Ісуса сына Нава 8 разьдзел
Кніга Ісуса сына Нава
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2017
Гасподзь сказаў Ісусу: ня бойся і не жахайся; вазьмі з сабою ўвесь народ, здольны ваяваць, і ўстаўшы, ідзі да Гаю; вось, Я аддаю ў рукі твае цара Гайскага і народ ягоны, і горад і зямлю ягоную;
Сказаў жа Госпад Ешуа: «Не бойся і не палохайся! Вазьмі з сабой усіх ваяроў і, устаўшы, ідзі на горад Гай: вось, Я аддаў у рукі твае цара яго, і народ, і горад, і зямлю яго.
і зрабі з Гаем і царом ягоным тое самае, што зрабіў ты зь Ерыхонам і царом ягоным, толькі здабычу яго і быдла ягонае падзялеце сабе. Зрабі засаду за горадам.
І зробіш з Гаем і царом яго, як зрабіў ты з Ерыхонам і яго царом; вазьміце ж сабе здабычу і ўсю жывёлу. Зрабі засаду на горад ззаду горада».
Ісус і ўвесь народ, здольны ваяваць, устаў, каб ісьці да Гаю, і выбраў Ісус трыццаць тысяч чалавек адважных і паслаў іх уначы,
І падняўся Ешуа і з ім усё войска ваяроў, каб ісці на Гай; адабраў Ешуа трыццаць тысяч моцных ваяроў, і выправіў іх ноччу,
і даў ім загад і сказаў: глядзеце, вы будзеце ў засадзе за горадам; не адыходзьцеся далёка ад горада і будзьце ўвесь час напагатове;
і загадаў ім, кажучы: «Збярыцеся ў засадзе за горадам і не адыходзьце далёка ад яго; будзьце ўсе гатовыя.
а я і ўвесь народ, які са мною, пойдзем да горада; і калі выступяць супроць нас, як і раней, дык мы пабяжым ад іх;
А я і ўвесь народ, які са мной, прыступімся з другога боку горада. Калі выйдуць яны супраць нас, як раней, мы кінемся наўцёкі перад імі,
яны памкнуцца за намі, так што мы адвядзем іх ад горада; бо яны скажуць: «уцякаюць ад нас, як і раней»; калі мы пабяжым ад іх,
пакуль пераследнікі не будуць адведзены даволі далёка ад горада, бо падумаюць, што мы ўцякаем ад іх, як той раз.
тады вы ўстаньце з засады і завалодайце горадам, і Гасподзь Бог ваш аддасьць яго ў рукі вашыя;
Так, калі мы так будзем уцякаць і калі яны будуць нас даганяць, вы ўстаньце з засады і захапіце горад; і аддасць яго Госпад, Бог ваш, у вашы рукі.
калі возьмеце горад, запалеце горад агнём, паводле слова Гасподняга зрабеце; глядзеце, я загадваю вам.
І, калі захопіце яго, спаліце яго; зрабіце па слове Госпада. Вось, я вам гэта загадаў».
Такім чынам паслаў іх Ісус, і яны пайшлі ў засаду і заселі паміж Вэтылем і Гаем, з заходняга боку Гая; а Ісус тае ночы начаваў сярод народу.
І Ешуа паслаў іх, і яны выправіліся на месца засады, і затрымаліся між Бэтэлем і Гаем у заходняй частцы за горадам Гай. А Ешуа правёў тую ноч сярод народа.
Устаўшы рана раніцай, Ісус агледзеў народ, і пайшоў ён і старэйшыны Ізраілевыя паперадзе народу да Гая;
І, устаўшы надта рана, Ешуа агледзеў народ, і пайшоў ён і старэйшыны Ізраэля наперадзе войска.
і ўвесь народ, здольны ваяваць, які быў зь ім, пайшоў, наблізіўся і падышоў да горада,
І, калі ўсе ваяры пайшлі з ім і наблізіліся да горада, яны затрымаліся на паўночным баку горада, а пасярэдзіне, паміж горадам і імі, была даліна.
і паставіў табар з паўночнага боку Гая, а паміж ім і Гаем была даліна; потым узяў ён каля пяці тысяч чалавек і пасадзіў іх у засадзе паміж Вэтылем і Гаем, з заходняга боку горада.
І ён адабраў каля пяці тысяч чалавек, і паставіў іх як засаду паміж Бэтэлем і Гаем, з заходняга боку гэтага горада.
