Ісуса сына Нава 22 разьдзел

Кніга Ісуса сына Нава
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

Тады Ісус паклікаў племя Рувімавае, Гадавае і палавіну племя Манасіінага і сказаў ім:
 
Тады Ешуа паклікаў сыноў Рубэна і Гада і паловы пакалення Манасы

вы выканалі ўсё, што загадаў вам Майсей, раб Гасподні, і слухаліся слоў маіх ва ўсім, што я загадваў ім;
 
і сказаў ім: «Вы споўнілі ўсё, што вам загадаў Майсей, паслугач Госпадаў; мяне слухалі таксама ва ўсім, што я загадаў вам,

вы не пакідалі братоў сваіх многія дні да сёньня і выканалі, што мелі выканаць па загадзе Госпада Бога вашага;
 
і не пакінулі вы братоў сваіх увесь гэты доўгі час аж да сённяшняга дня, пільнуючы ўладу Госпада, Бога вашага.

сёньня Гасподзь Бог ваш супакоіў братоў вашых, як казаў ім; дык жа вярнецеся і ідзеце ў намёты вашыя, у зямлю вашага валоданьня, якую даў вам Майсей, раб Гасподні, за Ярданам;
 
Бо, такім чынам, даў Госпад, Бог ваш, супакой братам вашым і цішыню, як паабяцаў ім; цяпер вяртайцеся і ідзіце ў палаткі вашыя і ў зямлю ўладання вашага, якую даў вам Майсей, паслугач Госпадаў, за Ярданам;

толькі старайцеся рупліва выконваць запаведзі і закон, якія наказаў вам Майсей, раб Гасподні: любіць Госпада Бога вашага, хадзіць усімі шляхамі Ягонымі, захоўваць запаведзі Ягоныя, прыляпляцца да Яго і служыць Яму ўсім сэрцам вашым і ўсёю душою вашаю.
 
толькі вельмі старанна пільнуйце і на самай справе выконвайце прыказанні і закон, як загадаў вам Майсей, паслугач Госпадаў, каб любіць Госпада, Бога вашага, і хадзіць па ўсіх шляхах Яго, і спаўняць прыказанні Яго, і туліцца да Яго, і служыць Яму ўсім сэрцам і ўсёю душою сваёю».

Потым Ісус дабраславіў іх і адпусьціў іх, і яны разышліся па намётах сваіх.
 
І дабраславіў іх Ешуа, і адпусціў іх, і яны вярнуліся ў свае палаткі.

Адной палавіне племя Манасіінага даў Майсей надзел у Васане, а другой палавіне яго даў Ісус надзел з братамі ягонымі па гэты бок Ярдана, на захад. І калі адпускаў іх Ісус у намёты іхнія і дабраславіў іх,
 
А палове пакалення Манасы Майсей даў уласнасць у Басане; і таму другой палове Ешуа даў частку між іншых братоў іх, на заходнім беразе Ярдана. І калі Ешуа адпусціў іх у іх палаткі і дабраславіў іх,

дык сказаў ім: зь вялікім багацьцем вяртаецеся вы ў намёты вашыя, зь вялікім мноствам быдла, з срэбрам, з золатам, зь медзьдзю і з жалезам, і зь вялікім мноствам вопраткі: падзялеце здабычу, узятую ў ворагаў вашых з братамі вашымі.
 
ён ім сказаў: «Вы вяртаецеся ў свае мясціны з вялікімі багаццямі, з мноствам жывёлы, срэбрам і золатам, меддзю, якую вы забралі ў ворагаў вашых, і жалезам, і вялікаю колькасцю адзення; падзяліце здабычу ад ворагаў паміж братамі вашымі».

І вярнуліся, і пайшлі сыны Рувімавыя і сыны Гадавыя і палавіна племя Манасіінага ад сыноў Ізраілевых зь Сілома, які ў зямлі Ханаанскай, каб ісьці ў зямлю Галаад, у зямлю свайго валоданьня, якую атрымалі ў валоданьне па загадзе Гасподнім, дадзеным праз Майсея.
 
