Ісуса сына Нава 14 разьдзел

Кніга Ісуса сына Нава
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

Вось, што атрымалі ў надзел сыны Ізраілевыя ў зямлі Ханаанскай, што падзяліў ім у надзел Элеазар сьвятар і Ісус, сын Наваў, і правадыры пакаленьняў у плямёнах сыноў Ізраілевых;
 
Гэта тое, што атрымалі ва ўласнасць сыны Ізраэля ў зямлі Ханаан, што далі ім Элеязэр святар і Ешуа, сын Нуна, і князі плямёнаў пакаленняў Ізраэля,

па жэрабі дзялілі яны, як загадаў Гасподзь праз Майсея, дзевяці плямёнам і палавіне племя Манасіінага,
 
якія дзялілі ўсё жэрабем, як загадаў Госпад праз Майсея, дзевяці пакаленням і палове пакалення.

бо двум плямёнам і палавіне племені Гасподзь даў надзел за Ярданам, а лявітам ня даў надзелу сярод іх;
 
Бо двум пакаленням і палове пакалення даў Майсей уласнасць за Ярданам, апрача левітаў, якім нічога не даў між братоў іх;

бо ад сыноў Язэпавых пайшлі два племені: Манасіінае і Яфрэмавае: таму яны і не далі лявітам часткі ў зямлі, а толькі гарады на жыхарства з прадмесьцямі іх пад быдла іхняе і дзеля выгодаў іхніх.
 
але ад сыноў Язэпа выйшлі два пакаленні: Манасы і Эфраіма, і левіты не атрымалі ніякай часткі на зямлі, акрамя гарадоў на жыццё і іх прыгарадаў для таго, каб пасвіць сваю жывёлу і статкі.

Як загадаў Гасподзь Майсею, так зрабілі сыны Ізраілевыя, калі дзялілі надзелы.
 
Як загадаў Госпад Майсею, так і зрабілі сыны Ізраэля, і падзялілі зямлю.

Сыны Юдавыя прыйшлі ў Галгал да Ісуса. І сказаў яму Халеў, сын Ефаніі, Кенэзіянін: ты ведаеш, што казаў Гасподзь Майсею, чалавеку Божаму, пра мяне і пра цябе ў Кадэс-Варне:
 
Тады прыйшлі сыны Юды да Ешуа ў Галгале, і Калеб, сын Ефоны, кенэзей, сказаў яму: «Ты ведаеш, што Госпад сказаў Майсею, чалавеку Божаму, пра мяне і пра цябе ў Кадэс-Барнэ.

мне было сорак гадоў, калі Майсей, раб Гасподні, пасылаў мяне з Кадэс-Варні агледзець зямлю, і я прынёс яму адказ, што было ў мяне на сэрцы:
 
Сорак гадоў меў я, калі Майсей, паслугач Госпада, паслаў мяне з Кадэс-Барнэ, каб выведаць зямлю; і я яму расказаў праўдзіва, што я бачыў.

браты мае, якія хадзілі са мною, прывялі ў нясьмеласьць сэрца народу, а я дакладна сьледаваў Госпаду Богу майму;
 
А браты мае, якія хадзілі разам са мною, напалохалі сэрцы людзей, і я, тым не менш, быў верным у тым, каб пайсці за Госпадам, Богам маім.

і прысягаў Майсей таго дня і сказаў: «зямля, па якой хадзіла нага твая, будзе надзелам табе і дзецям тваім вавек, бо ты дакладна пасьледаваў Госпаду Богу майму»;
 
І ў той дзень Майсей прысягнуў, кажучы: “Зямля, на якую ступіла нага твая, будзе ўласнасцю тваёй і сыноў тваіх навекі, бо ты быў верным у тым, каб пайсці за Госпадам, Богам маім”.

дык вось, Гасподзь пакінуў мяне жывога, як Ён казаў; ужо сорак пяць гадоў прайшло з таго часу, калі Гасподзь сказаў Майсею слова гэтае, і Ізраіль хадзіў па пустыні; цяпер, вось, мне восемдзесят пяць гадоў;
 
Такім чынам, захаваў мне Госпад жыццё, як паабяцаў, да сённяшняга дня. Сорак пяць гадоў мінула з таго часу, як Госпад сказаў словы гэтыя Майсею, калі Ізраэль вандраваў праз пустыню; цяпер маю восемдзесят пяць гадоў,

але і цяпер я такі самы моцны, як і тады, калі пасылаў мяне Майсей: колькі тады ў мяне было сілы, столькі і цяпер ёсьць на тое, каб ваяваць і выходзіць і ўваходзіць;
 
але я дужы як тады, калі пасланы быў дзеля выведвання, колькі ў мяне тады было сілы, столькі і цяпер маю для таго, каб ваяваць ды ісці ў паход і вяртацца.

дык вось, дай мне гэтую гару, пра якую казаў Гасподзь у той дзень; бо ты чуў у той дзень, што там сыны Энакавыя, і гарады ў іх вялікія і ўмацаваныя; магчыма, Гасподзь са мною, і я выганю іх, як казаў Гасподзь.
 
То дай ты мне гэтую гару, якую абяцаў мне Госпад у той дзень, бо ты таксама чуў, што там жывуць сыны Анака і што гарады іх вялікія і ўмацаваныя; магчыма, калі Госпад будзе са мною, я змагу знішчыць іх, як мне паабяцаў гэта Госпад».

Ісус дабраславіў яго, і даў у надзел Халеву, сыну Ефаніінаму, Хэўрон.
 
І Ешуа дабраславіў яго і даў яму ва ўласнасць Геброн;

Такім чынам Хэўрон застаўся надзелам Халева, сына Ефаніінага, Кенэзіяніна, да сёньня, за тое, што ён дакладна пашоў за Госпадам Богам Ізраілевым.
 
і таму Геброн належыць Калебу, сыну Ефоны, кенэзею, аж па сённяшні дзень, бо ён быў верны, каб пайсці за Госпадам, Богам Ізраэля.

Імя ў Хэўрона раней было Кірыят-Арбы, як называўся сярод сыноў Энака адзін чалавек вялікі. І зямля супакоілася ад вайны.
 
Геброн перад тым называўся Карыят-Арбаa, а Арба быў найвялікшым чалавекам сярод сыноў Анака. І зямля жыла ў супакоі ад войнаў.