І народ разьмясьціў увесь табар, які быў з паўночнага боку горада, так што заходняя частка была з заходняга боку горада. І прыйшоў Ісус у тую ноч на сярэдзіну даліны.
І народ паставіў усе лагеры, што былі, на поўначы ад горада, і апошнюю дружыну — у заходняй частцы ад горада. Так прыйшоў Ешуа ў тую ноч і затрымаўся на сярэдзіне даліны.
Калі ўбачыў гэта цар Гайскі, адразу з жыхарамі горада, устаўшы рана, выступіў супроць Ізраіля на бітву, ён і ўвесь народ ягоны, на назначанае месца перад раўнінаю; а ён ня ведаў, што на яго ёсьць засада за горадам.
Калі ўбачыў гэта цар Гая, раніцай хутка вырушыў, і выйшаў з усім гарадскім войскам, і накіраваў строй у бой насупраць Арабы, не ведаючы, што ў яго за плячамі хаваецца засада.
Ісус і ўвесь Ізраіль, нібыта разьбітыя ім, пабеглі да пустыні;
А Ешуа і ўвесь Ізраэль, нібыта ў страху, пачалі адыходзіць з таго месца, ўцякаючы дарогаю ў пустыню.
а яны клікнулі ўвесь народ, які быў у горадзе, каб гнаць іх і, гонячы Ісуса, аддаліліся ад горада;
І быў скліканы ўвесь народ, які быў у горадзе, даганяць іх, і яны пагналіся за Ізраэлем. І, калі адышлі яны далёка ад горада
у Гаі і ў Вэтылі не засталося ніводнага чалавека, які не пагнаўся б за Ізраілем; і горад свой яны пакінулі адчынены, гонячы Ізраіля.
і нікога не засталося ў горадзе Гай, хто б не пагнаўся за Ізраэлем, і калі пакінулі яны горад адкрытым і гналіся за Ізраэлем,
Тады Гасподзь сказаў Ісусу: падымі дзіду, якая ў руцэ тваёй, на Гай, бо Я аддам яго ў рукі твае. Ісус падняў дзіду ў руцэ ягонай на горад.
сказаў Госпад Ешуа: «Падымі дзіду, якую трымаеш у руцэ сваёй, супраць горада Гай, бо Я аддам яго табе». І, калі падняў ён дзіду, якая была ў руцэ яго, супраць горада,
Як толькі ён падняў руку сваю, засаднікі адразу ўсталі зь месца свайго і пабеглі, увайшлі ў горад і ўзялі яго і адразу запалілі горад агнём.
людзі, якія хаваліся ў засадзе, падняліся адразу ж, і пабеглі ў горад, і захапілі яго, і падпалілі яго.
Жыхары Гая, азірнуўшыся, убачылі, што дым з горада падымаецца да неба. І ня было ім месца, куды бегчы — ні туды, ні сюды; бо народ, які бег да пустыні, павярнуўся на перасьледнікаў.
А людзі з горада, якія гналіся за Ешуа, аглянуўшыся і бачачы дым над горадам, які аж пад неба ўздымаўся, не маглі больш анікуды ўцякаць, тым больш, што тыя, што паказвалі ўцёкі і накіроўваліся ў бок пустыні, павярнуліся супраць іх.
Ісус і ўвесь Ізраіль, убачыўшы, што засаднікі ўзялі горад, падымаўся дым ад горада, павярнуліся і пачалі біць жыхароў Гая;
Ешуа і ўвесь Ізраэль, бачачы, што горад узяты і што дым уздымаецца над горадам, павярнуўшыся, ударылі людзей Гая.
а тыя з горада выйшлі насустрач ім, так што Гайцы былі ўсярэдзіне паміж Ізраільцянамі, адны зь якіх былі з таго боку, а другія з другога; так білі іх, што не пакінулі ніводнага зь іх ацалелага альбо беглага;
Таксама і тыя, якія занялі і падпалілі горад, выйшлі з горада насустрач ім, і ворагі апынуліся паміж імі. Такім чынам, паколькі Ізраэльцы забівалі ворагаў з абодвух бакоў, з вялікага мноства не ўратаваўся ніводзін,
А цара Гайскага ўзялі жывога і прывялі яго да Ісуса.
таксама і цара горада Гайскага схапілі і жывога даставілі да Ешуа.
Калі Ізраільцяне перабілі ўсіх жыхароў Гая на полі, у пустыні, куды яны гналі іх, і калі ўсе яны да апошняга палеглі ад меча, тады ўсе Ізраільцяне вярнуліся да Гая і пабілі яго вастрыём меча.
