Псалтыр 68 псалом
Псалтыр
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Сабілы і Малахава
Кіраўніку хору. Давідаў. Псальм. Песня.
Кіраўніку хору. Псальм Давідавы. Песьня.
Паўстае Бог, і рассейваюцца непрыяцелі Яго; і ўцякаюць ад аблічча Яго тыя, што ненавідзяць Яго.
Няхай паўстане Бог. Няхай расьсеюцца ворагі Ягоныя, і хай ад Аблічча Ягонага ўцякуць Яго нянавісьнікі.
Як рассейваецца дым, Ты рассееш іх; як плавіцца воск ад агню, так згінуць грэшнікі ад Бога.
Як разьвяваецца дым, так разьвей Ты іх. Як плавіцца воск ад агню, так хай загінуць бяззаконьнікі перад Абліччам Бога.
Справядлівыя ж будуць весяліцца і радавацца перад Богам і адчуюць асалоду ў весялосці.
Але справядлівыя хай радуюцца. Хай яны вяселяцца перад Абліччам Бога, і хай яны ў радасьці радуюцца ўрачыста.
Спявайце Богу, спявайце псальм імю Яго; учыніце дарогу Таму, Які ўзносіцца над аблокамі: імя Яму — Госпад. Усклікайце радасна перад Ім;
Сьпявайце Богу! Сьпявайце і іграйце Імю Ягонаму! Рабіце дарогу Таму, Хто ўзносіцца над аблокамі — Ягова Імя Ягонае — і весяліцеся перад Ім!
бацька сірот і суддзя ўдоў, Бог у доме Сваім святым.
Бог ёсьць Бацька сіротаў і Судзьдзя ўдоў у Сьвятой Сялібе Сваёй.
Бог, Які селіць пакінутых у доме, Які выводзіць вязняў да дабрабыту; між тым бунтаўнікі будуць жыць на няплоднай зямлі.
Самотных Бог вяртае жыць у доме. (Ён) выводзіць вязьняў да дабрабыту. А бунтаўнікі жывуць у сухой зямлі.
Божа, калі ішоў Ты перад народам Тваім, калі праходзіў Ты па пустыні,
Божа, калі Ты ішоў перад народам Тваім, калі Ты ішоў праз пустыню. Зэля,
зямля здрыганулася, нават нябёсы струмяніліся перад Богам Сіная, перад Богам Ізраэля.
зямля скалана́лася; Нябёсы плавіліся перад Абліччам Бога. А Сінай (стаіць) перад Абліччам Бога, Бога Ізраэля.
Выпусціў Ты, Божа, дождж самаўладна; спадчына Твая саслабела — Ты ж аднавіў яе.
Шчодры дождж праліваў Ты, Божа, Ты сíліў спадчыну Тваю, калі яна зьнемага́ла.
Жывыя стварэнні Твае жылі там, падрыхтаваў Ты [усё] для беднага ў дабраце Сваёй.
Народ Твой жыў у зямлі спадчыны Тваёй. У Дабрыні Тваёй, Ты, Божа, клапаціўся пра ўбогага.
Госпад дае слова і абвяшчаюць добрае, вялікае мноства:
Мой Госпад дае Слова. Вястуноў дабравесьця ёсьць вялікае войска.
«Цары войскаў уцякаюць, уцякаюць, а краса дому дзеліць здабычу.
Каралí войскаў уцякаюць; яны ўцякаюць, а жыхарка дому дзеліць здабычу.
А вы спіце ў агароджах сваіх: крылы галубіцы ззяюць срэбрам, а пер’е іх — яснасцю золата.
Калі вы ляжыце каля (сваіх дамашніх) камíнкаў, вы будзеце, як крылы галубіцы, якія пакрыты срэбрам, а пёры якой (зьзяюць) жоўтым золатам.
Калі разганяе па ёй цароў Усемагутны, снегам бялеецца Сэлмон».
Калі Ўсемагутны расьсеяў на ёй каралёў, яна была белая, як сьнег на Салмоне.
Гара Божая — гара Басан, гара крутая — гара Басан.
Гара Божая ёсьць гара Башанская! Гара з многімі вяршынямі ёсьць гара Башанская.
Што глядзіце вы з пагардаю, горы крутыя, на гару, дзе спадабалася пасяліцца Богу? Бо Госпад паселіцца навечна.
Што глядзіце вы зайздросна, (вы) шматвяршынныя горы, на гару, якую Бог пажадаў для жыцьця Свайго? Сапраўды, Ягова будзе жыць (на ёй) вечна.
Калясніц Божых дзесяць тысяч тысяч: Госпад прыходзіць з Сіная ў святое месца.
Калясьніцаў Божых дзясяткі тысячаў, тысячы і тысячы. Мой Госпад ёсьць сярод іх: Сінай у сьвятасьці.
