1 да Карынфянаў 14 разьдзел

Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Імкніцеся да любові, рупцеся пра духоўнае, асабліва пра тое, каб праракаваць.
 
Ганіцеся за міласьцяй і горача жадайце духоўных дароў, асабліва, каб вы маглі праракаць.

Бо хто гаворыць мовамі, не людзям гаворыць, але Богу. Бо ніхто не чуе, а ён Духам гаворыць тайны.
 
Бо хто гукае моваю, ня гукае людзём, але Богу; бо ніхто ня слухае, ён тайны гукае духам;

Той жа, хто праракуе, гаворыць людзям на збудаванне, і для заахвоты, і для суцяшэння.
 
А хто праракае, тый гукае людзём збудаваньне а захочаньне а пацяшэньне.

Хто гаворыць мовамі, самога сябе настаўляе, а хто праракуе, царкву будуе.
 
Хто гукае моваю, будуе сябе; а хто праракае, тый будуе царкву.

Хачу, каб вы ўсе гаварылі мовамі, але лепш, каб праракавалі. Бо большы той, хто праракуе, чым той, што гаворыць мовамі, хіба пры тым будзе і тлумачыць, каб царква атрымала збудаванне.
 
Я зычу, каб вы ўсі гукалі мовамі; але валей, каб праракалі, бо хто праракае, тый пераходзе гукаючага мовамі, хіба, што ён зьясьніць, каб царква адзяржала збудаваньне.

Цяпер жа, браты, калі прыйду да вас, гаворачы мовамі, якую прынясу вам карысць, хіба што буду гаварыць да вас абвяшчэннем, або ведамі, або прароцтвам, або навукай.
 
Дык цяпер, браты, калі я прыйду да вас, гукаючы мовамі, дык што за карысьць вам, калі ня буду гукаць аб’яўленьням, або знацьцём, або прароцтвам, або навукаю?

Бо і тыя, што без душы, голас падаюць: ці то жалейка, ці то гуслі; калі б яны не падавалі выразных гукаў, як можна было б тады адрозніць, ці гэта гук жалейкі, ці гусляў?
 
Гэта ж і няжывыя рэчы, што выдаюць гук, як дудка альбо гарпа; калі б ня было розьніцы ў гуках, як пазнаць, што дудзіць альбо грае гарпа?

Калі гэтак труба падасць невыразны гук, дык хто будзе рыхтавацца да бою?
 
Таксама калі труба выдаець неазначаны гук, хто будзе гатавацца да бітвы?

Так і з вамі, калі языком невыразна будзеце вымаўляць словы, дык хто можа зразумець, што вы гаворыце? Вы будзеце гаварыць на вецер!
 
Гэтак і вы, калі языком вымаўляеце незразумелыя словы, дык як пазнаюць, што вы гукаеце? Вы будзеце гукаць у паветра.

Падумай, як многа розных моў на свеце? Але кожная з іх не без голасу.
 
Колькі, прыкладам, розных словаў на сьвеце, і ні воднага зь іх няма без азначанага гуку.

Калі я, аднак, не буду разумець значэння слоў, дык буду для прамоўцы чужынцам, і прамоўца для мяне будзе чужынцам.
 
Калі ж я ня знаю моцы гуку, буду таму, што гукае, чужаземцам, і тый, што гукае, імне чужаземец.

Таксама і вы, калі рупіцеся пра духоўнае, дык імкніцеся ўзбагачацца ім для пабудовы царквы.
 
Гэтак і вы, будучы рупатлівыя духоўных дароў, старайцеся збыткаваць на збудаваньне царквы.

Таму: хто гаворыць мовамі, хай моліцца, каб патлумачыць.
 
Затым тый, хто гукае моваю, хай моліцца, каб мог зьясьніць.

Калі я малюся мовамі, дух мой моліцца, але розум не мае карысці.
 
Бо калі я малюся моваю, дух мой моліцца, але розум мой бясплодны.

Дык што рабіць? Буду маліцца духам, але таксама буду маліцца розумам; буду спяваць духам, буду спяваць і розумам.
 
Дык што ж? Буду маліцца духам, але буду маліцца й розумам; буду пяяць духам, але буду пяяць і розумам.

Дарэчы, калі ты будзеш дабраслаўляць у духу, як жа на тваё дабраславенне скажа «Амін!» хтосьці просты, бо ён не разумее, што ты гаворыш?
 
Бо, накш кажучы, калі ты дабраславіш духам, як можа тый, што займае месца простага, сказаць «Амін» на твае дзякаваньне? Бо ён ня ведае, што ты кажаш.

Ты, праўда, прыгожа падзяку складаеш, але іншы не збудоўваецца.
 
Бо ты запраўды добра дзякуеш, але другі ня будуецца.

Дзякую Богу майму, што я больш за вас усіх гавару мовамі.
 
Дзякую Богу, што балей за ўсіх вас мовамі гукаю;

Усё ж такі ў царкве хачу сказаць лепш пяць слоў сваім розумам, каб навучыць іншых, чым дзесяць тысяч слоў мовамі.
 
Але ў царкве зычу валей пяць словаў сказаць розумам сваім, каб і іншых навучыць, чымся дзесяць тысячаў словаў моваю.