І сыны Рубэна, і сыны Гада, і палова пакалення Манасы вярнуліся і пакінулі сыноў Ізраэля ў Сіло, што ў Ханаане, каб увайсці ў зямлю Галаад, зямлю ўладання свайго, якую атрымалі па загадзе Госпада праз Майсея.

Прыйшоўшы ў ваколіцы Ярдана, што ў зямлі Ханаанскай, сыны Рувімавыя і сыны Гадавыя і палавіна племя Манасіінага спарудзілі там каля Ярдана ахвярнік, ахвярнік вялікі з выгляду.
 
І калі прыбылі яны ў ваколіцы Ярдана ў зямлі Ханаан, пабудавалі каля Ярдана ахвярнік, вялікі з выгляду.

І пачулі сыны Ізраілевыя, што кажуць: вось, сыны Рувімавыя і сыны Гадавыя і палавіна племя Манасіінага спарудзілі ахвярнік на зямлі Ханаанскай, у ваколіцах Ярдана, насупраць сыноў Ізраілевых.
 
Калі пачулі сыны Ізраэля, што сыны Рубэна і Гада і палова пакалення Манасы пабудавалі ахвярнік на зямлі Ханаан у ваколіцах Ярдана насупраць сыноў Ізраэля,

Калі пачулі гэта сыны Ізраілевыя, дык сабралася ўсё супольства сыноў Ізраілевых у Сілом, каб ісьці супроць іх вайною.
 
усе сабраліся ў Сіло, каб выступіць і ваяваць супраць іх.

Аднак жа сыны Ізраілевыя найперш паслалі да сыноў Рувімавых і да сыноў Гадавых і да палавіны племя сыноў Манасііных у зямлю Галаадскую Фінээса, сына Элеазара, сьвятара,
 
І сыны Ізраэля між тым выправілі да іх у зямлю Галаад Пінхаса, сына Элеязэра святара,

і зь ім дзесяць правадыроў, па правадыры пакаленьня ад усіх плямёнаў Ізраілевых; кожны зь іх быў правадырам пакаленьня ў тысячах Ізраілевых.
 
і з ім дзесяць князёў, па адным з кожнага пакалення Ізраэля, кожны стаяў на чале роду ў родах Ізраэля.

І прыйшлі яны да сыноў Рувімавых і да сыноў Гадавых і да палавіны племя сыноў Манасііных у зямлю Галаад і казалі ім і сказалі:
 
Яны прыбылі да сыноў Рубэна і Гада, і паловы пакалення Манасы ў зямлю Галаад і сказалі ім:

так кажа ўсё супольства Гасподняе: што гэта за злачынства ўчынілі вы перад Богам Ізраілевым, адступіўшы сёньня ад Госпада, спарудзіўшы сабе ахвярнік і паўстаўшы сёньня супроць Госпада?
 
«Гэта загадвае ўся супольнасць Госпада: “Што гэта за злачынства? Чаму пакінулі вы Госпада, Бога Ізраэля, пабудаваўшы сабе ахвярнік святатацкі, адступіўшыся ад шанавання Яго?

хіба мала вам беззаконьня Фэгоравага, ад якога мы не ачысьціліся да сёньня і за якое было пабіта супольства Гасподняе?
 
Ці не хапае вам граху з Пэгора, і пляма гэтага злачынства захоўваецца на нас аж да сённяшняга дня, і пакаранне сышло на супольнасць Госпадаву?

а вы адступаецеся сёньня ад Госпада! сёньня вы паўстаяце супроць Госпада, а заўтра ўгневаецца Гасподзь на ўсё супольства Ізраілевае;
 
І вы сёння адступіліся ад Госпада і сталася так, што паднялі вы бунт супраць Госпада; і заўтра ўзгарыцца гнеў Яго на ўсю супольнасць Ізраэля.