Узышоў ты на вышыню, палоннага прывёў у палон; атрымаў людзей у падарунак, каб нават бунтаўнікі пасяліліся ў Госпада Бога.
Ты ўзышоў на вышыню, запалоніў палон, прыняў дары дзеля людзей, нават каб праціўнікі маглі жыць у Бога Яговы.
Дабраславёны Госпад штодня; панясе нас Бог збавенняў нашых.
Няхай будзе багаславёны мой Госпад! З дня на дзень Ён прыносіць для нас бярэма, Бог, Які ёсьць наш паратунак. Зэля.
Бог наш, Бог дзеля збаўлення; і ў Госпада, у Госпада — брама смерці.
Бог наш ёсьць Бог выратаваньня. І ў Яговы, майго Госпада, ёсьць выхады ад сьмерці.
Але ж Бог знясе галовы Сваім непрыяцелям, валасатую чупрыну — тым, хто трывае ў сваіх злачынствах.
Сапраўды, Бог размажджэрыць галаву Сваіх ворагаў, (зьніме) скальп таго, хто ходзіць у вінаватасьцях сваіх.
Госпад сказаў: «Ад Басана прывяду назад, выведу назад з глыбіні марской,
Мой Госпад сказаў: «Я вярну (іх) з Баша́ну, вярну з глыбіняў мора,
каб намачылася нага твая ў крыві, каб язык тваіх сабак атрымаў кавалак ад непрыяцеляў».
каб ты нагу тваю акунуў у кроў, (і) язык тваіх сабакаў меў сваю долю ад ворагаў».
Убачылі яны шэсце Тваё, Божа, шэсце Бога майго, Цара майго, у святое месца.
Яны бачылі шэсьце Тваё, Божа, шэсьце майго Бога, майго Караля, у сьвятасьці.
Наперадзе ішлі спевакі, апошнімі ідуць гусляры, у цэнтры — дзяўчаты з бубнамі.
Сьпераду ідуць сьпевакí, за імі музыкі, усярэдзіне дзяўчаты, якія граюць на бубнах.
У святынях дабраслаўляйце Бога, Госпада, вы, ад вытокаў Ізраэля.
«Багаслаўляйце Бога ў сходах; (багаслаўляйце) Ягову, (вы) з крыніцы Ізраэля!»
Там маладзенькі Бэньямін, што ўладарыць імі, князі Юды з харугвай сваёю, князі Забулона, князі Нэфталі.
Там Бэньямін, самы малады, які ўладарыць імі, князі Юды ў сукупнасьці, князі Зэбулона, князі Нахталімавыя.
Даручы, Божа, магуццю Твайму; умацуй тое, Божа, што ты стварыў у нас!
Бог твой наказа́ў табе сілу. Умацуй, Божа, тое, што Ты зрабіў для нас!
У святыні Тваёй, у Ерузаліме, цары прынясуць Табе дары!
Дзеля Сьвятыні Тваёй, што ўзвышаецца над Ярузалімам, будуць каралі прыносіць табе падарункі.
Напалохай звера ў трыснягу, статак быкоў сярод цялят народаў, якія хваляцца зліткамі срэбра. Разгані народы, якія імкнуцца да войнаў.
Утаймуй зьвера ў чароце, чароды ду́жых ра́зам зь дзецьмі народаў, якія пахваляюцца зьліткамі срэбра. Ён расьцярушыць народы, якія прагнуць войнаў.
Хай прыйдуць магнаты з Егіпта, хай Этыёпія працягне рукі свае да Бога.
Прыйдуць пасланьнікі зь Ягіпту. Ятыопія пасьпешна працягне ру́кі свае да Бога.
Валадарствы зямныя, спявайце Богу, грайце Госпаду, грайце Богу.
Вы, каралеўствы зямлі, сьпявайце Богу! Сьпявайце і іграйце майму Госпаду. Зэля,
Які імкнецца паўздоўж неба нябёсаў на ўсход; вось, падасць Ён голас Свой, голас магуцця.
Які едзе сюды на нябёсах, нябёсах спрадвечных! Вось! Ён пада́е Свой Голас, Голас сілы.
Прызнайце магуцце за Богам. Вышэй за Ізраэль веліч Яго, і магуцце Яго — у аблоках.
Дайце Богу сілу. Ве́ліч Ягоная над Ізраэлям, і магутнасьць Ягоная ў аблоках.
Дзівосны Ты, Божа, ад святога месца Твайго! Бог Ізраэля Сам надасць магуцце і моц Свайму люду. Дабраславёны Бог!
Ты, Божа, варты багавейнасьці (да страху), ад Сьвятыні Тваёй. Бог Ізраэля, Ён дае сілу і моц народу (Свайму). Няхай будзе багаславёны Бог!