б дзень ні паклікаў я Цябе: вось, спазнаў, што Ты — мой Бог.
Тады паве́рнуць мае ворагі наўцёкі ў дзень, калі я гукну. Гэта я ведаю, што Бог за мяне.
У Богу, слова Якога буду хваліць, у Госпадзе, слова Якога буду хваліць,
Дзеля Бога я буду славіць Слова. У Ягову я буду славіць Слова.
у Богу маю я надзею, не буду баяцца: што зробіць мне чалавек?
Я спадзяюся на Бога. Я ня буду баяцца. Што зробіць мне чалавек?
На мне, Божа, абяцанні Твае; аддам я ўхваленні Табе,
На мне, Божа, абяцаньні Твае. Я Табе аддам ахвяры ўдзячнасьці,
бо Ты ўратаваў душу маю ад смерці і ногі мае ад падзення, каб хадзіў я перад Богам у святле жывых.
бо Ты ўратаваў маю душу́ ад сьмерці і ногі мае ад падзеньня, — ці ж ня так? — каб я хадзіў перад Абліччам Бога ў сьвятле жывых.