Псалтыр 78 псалом

Псалтыр
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Сабілы і Малахава

 
 

Маскіль. Асафа. Звярні ўвагу, народзе мой, на навуку маю; схіліце вуха вашае на словы вуснаў маіх.
 
Навука Асапава. Слухай, народзе мой, навуку маю! Нахіліце вуха вашае да слоў вуснаў маіх!

Адкрыю вусны мае ў прыпавесцях, выказваць буду тое, што было скрыта ад стварэння свету.
 
Я адчыню вусны мае ў прыповесьці, выкажу загадкі старадаўныя.

Колькі ж мы пачулі і спазналі пра гэта, і продкі нашыя расказалі нам.
 
Якія мы пачулі і ведаем іх, і што нам ба́цькі нашыя пераказалі,

Не ўтоім і мы ад сыноў іх, расказваючы наступнаму пакаленню пра хвалу Госпада, і пра магуцці Яго, і пра цуды Яго, якія ўчыніў.
 
мы ня схава́ем ад сыноў іхных, абвяшчаючы будучаму пакаленьню славу Яговы і магутнасьць Ягоную, і Ягоныя Цуды, якія Ён учыніў.

Усталяваў Ён сведчанне ў Якубе і паклаў закон для Ізраэля; як многа ўсяго загадаў Ён продкам нашым паведаміць і сынам сваім,
 
Бо Ён устанавіў сьведчаньне ў Якубе і паклаў Ён Закон у Ізраэлю, які Ён наказаў ба́цькам нашым, каб яны пераказвалі іхным сыном,

каб спазнала наступнае пакаленне, сыны, якія народзяцца. Уздымуцца яны і раскажуць сынам сваім,
 
каб ве́дала пакаленьне наступнае, сыны, якія народзяцца, а яны ўстануць і раскажуць сыном сваім,

каб на Бога ўскладалі надзею сваю і каб не забываліся пра справы Божыя і каб выконвалі Яго загады.
 
каб яны надзею сваю ўскладалі на Бога і ня забывалі Дзеі Божыя, і прыказаньні Ягоныя захоўвалі,

Хай не стануцца яны, як продкі іх, пакаленне непакорлівае і няўрымслівае; пакаленне, якое не ўмацавала сэрца свайго і не быў верны Богу дух яго.
 
і каб ня былí як ба́цькі іхныя, род упарцісты і мяцежны, пакаленьне, якое ня ўмацавала сэрца свайго, і дух якога быў няверны Богу.

Сыны Эфраіма, што нацягваюць і спускаюць лук, былі павернуты назад у дзень вайны.
 
Сыны Яхрэмавы, узброеныя лу́кам, у дзень бíтвы павярнулі назад.

Не трымаліся яны запавету Божага і не згаджаліся жыць па законе Яго.
 
Яны ня захавалі Запавету Божага і адмовіліся хадзіць паводля Закону Ягонага.

І забыліся яны пра справы Яго і пра цуды Яго, якія паказаў ім.
 
І забылі Дзеі Ягоныя і Цуды Ягоныя, якія Ён паказаў ім.

Уваччу продкаў іх учыніў Ён цуды ў зямлі Егіпецкай, на полі танейскім.
 
Перад абліччам ба́цькаў іхных Ён тварыў Цуды ў зямлі Ягіпту, на полі Цоан.

Рассек Ён мора і правёў іх, і паставіў воды, быццам у бурдзюку.
 
Ён разьдзяліў мора і правёў іх празь яго, і воды паставіў, як сьцены,

І правёў іх у воблаку на працягу дня, а на працягу ўсёй ночы ў асвятленні агню.
 
і ўдзень вёў іх воблакам, а ўначы — сьвятлом агню.

Рассек Ён скалу ў пустыні і наводніў іх, быццам глыбокая бездань.
 
Ён расшчапляў скалы ў пустэльні і паіў іх шчодра, як зь вялікіх глыбіняў;

І вывеў ручаіны са скалы і выпусціў воды, быццам рэкі.
 
і із скалы Ён вывеў патокі, і пацяклі воды, як рэкі.

Але ўсё яшчэ працягвалі яны грашыць супраць Яго, да гневу ўзрушылі Узвышняга ў бязводдзі.
 