калі ж зямля вашага валоданьня здаецца вам нячыстаю, дык перайдзеце ў зямлю валоданьня Гасподняга, вазьмеце надзел сярод нас, але не паўставайце супроць Госпада, і супроць нас не паўставайце, спаруджаючы сабе ахвярнік, акрамя ахвярніка Госпада Бога нашага;
 
Бо калі вы думаеце, што зямля вашага ўладання з’яўляецца нячыстай, перайдзіце ў зямлю ўладання Госпадава, дзе прабывае Госпад, і абжывіцеся ў нас; толькі не бунтуйце супраць Госпада і не прымушайце нас бунтаваць, будуючы ахвярнік, акрамя ахвярніка Госпада, Бога нашага.

ці ж не адзін Ахан, сын Зары, учыніў злачынства, узяўшы з заклятага, а гнеў быў на ўсё супольства Ізраілевае? ці не адзін ён памёр за сваё беззаконьне.
 
Ці не Ахан, сын Зары, парушыў загад Госпада адносна праклёну, і гнеў Госпада не абярнуўся на ўсю супольнасць Ізраэля? І гэта быў адзін чалавек, хто зграшыў, хай бы толькі адзін і паміраў за сваё злачынства!”»

Сыны Рувімавыя і сыны Гадавыя і палавіна племя Манасіінага ў адказ казалі правадырам тысяч Ізраілевых:
 
І сыны Рубэна, і сыны Гада, і палова пакалення Манасы адказалі князям, пасланцам Ізраэля:

Бог багоў Гасподзь, Бог багоў Гасподзь, Ён ведае, і Ізраіль хай ведае! Калі мы паўстаём і адступаемся ад Госпада, дык хай ня літуе нас Гасподзь у дзень гэты!
 
«Наймацнейшы Госпад Бог, наймацнейшы Госпад Бог Сам ведае гэта, і Ізраэль павінен зразумець: калі мы з намерам бунту і двурушніцтва адносна Госпада пабудавалі гэты ахвярнік — не пашкадуе Ён нас, але зараз жа пакарае;

Калі мы спарудзілі ахвярнік дзеля таго, каб адступіцца ад Госпада, і дзеля таго, каб прыносіць на ім цэласпаленьне і прынашэньне хлебнае і каб учыняць на ім ахвяры мірныя, дык няхай спагоніць Сам Гасподзь!
 
і калі зрабілі мы ахвярнік з той думкаю, каб адступіцца ад Госпада і ўскладаць на ім цэласпаленні і ахвяры, і ахвяры прымірэння, то хай Сам Госпад разбярэцца і рассудзіць;

Але мы зрабілі гэта з боязі таго, каб у прыйшлыя часы не сказалі вашыя сыны нашым сынам: «што вам да Госпада Бога Ізраілевага!
 
і калі мы не зрабілі гэта больш з-за руплівасці і з-за думкі пра будучыню, кажучы: “Заўтра скажуць сыны вашыя сынам нашым: “Што маеце вы супольнага з Госпадам, Богам Ізраэля?

Гасподзь паставіў мяжу паміж вамі і намі, сыны Рувімавыя і сыны Гадавыя, Ярдан: няма вам долі ў Госпадзе». Такім чынам вашыя сыны не дапусьцілі б нашых сыноў шанаваць Госпада.
 
Госпад паставіў на рацэ Ярдан мяжу між намі і вамі, сыны Рубэна і сыны Гада, і таму вы не маеце ніякай часткі ў Госпада”; — і з гэтай нагоды сыны вашы адвернуць сыноў нашых ад страху Госпада.

Таму мы сказалі: спарудзім сабе ахвярнік ня дзеля цэласпаленьня і ня дзеля ахвяраў,
 
Такім чынам, і добра падумалі, і сказалі: “Паставім сабе ахвярнік не на цэласпаленні і не на ахвярапрынашэнне,

а каб ён паміж вамі і намі, паміж наступнымі родамі нашымі, быў сьведкам, што мы можам служыць Госпаду цэласпаленьнямі нашымі і ахвярамі нашымі і падзякамі нашымі, і каб у прыйшлыя часы не сказалі сыны вашыя сынам нашым: «няма вам долі ў Госпадзе».
 
