Псалтыр 12 псалом

Псалтыр
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Сабілы і Малахава

 
 

Кіраўніку хору. На актаву. Псальм Давідаў.
 
Кіраўніку хору, на васьміструнным. Псальм Давідавы.

Выратуй мяне, Госпадзе, бо святы знямогся, бо мала стала верных сярод сыноў чалавечых.
 
Ратуй, Ягова, бо пабожны зьнік, бо верныя счэзлі сярод сыноў чалавечых.

Хлусліва прамаўляе кожны да блізкага свайго; падступнымі вуснамі з крывадушным сэрцам гавораць.
 
Усе хлусяць, кожны блізкаму свайму. Іхныя вусны — лісьлівыя. Яны гавораць ад крывадушнага сэрца.

Вынішчыць Госпад усе вусны падступныя і язык напышлівы [тых],
 
Ягова зьнішчыць усе крывадушныя вусны, язык, які ганарліва прамаўляе,

якія кажуць: «Языком сваім сябе ўзвялічым, вусны нашыя — пры нас; хто гаспадар над намі?»
 
яны, каторыя гавораць: «мы пераможам нашым языком. Вусны нашыя пры нас. Хто нам гаспадар?»

«Дзеля ўціскання гаротных ды ўздыхання ўбогіх паўстану цяпер, — кажа Госпад: — выратую таго, кім пагарджаюць».
 
«Дзеля ўцісканьня прыгнечаных, дзеля ўздыханьня беднага вось цяпер Я ўстаю», — кажа Ягова, — «Я хачу пасадзіць у бясьпеку таго, хто гэтага прагне».

Словы Госпада — словы чыстыя, срэбра, што выпрабавана агнём, ад зямлі ачышчанае, сямікратна ачышчанае.
 
Словы Яговы ёсьць словы чыстыя, ёсьць срэбра, што пераплаўленае ў горне і ачышчанае ад зямлі, сем разоў пераплаўленае.

Ты, Госпадзе, абароніш нас і ад гэтага роду навек захаваеш.
 
Ты, Ягова будзеш іх (прыгнечаных) бараніць, будзеш ахоўваць (іх) ад гэтага роду (нягоднага) вечна,

Бязбожнікі ходзяць навокал, калі нягоднікі ўзвышаюцца сярод сыноў чалавечых.
 
(пакуль) вакол ходзяць бязбожнікі, і подласьць ма́е вяршынства сярод сыноў чалавечых.