Але яны далей працягвалі грашыць супраць Яго і былі мяцежнымі супраць Усявышняга ў пустэльні.

І спакушалі яны Бога ў сэрцах сваіх, дамагаючыся ежы для душ сваіх.
 
І яны спакушалі Ўсемагутнага ў сэрцы сваім (і) патрабавалі яду паводля жадобы сваёй.

І супраць Бога прамаўлялі яны, казалі: «Няўжо зможа Бог нарыхтаваць стол у пустыні?»
 
І яны гаварылі супраць Бога, кажучы: «Ці можа Бог прыгатаваць стол у пустэльні?

Вось, ударыў Ён у скалу, і пацяклі воды, і ручаі разліліся. «Няўжо зможа Ён таксама даць хлеб і нарыхтаваць мяса народу Свайму?»
 
Вось! Ён уда́рыў па скале, і пацяклі воды, і заструменіліся рэкі. Ці можа Ён даць яшчэ і хлеб народу Свайму і нарыхтаваць мяса?»

Гэта пачуў Госпад і абурыўся, і запаліў агонь супраць Якуба, і гнеў падняўся на Ізраэля.
 
Таму, як Ягова гэта пачуў, Ён разгневаўся, і ўзгарэўся агонь супраць Якуба, і таксама гнеў узьняўся супраць Ізраэля,

Бо не паверылі яны ў Бога, не мелі надзеі ў збавенні Яго.
 
за тое, што яны ня паверылі Богу, і яны ня давяралі выратаваньню Ягонаму.

І вось загадаў Ён хмарам зверху і адчыніў дзверы неба,
 
Алё Ён загадаў аблокам угары і расчыніў дзьверы нябёсаў

і паслаў ім дажджом манну для ежы, і хлеб нябесны даў ім;
 
і пасыпаў на іх манку, як дождж, каб елі, і даў ім хлеб Нябёсаў.

хлеб анёльскі спажыў чалавек; паслаў Ён ежы ім у дастатку.
 
Чалавек еў хлеб Ангелаў. Яду паслаў Ён ім удосыць.

Узняў Ён усходні вецер на небе і навёў магуццем Сваім вецер паўднёвы;
 
Ён падняў усходні вецер у небе, і сілай Сваёй Ён узьняў вецер паўднёвы.

і паслаў на іх дажджом мяса, быццам пыл, і, быццам пясок марскі, — птушак крылатых:
 
І быццам пыл Ён пусьціў на іх дажджом мяса і, як пясок марскі, птушак крылатых

І ўпалі яны пасярод іх лагера, вакол палатак іх.
 
і кінуў іх сярод іхнага лагеру, вакол іхных палатак.

І сталі яны спажываць, і наеліся добра, і па патрэбе іх даў Ён ім.
 
І яны елі і ве́льмі насыціліся, і што яны жадалі, Ён ім даў.

Ды яшчэ не задаволіліся яны ў патрэбе сваёй, а ежа іх была яшчэ ў вуснах іх,
 
Яшчэ ня задаволілі яны жадобы сваёй, яшчэ іхная яда была ў роце іхным,

як загарэўся на іх гнеў Божы, і забіў Ён тлустасць іх, унівеч зрынуў абраных ізраэльцаў.
 
як узьняўся гнеў Бога супраць іх; і Ён забіў іхных моцных мужчын, і выбраных Ізраэля Ён нізрынуў.

Ва ўсім гэтым грашылі яны далей, не паверылі Яго цудам.
 
Пры ўсім гэтым яны грашылі далей і ня верылі Ягоным Цу́дам.

і загубіў дні іх ў марнасці і гады іх у страху.
 
Дык пакінуў Ён іхныя дні зьнікаць у ма́рнасьці і гады іхныя ў страху.

Калі забіваў Ён іх, пачыналі шукаць Яго і, навернутыя, прыходзілі да Яго на досвітку.
 
Калі Ён іх забіваў, тады яны распытвалі пра Яго і наварочваліся і шукалі Ўсемагутнага рупліва;

І прыпаміналі сабе, што Бог — іх Успаможца, і Бог Узвышні — іх Адкупіцель.
 
і яны ўспаміналі пра тое, што Бог ёсьць іхная Скала, і Бог Найвышэйшы — іхны Збаўца.