Дык, забіўшы ўсіх жыхароў Гая, якія пагналіся за ўцякаючым у пустыню Ізраэлем, на тым самым полі засекшы іх мечам, сыны Ізраэля, вярнуўшыся, забілі ўвесь горад вастрыём меча.
Загінуўшых у той дзень мужчын і жанчын, усіх жыхароў Гая, было дванаццаць тысяч.
А ў той дзень загінула мужчын і жанчын дванаццаць тысяч чалавек, усе жыхары горада Гая.
Ісус не апускаў рукі сваёй, якую падняў зь дзідай, пакуль не аддаў заклёну ўсіх жыхароў Гая;
А Ешуа не апускаў рукі сваёй, якую выцягнуў угору, трымаючы дзіду, пакуль не былі забіты ўсе жыхары Гая.
толькі быдла і здабычу горада гэтага Ізраільцяне падзялілі паміж сабою, паводле слова Госпада, якое сказаў Ісусу.
Толькі жывёлу і здабычу з горада падзялілі паміж сабою сыны Ізраэля, як загадаў Госпад Ешуа.
І спаліў Ісус Гай і абярнуў яго ў вечныя руіны, у пустыню, да сёньня;
Ешуа спаліў горад і зрабіў з яго вечную магілу, пустыню аж да сённяшняга дня.
а цара Гайскага павесіў на дрэве да вечара; а пасьля заходу сонца загадаў Ісус, і зьнялі труп яго з дрэва, і кінулі каля брамы гарадское, і накідалі над ім крушню каменьня, якая захавалася да сёньня.
А цара Гайскага павесіў на дрэве аж да вечара; на захадзе сонца загадаў Ешуа, і знялі труп яго з дрэва, і кінулі яго ля самага ўваходу ў брамы горада, накідаўшы над ім вялікую кучу камянёў, якія захаваліся да сённяшняга дня.
Тады Ісус зладзіў ахвярнік Госпаду Богу Ізраілеваму на гары Гевал,
Тады Ешуа паставіў ахвярнік Госпаду, Богу Ізраэля, на гары Гэбал,
як наказаў Майсей, раб Гасподні, сынам Ізраілевым, пра што напісана ў кнізе закону Майсеевага, — ахвярнік з камянёў суцэльных, на якія не падымалі жалеза; і прынесьлі на ім цэласпаленьне Госпаду, і ўчынілі ахвяры мірныя.
як загадаў Майсей, слуга Госпада, сынам Ізраэля і як запісана ў кнізе закону Майсея, ахвярнік з неапрацаваных камянёў, да якіх не дакранулася жалеза; на ім складзена было цэласпаленне Госпаду, і складалі ахвяры прымірэння.
І напісаў Ісус на камянях там сьпіс з закона Майсеевага, які ён напісаў перад сынамі Ізраілевымі.
І напісаў ён там на камянях копію закону Майсеевага, які напісаў Майсей для сыноў Ізраэля.
Увесь Ізраіль, старэйшыны яго і наглядчыкі і судзьдзі ягоныя, сталі з таго і другога боку каўчэга насупраць сьвятароў лявітаў, якія носяць каўчэг запавета Гасподняга, як прыхадні, так і прыродныя жыхары, адна палавіна іх каля гары Гарызім, а другая палавіна каля гары Гевал, як раней загадаў Майсей, раб Гасподні, дабраслаўляць народ Ізраілеў:
А ўвесь народ, і яго старэйшыны, і кіраўнікі, і суддзі сталі з аднаго і другога боку каўчэга, супраць святароў і левіцкага роду, што носяць каўчэг запавету Госпада, як чужынцы, так і тутэйшыя. Палова іх стала каля гары Гарызім, і другая палова — каля гары Гэбал, як загадаў раней Майсей, паслугач Госпада, каб дабраславіць народ Ізраэля;
І потым прачытаў усе словы закона, дабраславеньне і праклён, як напісана ў кнізе закона;
потым прачытаў Ешуа ўсе словы закону, дабраславенне і праклён, паводле ўсяго таго, што было запісана ў кнізе закону.
з усяго, што Майсей наказаў, ня было ніводнага слова, якога Ісус не прачытаў бы перад усім сходам Ізраіля і жанчынамі, і дзецьмі і прыхаднямі, якія былі сярод іх.
Не апусціў Ешуа анічога з таго, што загадаў Майсей, але ўсё прачытаў перад усім сходам Ізраэля, перад жанчынамі, і дзецьмі, і чужынцамі, якія між іх пражывалі.