Лявіт 21 разьдзел

Лявіт
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

І сказаў Гасподзь Майсею: абвясьці сьвятарам, сынам Ааронавым, і скажы ім: хай не апаганьваюць сябе дакрананьнем да памерлага з народу свайго,
 
І сказаў ГОСПАД Майсею: «Гавары сьвятарам, сынам Аарона, і кажы ім: “Няхай не занечышчаецца сьвятар, дакранаючыся памёршага з народу свайго.

толькі да блізкага сваяка свайго, да маці сваёй і да бацькі свайго, да сына свайго і дачкі сваёй, да брата свайго
 
Толькі да блізкіх сваякоў, да бацькі свайго і маці сваёй, сына свайго і дачкі сваёй, і брата свайго,

і да сястры сваёй, дзяўчыны, што жыве пры ім і ня была замужам, можна яму дакранацца, не апаганьваючы сябе;
 
і сястры сваёй, дзяўчыны, што жыве пры ім незамужняя, можна яму [дакранацца і] занячысьціць сябе.

і дакрананьнем да каго б там ні было ў народзе сваім не павінен ён апаганьваць сябе, каб не зрабіцца нячыстым.
 
І няхай не занячысьціць сябе сьвятар з прычыны сваякоў жонкі сваёй, бо было б гэта зьнявагаю.

Яны не павінны галіць галавы сваёй і падстрыгаць краёў барады сваёй і рабіць нарэзы на целе сваім.
 
Ня будуць яны стрыгчы галавы сваёй і ня будуць галіць краёў барады, і на целе сваім ня будуць рабіць нарэзаў.

Яны павінны быць сьвятыя Богу свайму і не павінны зьневажаць імя Бога свайго; бо яны прыносяць ахвяры Госпаду, хлеб Богу свайму, і таму павінны быць сьвятыя.
 
Сьвятымі будуць яны перад Богам сваім і ня будуць паганіць імя Бога свайго, бо яны складаюць ахвяры агнявыя ГОСПАДУ, хлеб Богу свайму, таму мусяць яны быць сьвятымі.

Яны не павінны браць сабе за жонку распусьніцу і зьняслаўленую, не павінны браць і жонку, адкінутую мужам сваім, бо яны сьвятыя Богу свайму.
 
Ня возьмуць яны за жонку распусьніцы або зьняслаўленай; ня возьмуць жанчыны, выгнанай мужам, бо яны пасьвячоныя для Бога свайго.

Сьвяці яго, бо ён прыносіць хлеб Богу твайму: хай будзе ён у цябе сьвяты, бо сьвяты Я Гасподзь, Які асьвячае вас.
 
Будзеш уважаць яго за асьвячонага, бо ён складае хлеб Богу твайму. Няхай будзе ён сьвяты для цябе, бо сьвяты Я, ГОСПАД, Які асьвячае вас.

Калі дачка сьвятара апаганіць сябе блудадзействам, дык яна бэсьціць бацьку свайго; агнём трэба спаліць яе.
 
Калі дачка сьвятара паганіць сябе распустаю і няславіць імя бацькі свайго, будзе яна спалена ў агні.

А вялікі сьвятар з братоў сваіх, на галаву якога выліты алей памазаньня, і які асьвечаны, каб апранацца ў сьвяшчэнную вопратку, не павінен агаляць галавы сваёй і разьдзіраць вопратку сваю:
 
Сьвятар вялікі паміж братоў сваіх, галава якога была памазана алеем, і рукі якога напоўненыя [на сьвятарства], і які апрануты ў шаты сьвятыя, ня будзе распускаць валасоў сваіх і разьдзіраць шатаў сваіх,

і да ніякага нябожчыка не павінен ён падыходзіць: нават дотыкам да нябожчыка бацькі свайго і маці сваёй ён не павінен апаганьваць сябе.
 
і ня будзе ён набліжацца да ніводнага памёршага, ня можа ён занячысьціцца [нават] з прычыны бацькі свайго і маці.

