Псалтыр 4 псалом
Псалтыр
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Сабілы і Малахава
Кіраўніку хору. На струнах. Псальм Давідаў.
Кіраўніку хору: на струнных інструмэнтах. Псальм Давідавы.
Калі я клічу Цябе, выслухай мяне, Божа справядлівасці маёй. У турбоце Ты даваў мне прастору; злітуйся нада мною і выслухай маленне маё.
Пачуй мяне, калі гукаю, Божа справядлівасьці маёй! У цясноце Ты даў мне прастору. Зьлітуйся нада мною і пачуй малітву маю!
О сыны чалавечыя, дакуль жа будзеце благімі сэрцам? Чаму вы любіце марнасць і шукаеце хлусню?
Сынове людзей: дакуль слава мая ганьбавацьмецца? Дакуль марнасьць любіць будзеце ды ілжы шукацьмеце? (Зэля).
Ведайце, што Госпад цудоўна ўслаўляе святога Свайго. Бог выслухае, калі буду Яго клікаць.
Ведайце, што Ягова выдзяліў Сабе пабожнага Свайго; Ягова чуе, калі я гукаю да Яго.
Калі гневаецеся, не грашыце; разважце ў сэрцах вашых на ложках вашых і супакойцеся!
Дрыжыце і ня грашыце! разважайце ў сэрцах вашых на ложках вашых і маўчыце! (Зэля).
Складзіце ахвяру праўды і майце надзею ў Богу.
Прыносьце ахвяры справядлівасьці і спадзявайцеся на Ягову!
Шмат якія кажуць: «Хто паказвае нам даброты?» Узнімі над намі, як знак, святло аблічча Твайго!
Многія кажуць: хто пакажа нам добрае? Ты, Ягова, узьнімі над намі сьвятло Аблічча Твайго!
Надаў Ты большую радасць у сэрца маё, чым калі памнажаюцца ў іх пшаніца ды віно.
Ты напоўніў сэрца маё большай радасьцяй, чым яны маюць яе ў часе, калі збожжа і віна ў іх пабольшала.
У спакоі кладуся і засынаю, бо Ты адзіны, Госпадзе, даеш мне жыць ў бяспецы.
У міры кладуся я і сплю, бо Ты адзіны, Ягова, даеш мне жыць у бясьпецы.