Браты! Не будзьце дзецьмі розумам, але будзьце немаўлятамі адносна зла, а розумам будзьце дарослымі.
 
Браты! ня будзьце дзеці розумам: на ліха будзьце бязьлеткі, але розумам будзьце вырослыя.

У законе напісана: «Буду прамаўляць да гэтага народа іншымі мовамі і вуснамі іншымі, але яны і тады не паслухаюць Мяне», — кажа Госпад.
 
Напісана ў Законе: «Людзьмі іншых моваў і чужымі вуснамі буду гукаць да люду гэтага, але й гэтак не паслухаюць Мяне, кажа Спадар».

Дык вось, мовы ёсць знак не для веруючых, але для бязверных; прароцтва ж не для бязверных, але для веруючых.
 
Дык мовы ё на знак ня вернікам, але нявернікам; а прароцтвы не нявернікам, але вернікам.

Дык калі збярэцца ўся царква ды ўсе пачнуць гаварыць мовамі, а ў той час увойдуць неадукаваныя або бязверныя, ці ж не скажуць, што вы звар’яцелі?
 
Калі ўся царква зыйдзецца разам, і ўсі будуць гукаць мовамі, і простыя ўвыйдуць альбо нявернікі, дык ці ня скажуць яны, што вы шалёныя?

А калі ўсе праракуюць, і ў той час прыйдзе якісьці бязверны або неадукаваны, дык будзе ён усімі дакараны, усімі суджаны,
 
Але як усі праракаюць, і ўвыйдзе які нявернік альбо просты, яго ўсі пераконуюць, усі судзяць яго.

і гэтак тайны яго сэрца адкрыюцца, і ён, упаўшы на твар, паклоніцца Богу, прызнаючы: «Сапраўды, Бог з вамі!»
 
І тайны сэрца ягонага выяўляюцца, і ён падае ніцма, кланяецца Богу й скажа, што запраўды з вамі Бог.

Дык што ж, браты? Калі збіраецеся разам, кожны з вас мае псальм, мае навуку, мае адкрыццё, мае мовы, мае тлумачэнне: усё гэта хай будзе на пабудову царквы.
 
Дык што ж, браты? Як вы зыходзіцеся, кажны з вас мае псальму, мае навуку, мае мову, мае аб’яўленьне, мае выклад, — усе няхай будзе на збудаваньне.

Калі хто гаворыць мовамі, дык хай па чарзе двое, найбольш трое, а адзін хай тлумачыць.
 
Калі хто гукае моваю, хай будзе двух альбо найбалей трох, ды паасобку, і адзін зьясьняй.

А калі б не было тлумачальніка, дык хай маўчыць у царкве, але сам сабе гаворыць і Богу.
 
Калі ж ня будзе зьясьняньніка, няхай ён маўчыць у царкве, а гукае самому сабе й Богу.

Прарокі хай прамаўляюць па двое або па трое, іншыя ж хай разважаюць.
 
Прарокі ж няхай два або тры гукаюць, а іншыя няхай разважаюць.

Калі ж каму іншаму з тых, што сядзяць, будзе дадзена аб’яўленне, дык хай першы замоўкне.
 
Калі ж іншаму седзячаму было аб’яўленьне, няхай першы маўчыць.

Такім спосабам можаце праракаваць усе, адзін за адным, каб усе вучыліся і ўсе былі ўсцешаны.
 
Бо можаце ўсі адзін за адным праракаць, каб усі вучыліся і ўсі захочаваліся.

І духі прарочыя паслухмяныя прарокам,
 
І духі прароцкія падданыя прарокам;

бо Бог не ёсць Бог бязладдзя, але супакою. Як гэта адбываецца ва ўсіх цэрквах у святых,
 
Бо Бог ня ё Бог няраду, але супакою, як у вусіх цэрквах сьвятых.

жанчыны вашы ў цэрквах павінны маўчаць, бо не дазваляецца ім гаварыць, але няхай будуць пакорлівыя, як і закон кажа.
 
Няхай жанкі маўчаць у цэрквах, бо не дазволена ім гутарыць, але быць падданымі, як і Права кажа.

Калі яны хочуць нечаму навучыцца, хай пытаюцца ў мужоў сваіх дома, бо сорамна жанчынам прамаўляць у царкве.
 
Але, калі яны зычаць навучыцца чагось, няхай пытаюцца ў мужоў сваіх дома, бо сорам жонцы гутарыць у царкве.

Ці ж ад вас выйшла слова Божае? Або ці да вас толькі прыйшло?
 
Ціж ад вас вышла слова Божае? Або да вас адных дасягло?

Калі каму здаецца, што ён прарок або духоўны, дык хай ведае, што тое, што вам пішу, ёсць загады Госпада.
 
Калі хто ўважае сябе за прароку альбо духоўнага, няхай пазнаець, што я пішу вам, што гэта расказаньне Спадарова;

А калі хто гэтага не разумее, хай не разумее.
 
А хто ня ведае, няхай ня ведае.

Так, вось, браты, рупцеся пра дар праракавання ды не забараняйце прамаўляць на мовах.
 
Дык, браты, рупцеся праракаць, але не бараніце гукаць мовамі.

Хай усё адбываецца прыстойна і парадкам.
 
Няхай жа ўсе дзеецца гожа а радна.