І ўгаворвалі Яго вуснамі сваімі і хлусілі Яму сваім языком.
 
І ву́снамі сваімі лісьлівілі Яму, і языком сваім ілгалі Яму.

Бо сэрца іх не было праўдзівым з Ім, і не былі яны вернымі ў запавеце Яго.
 
І іхнае сэрца ня было перад Ім шчырым, і ня былі яны вернымі Запавету зь Ім.

Ён, аднак, быў міласэрны і спагадны да несправядлівасці і не губіў іх. Часта адводзіў Ён Свой гнеў і не палаў на поўню ў Сваім абурэнні.
 
Але Ён быў міласэрным, дараваў іхныя бяззаконьні і ня зьнішчыў іх. Але шматкроць адварачаў гнеў Свой і ня будзіў усёй Сваёй ярасьці;

І прыпамінаў сабе, што яны — толькі цела, подых імклівы і незваротны.
 
бо Ён па́мятаў, што яны — цела, подзьмух, які адыходзе і ня вяртаецца.

Колькі разоў раздражнялі Яго ў пустыні, да гневу ўзбуджалі Яго ў бязводдзі!
 
Як часта яны паўставалі супраць Яго ў пустэльні, і прыносілі Яму боль у зямлі бязьлюднай!

І зноў спакушалі Бога і раздражнялі Святога Ізраэлева.
 
І яны ізноў спакушалі Бога і абмяжоўвалі Сьвятога Ізраэлявага.

Не ўспаміналі яны пра руку Яго, пра дзень, калі адкупіў Ён іх з рукі пераследніка.
 
Яны ня па́мятавалі Рукі Ягонай, ні дня, калі Ён вызваліў іх ад прыгнятальніка,

Калі падаў Ён у Егіпце знакі Свае і цуды Свае ў полі танейскім.
 
калі Ён чыніў Знакі Свае ў Ягіпце і Цуды Ягоныя на полі Цоан:

Ператварыў Ён у кроў рэкі іх і ручаі іх, каб не пілі.
 
і абярнуў у кроў рэкі іхныя і патокі іхныя, так што яны ня маглі піць.

Наслаў на іх мух, і тыя кусалі іх, і жабаў, і тыя губілі іх.
 
І наслаў сярод іх мух, якія іх кусалі, і жабаў, якія губілі іх;

На ўраджай іх напусціў вусеняў, а плады працы іх аддаў саранчы.
 
і Ён аддаў ву́сені ўраджай іхны і (плады) працы іхнай — саранчы.

Градам знішчыў вінаграднікі іх, а морвы іх — маразамі.
 
Іхныя вінаградныя лозы Ён пабіў гра́дам, а сікаморы іхныя — гра́дам буйным.

І аддаў граду жывёлу іх, а статкі іх — полымю агністаму.
 
Аддаў граду і тавар іхны, і статкі іхныя — маланкам.

Наслаў на іх полымя гневу Свайго; раз’ятранасць, пагрозлівасць і прыцясненне — насланне ліхіх анёлаў.
 
Ён паслаў на іх полымя гневу Свайго, і абурэньне і лютасьць, і бяду — пасольства ліхіх ангелаў.

Даў вольны шлях гневу Свайму, не ўхаваў ад смерці душы іх і жыццё іх спыніў.
 
Ён даў дарогу гневу Свайму, ня ахоўваў іхныя душы ад сьмерці, і жыцьцё іхнае аддаў маравой язве.

І выгубіў Ён усё першароднае ў зямлі Егіпецкай, парасткі ствалоў іх у палатках Хама.
 
І выгубіў Ён усё першароднае ў Ягіпце, першакоў сілы ў палатках Хама.

Ён правёў, як авечак, народ Свой, і правёў іх, быццам статак, па пустыні.
 
А народ Свой Ён вывеў, як авечкі, і кіраваў імі ў пустэльні, як чарадой.

І вывеў іх у спадзяванні, і яны не баяліся, а непрыяцеляў іх пакрыла мора.
 
І вёў Ён іх бясьпечна, і яны ня баяліся. А ворагаў іхных пакрыла мора.

І ўвёў іх у межы пасвячэння Свайго, на гару, якую здабыла правіца Яго.
 
І Ён прывёў іх у межы (зямлі) прысьвечанай, да той гары, якую прыдбала Ягоная Пра́віца.

