Псалтыр 64 псалом

Псалтыр
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Сабілы і Малахава

 
 

Кіраўніку хору. Псальм. Давідаў.
 
Кіраўніку хору. Псальм Давідавы.

Выслухай, Божа, голас мой у роздуме маім; ад страху непрыяцеля ўсцеражы душу маю.
 
Пачуй, Божа, голас маленьня майго, ад страху ворага сьцеражы жыцьцё маё!

Захавай мяне ад зборышча ліхадзеяў, ад мноства тых, што чыняць несправядлівасць.
 
Беражы Ты мяне ад патайной змовы зламысьнікаў, ад зборышча бяззаконьнікаў,

Яны востраць, быццам меч, языкі свае, накіравалі стрэлы свае, атрутныя словы,
 
якія язык свой навастрылі, як меч, якія жорсткае слова, як стралу, наклалі (на лук),

каб употай працяць стралой беззаганнага. Знянацку стрэляць яны ў яго і не пабаяцца.
 
каб употай страляць у бяззаганнага. Яны зьнянацку страляюць ў яго, і яны ня баяцца.

Умацавалі яны ў сабе нягодны намер. Змовіліся яны, каб патаемна наставіць сеці, сказалі: «Хто ўбачыць іх?»
 
Яны мацуюць сябе ў справе ліхой, яны змаўляюцца, як патаемна паставіць сеткі, і кажуць: «хто убачыць іх?»

Выдумляюць яны злачынствы, ажыццяўляюць прыдуманыя намеры. Унутранае чалавека і сэрца яго — бездань.
 
Яны выдумляюць ліхадзействы: «Мы закончым выдумку. План выдуманы.» І ўнутранае чалавека, сэрца, ёсьць таямніца (цяжкаспасьцігаемая).

І Бог паб’е іх стрэламі; знянацку з’явяцца раны Яго.
 
Тады Бог стрэліць па іх стралою. І яны зьнянацку стаюцца паражонымі.

І зрабіў Ён бяссільнымі языкі іх. Адвернуць галовы ўсе, хто ўбачыць іх.
 
І спатыкнуцца яны з прычыны сваіх языкоў. Усе, хто іх бачыць, адхіну́цца ад іх.

І кожны чалавек будзе баяцца; і будуць абвяшчаць справы Божыя і будуць асэнсоўваць учынкі Яго.
 
Тады ўсе людзі збаяцца і будуць апавяшчаць Дзею Бога і разважаць пра Ягоны Ўчынак.

Узвесяліцца справядлівы ў Госпадзе і будзе мець у Ім надзею, і ўслаўлены будуць усе праўдзівыя сэрцам.
 
Праведны ўзрадуецца ў Госпадзе і возьме прытулак у Ім. Няхай хваляцца ўсе справядлівыя сэрцам.