І ад сьвятыні ён не павінен адыходзіць і зьневажаць сьвятыню Бога свайго, бо асьвячэньне алеем памазаньня Бога яго на ім. Я Гасподзь.
 
Ня будзе ён выходзіць са сьвятыні і не апаганіць сьвятыню Бога свайго, бо ён памазаны алеем памазаньня для Бога свайго. Я — ГОСПАД.

За жонку ён павінен браць дзяўчыну:
 
За жонку возьме ён толькі дзяўчыну.

удаву, альбо адкінутую, альбо зганьбаваную, блудадзейку не павінен ён браць, а дзяўчыну з народу свайго павінен ён браць за жонку:
 
Ня возьме за жонку ані ўдавы, ані разьведзенай, ані зьняслаўленай, ані распусьніцы, але возьме за жонку дзяўчыну спасярод народу свайго.

ён не павінен ганьбіць семя сваё ў народзе сваім, бо Я Гасподзь, Які асьвячае яго.
 
І не зьняславіць ён насеньня свайго сярод народу свайго, бо Я — ГОСПАД, Які асьвячаю яго”».

І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:
 
І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:

скажы Аарону: ніхто зь семені твайго ва ўсе роды іхнія, у каго на целе будзе хіба, не павінен падыходзіць, каб прыносіць хлеб Богу свайму;
 
«Прамоў да Аарона, кажучы: “Ніхто з насеньня твайго ў пакаленьнях іхніх, у якога на целе будзе загана, не павінен набліжацца, каб складаць ахвяру для Бога свайго.

ніхто, у каго на целе ёсьць хіба, не павінен падыходзіць, ні сьляпы, ні кульгавы, ні кірпаты, ні з рэзаным вухам,
 
Ніхто, у каго на целе загана, не павінен набліжацца, ані сьляпы, ані кульгавы, ані той, хто мае скалечаны твар, ані някшталтны,

ні такі, у якога зламаная нага, альбо зламаная рука,
 
ані той, хто мае зламаную нагу або зламаную руку,

ні гарбаты, ні з сухім чэлесам, ні зь бяльмом на воку, ні кароставы, ні пархаты, ні з пашкоджанымі яйкамі;
 
ані гарбаты, ані кволы, ані той, хто мае бяльмо на воку, ані каросьлівы, ані паршывы, ані той, хто мае пашкоджаныя яечкі.

ніводзін чалавек зь семені Аарона сьвятара, у якога на целе ёсьць хіба, не павінен падыходзіць, каб прыносіць ахвяры Госпаду; хібіна на ім, таму не павінен ён падыходзіць, каб прыносіць хлеб Богу свайму;
 
Ніводзін чалавек з нашчадкаў Аарона сьвятара, у якога на целе загана, не павінен набліжацца, каб складаць ахвяру агнявую ГОСПАДУ; ён мае загану, не павінен ён набліжацца, каб складаць ахвяру хлеба для Бога свайго.

хлеб Бога свайго зь вялікіх сьвятыняў і са сьвятыняў ён можа есьці;
 
Але можа ён есьці хлеб Бога свайго як з [дароў] сьвятых, так і са сьвятога сьвятых.

але да заслоны не павінен ён падыходзіць і да ахвярніка не павінен падступацца, бо пахіба на ім: не павінен ён няславіць сьвятыні Маёй, бо Я Гасподзь, Які асьвячае іх.
 
Толькі ня будзе ён уваходзіць за заслону і ня будзе падыходзіць да ахвярніка, бо мае загану. Ня будзе ён паганіць сьвятыню Маю, бо Я — ГОСПАД, Які асьвячаю іх”».

І абвясьціў гэта Майсей Аарону і сынам ягоным і ўсім сынам Ізраілевым.
 
І Майсей прамовіў гэта да Аарона, да сыноў ягоных і да ўсіх сыноў Ізраіля.