І адрынуў перад імі паганаў, і падзяліў ім зямлю шнуром спадчыны, і даў пакаленням ізраэльскім жыць у палатках іх.
 
І Ён прагнаў перад імі пага́наў і надзяліў іх ме́йсцамі нашчаднымі мерным шнуром, і пасяліў калены Ізраэля ў іхныя палаткі.

Ды спакушалі і раздражнялі яны Бога Узвышняга і сведчанняў Яго не захоўвалі.
 
Але яны спакушалі і бунтавалі супраць Бога Ўсявышняга, і сьведчаньняў Ягоных ня трымаліся.

І адступалі, і крывадушнічалі, як і бацькі іх, пераварочваліся назад, як крывы лук,
 
І яны адступаліся і здраджвалі, як іхныя ба́цькі. Яны паварачваліся, як няверны лук.

да гневу ўзбуджалі Яго ўзгоркамі сваімі, і балванамі сваімі справакавалі Яго да рэўнасці.
 
Яны раздражнялі Яго сваімі вышынямі (з капішчамі), і сваімі выразанымі балвана́мі яны ўзбуджалі ў Ім рэўнасьць.

Пачуў Бог і ўзгарэўся гневам, і рэзка адцураўся Ізраэля.
 
Бог пачуў (гэта) і загневаўся і Ён моцна адапхнуў Ізраэля.

І адкінуў Ён паселішча Сіло, палатку, дзе пасяліўся сярод людзей.
 
І Ён пакінуў жытло ў Сіломе, палатку, якую Ён зьмясьціў сярод людзей.

І аддаў у палон магуцце Сваё і аздобу Сваю — у рукі непрыяцеля.
 
І Ён аддаў у палон сілу Сваю і славу Сваю ў руку́ ворага;

І замкнуў Ён мячом народ Свой, і на спадчыну Сваю абурыўся.
 
і аддаў Ён народ Свой ме́чу, і разгневаўся Ён на спадчыну Сваю.

Юнакоў іх зжор агонь, а дзяўчаты іх — не замужам.
 
Юнакоў ягоных (народу) пажыраў агонь, і дзяўчаты ягоныя (народу) мусілі заставацца бяз шлюбных песьняў.

Святары іх палеглі ад меча, і ўдовы іх не былі аплаканыя.
 
Сьвятары ягоныя (народу) па́далі ад ме́чу, і ўдовы ягоныя (народу) ня плакалі (па загíнулых).

І падняўся Госпад, як быццам ад сну, нібы волат, закамянелы ад віна.
 
Мой Госпад прачнуўся, быццам нехта сьпячы, быццам волат, які ад віна радасна крычыць;

І ўдарыў на ворагаў сваіх з заплечча і справіў ім вечную ганьбу.
 
і ударыў Ён ворагаў Сваіх ззаду (уцякаючых). І аддаў іх ганьбе навечна.

І пакінуў Ён палатку Язэпа, і не абраў сабе пакалення Эфраіма.
 
І Ён адкінуў палатку Язэпа, Ён ня выбраў калена Яхрэмавага,

Але абраў сабе пакаленне Юды, гару Сіён, якую ўзлюбіў.
 
але Ён выбраў калена Юды, гару Сыён, якую Ён любіць.

І збудаваў, як найвышэйшае свяцілішча Сваё, так і зямлю, якую ўстанавіў навечна.
 
Ён збудаваў Сваю высокую Сьвятыню, як Нябесную, як зямлю, якую Ён заснаваў на векі.

І выбраў Давіда слугою Сваім, і выставіў яго ад статкаў авечых,
 
Ён выбраў Давіда, Свайго слугу, і ўзяў яго ад кашараў авечых;

ад акочаных [авечак] прыняў яго, пасвіць Якубаў народ Свой і Ізраэлеву спадчыну Сваю.
 
ад (дойных кормячых) авечак Ён узяў яго пасьвіць Якуба, Ягоны народ, Ізраэля, спадчыну Сваю.

І пасвіў іх у бязвіннасці сэрца свайго і ў мудрасці рук сваіх вадзіў іх.
 
І ён пасьвіў іх у шчырасьці сэрца свайго, і ён кіраваў імі ў мудрасьці рук сваіх.