але як сведчанне паміж намі і вамі, і паміж нашчадкамі нашымі і нашчадкамі вашымі, што мы будзем служыць Госпаду і што ў нас будзе права складаць цэласпаленні, і ахвяры, і ахвяры прымірэння; і што ні скажуць заўтра вашыя сыны сынам нашым: “Вы не маеце часткі ў Госпадзе”.

Мы казалі: калі скажуць так нам і родам нашым у прыйшлы час, дык мы скажам: бачыце падабенства ахвярніка Госпада, якое зрабілі бацькі нашыя ня дзеля цэласпаленьня і ня дзеля ахвяры, а каб гэта было сьведкам паміж намі і вамі.
 
Калі б яны гэта хацелі сказаць, мы б адказалі ім: “Вось, бачыце падабенства ахвярніка Госпада, які зрабілі бацькі нашыя не на цэласпаленні, і не на ахвяры, але каб гэта было сведчаннем між намі і вамі”.

Хай ня будзе такога, каб нам паўстаць супроць Госпада і адступіцца сёньня ад Госпада, і спарудзіць ахвярнік дзеля цэласпаленьня і дзеля прынашэньня хлебнага і дзеля ахвяраў, акрамя ахвярніка Госпада Бога нашага, які перад скініяй Ягонай.
 
Далёкія мы ад гэтага злачынства, каб бунтаваць супраць Госпада і не ісці па Яго слядах, пабудаваўшы ахвярнік для цэласпаленняў, і ахвяраў, і ахвяраў крывавых, акрамя ахвярніка Госпада, Бога нашага, што ёсць перад скініяй Яго”».

Фінээс сьвятар, правадыры супольства і галовы тысяч Ізраілевых, якія былі зь ім, пачуўшы словы, якія казалі сыны Рувімавыя і сыны Гадавыя і сыны Манасііныя, ухвалілі іх.
 
Калі святар Пінхас і князі супольнасці і кіраўнікі дружын Ізраэля, што былі з ім, пачулі гэта, яны супакоіліся і вельмі ахвотна падтрымалі словы сыноў Рубэна, і Гада, і паловы пакалення Манасы;

І сказаў Фінээс, сын Элеазара, сьвятар, сынам Рувімавым і сынам Гадавым і сынам Манасііным: сёньня мы даведаліся, што Гасподзь сярод нас, што вы ня ўчынілі перад Госпадам злачынства гэтага; вы цяпер выбавілі сыноў Ізраіля ад рукі Гасподняй.
 
Тады Пінхас, сын Элеязэра святара, сказаў ім: «Пераканаліся мы сёння, што з намі Госпад, бо вы не дапусцілі гэтага двурушніцтва адносна Госпада і збераглі сыноў Ізраэля ад рукі Госпада!»

І вярнуўся Фінээс, сын Элеазара, сьвятар, і правадыры ад сыноў Рувімавых і ад сыноў Гадавых у зямлю Ханаанскую да сыноў Ізраілевых і прынесьлі ім адказ.
 
І святар Пінхас, сын Элеязэра, і князі пакінулі сыноў Рубэна і сыноў Гада, і вярнуліся з зямлі Галаад у зямлю Ханаан, да сыноў Ізраэля, і прынеслі ім гэты адказ.

І сыны Ізраілевыя ўхвалілі гэта, і дабраславілі сыны Ізраілевыя Бога і адмовіліся ісьці супроць іх вайною, каб спустошыць зямлю, на якой жылі сыны Рувімавыя і сыны Гадавыя.
 
І спадабалася размова ўсім, хто слухаў, і ўславілі сыны Ізраэля Бога; і не гаварылі больш, каб ісці супраць іх ваяваць і каб спусташаць зямлю, якую абжылі сыны Рубэна і Гада.

І назвалі сыны Рувімавыя і сыны Гадавыя ахвярнік: Эд, бо, сказалі яны, ён сьведка паміж намі, што Гасподзь ёсьць Бог наш.
 
І сыны Рубэна і сыны Гада назвалі ахвярнік, які пабудавалі, Эд, бо казалі: «Гэта сведка між намі, што Госпад ёсць Сам Бог».