Псалтыр 24 псалом
Псалтыр
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Сабілы і Малахава
Давідаў псальм. Госпадава зямля і што яе напаўняе, зямля і ўсе, хто жывуць на ёй.
Псальм Давідавы. Яговы зямля і ўсё, што яе напаўняе, сусьвет і ўсё, што ў ім жыве,
Бо Ён заснаваў яе на марах і ўмацаваў на рэках.
бо Ён заснаваў яе на морах, і на патоках умацаваў яе.
Хто падымецца на гару Госпадаву або хто стане на святым месцы Яго?
Хто ўзыйдзе на гару Яговы? І хто будзе стаяць на мейсцы Сьвятасьці Ягонай?
Бязгрэшны рукамі і чысты сэрцам, хто не ўзняў душу сваю да марнасцей і не прысягнуў падступна.
Той, у каго рукі бязьвінныя і сэрца чыстае, хто душой сваёй ня самаўзвышаўся да марноты і ня прысягае падманна.
Гэтакі атрымае дабраславенне ад Бога і апраўданне ад Бога, свайго Збаўцы.
Ён атрымае багаславеньне ад Яговы і справядлівасьць ад Бога выратаваньня свайго.
Такі вось ёсць род тых, што шукаюць Бога, тых, што шукаюць аблічча Бога Якубава.
Гэта род тых, якія раяцца зь Ім, якія шукаюць Твайго Аблічча: (гэта ёсьць) Якуб. Зэля.
Падыміце, брамы, вярхі вашы і расчыніцеся, брамы спрадвечныя, і ўвойдзе Валадар Славы.
Вароты, падыміце галовы вашыя, і ўзьнясіцеся парталы (дзьверы), каб увайшоў Кароль славы!
Хто Ён, гэты Валадар Славы? — Госпад дужы і магутны, Госпад магутны ў бітве.
Хто ёсьць Гэты Кароль славы? Ягова моцны і ўладарны, Ягова гераічны ў барацьбе.
Падыміце, брамы, вярхі вашы і расчыніцеся, брамы спрадвечныя, і ўвойдзе Валадар Славы.
Вароты, падыміце галовы вашыя, і, ўзьнясіце іх парталы вечнасьці, каб увайшоў Кароль славы!
Хто Ён, гэты Валадар Славы? — Госпад магуццяў, вось хто такі Валадар Славы.
Хто ёсьць Ён, Гэты Кароль славы? Ягова войскаў — Ён ёсьць Кароль славы. Зэля.