Псалтыр 7 псалом
Псалтыр
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Сабілы і Малахава
Жальба Давіда, якую выспеваў перад Богам дзеля Куша Бэньямінава.
Лямант Давіда, што ён пяяў Ягове з прычыны слоў Куша, Бэніяміцяніна.
Госпадзе, Божа мой, на Цябе спадзяюся; уратуй мяне ад усіх тых, што чыняць мне пераследы, і вызвалі мяне,
Ягова, Божа мой! у Цябе я шукаю прытулак! Выратуй мяне ад усіх маіх перасьледавацеляў і вызвалі мяне,
каб не схапіў хто, як леў, душы маёй, разрываючы яе, пакуль няма Таго, Хто ўратаваў бы.
каб ня схапіў як леў душу́ маю, разрываючы яе, калі не́каму ратаваць!
Госпадзе Божа мой, калі ўчыніў я нешта, калі ёсць няпраўда ў руках маіх,
Ягова, Божа мой! калі я ўчыніў гэткае, калі бяззаконьне да рук маіх прыляпілася,
калі вярнуў я [благое] тым, што мне аддавалі назад благое, калі ўшанаваў непрыяцеля свайго марнага, дараваўшы яму,
і адплаціў ліхім таму, хто жыў са мною ў міры альбо абрабаваў таго, хто ўціскаў мяне бяз дай прычыны,
няхай вораг чыніць пераслед душы маёй, і схопіць, і растопча па зямлі жыццё маё і славу маю перакіне ў попел.
дык хай перасьледуе вораг душу́ маю і схопіць яе, і хай утопча ў зямлю жыцьцё маё, і чэсьць маю хай зьмяшае з пылам. (Зэля).
Паўстань, Госпадзе, у гневе Тваім і ўзнясіся супраць лютасці непрыяцеляў маіх, і паўстань, Божа мой, на судзе, які Ты запавядаў.
Паўстань, Ягова, у гневе Тваім! Узьніміся супраць лютасьці перасьледавацеляў маіх! Збудзіся дзеля мяне на суд, які Ты прызначыў!
І хай сход народаў акружыць Цябе, і над ёю вярніся ізноў на вышыню:
Няхай зьбяруцца народы вакол Цябе, і ўзьнясіся над імі ізноў на вышыню.
Госпад судзіць народы. Судзі мяне, Госпадзе, паводле справядлівасці маёй і паводле незласлівасці маёй, якая ёсць ўва мне.
Ягова судзіць народы. Судзі ж мяне, Ягова, паводля справядлівасьці маёй і паводля маёй нявіннасьці, якая ёсьць ува мне!
Хай спыніцца зласлівасць грэшнікаў, а справядлівага ўмацуй, справядлівы Божа, што пранікаеш у сэрцы і ўлонні.
Хай спыніцца злосьць бязбожных! а праведніка ўмацуй! Ты, Божа справядлівы, ёсьць Выпрабавальнік сэрцаў і нутра.
Успамога мая — у Бога, Які ратуе шчырых сэрцам.
Шчыт мой трымае Бог, Які ратуе шчырых сэрцам.
Бог — Суддзя справядлівы і магутны, гневаецца штодня,
Бог ёсьць Судзьдзя справядлівы, і Бог, Які кожны дзень спаганяе сурова.
Ці не агаліў Ён ізноў меч Свой, ці не нацягнуў лук Свой і не падрыхтаваў яго?
Калі ня наварача́юцца, Ён вострыць Свой меч. Ён нацягвае Свой лук і трымае напагатове.
І падрыхтаваў Ён Сабе смяротную зброю, стрэлы Свае зрабіў агнявымі.
І прыгатаваў яму́ прылады сьмерці. Стрэлы Ягоныя Ён робіць агністымі.
Вось [чалавек]: затаіў у сабе несправядлівасць — даў пачатак жалю — спарадзіў няпраўду;
Ён (бязбожнік) зацяжарыў ліхім і носіць у чэраве зло і народзіць ілжу.
пачаў капаць катлаван і выкапаў яго, і ўваліўся ў яму, якую зрабіў.
Ён капаў і выкапаў яму, але сам уваліўся ў яму, якую ён выкапаў.
Абернецца жаль яго на галаву яго, а зласлівасць яго спадзе на патыліцу яго.
Ліха, якое ён надумаў, упадзе яму на галаву, і гвалтоўнасьць ягоная ўпадзе яму на патыліцу.
Спавядаюся Госпаду паводле справядлівасці Яго і буду спяваць псальмы імю Госпада Найвышэйшага.
Дзякую Ягове за Ягоную справядлівасьць, і пяю хвалу Імені Яговы, Найвышэйшага.