Ісуса сына Нава 2 разьдзел
Кніга Ісуса сына Нава
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2017
І паслаў Ісус, сын Наваў, зь Сітыма двух выведнікаў таемна і сказаў: ідзеце, агледзьце зямлю і Ерыхон. Пайшлі і прыйшлі ў дом блудніцы, імя якое Рааў: і засталіся начаваць там.
Ешуа, сын Нуна, з Сэтыма паслаў патаемна двух выведчыкаў і сказаў ім: «Ідзіце і аглядайце зямлю і горад Ерыхон». Яны пайшлі, і ўвайшлі ў дом жанчыны распусніцы на імя Рахаб, і там затрымаліся.
І сказана было цару Ерыхонскаму: вось, нейкія людзі з сыноў Ізраілевых прыйшлі сюды ў гэтую ноч, каб агледзець зямлю.
І данеслі аб гэтым цару Ерыхонскаму, і сказалі: «Вось, людзі прыйшлі сюды ноччу ад сыноў Ізраэля, каб выведаць зямлю».
Цар Ерыхонскі паслаў сказаць Рааве: выдай людзей, якія прыйшлі да цябе, якія ўвайшлі ў твой дом, бо яны прыйшлі выведаць усю зямлю.
Дык цар Ерыхонскі паслаў да Рахаб, загадваючы: «Выведзі людзей, якія прыбылі да цябе і ўвайшлі ў твой дом, бо яны выведчыкі і прыбылі выведаць усю зямлю».
Але жанчына ўзяла двух людзей тых і схавала іх і сказала: праўда, прыходзілі да мяне людзі, але я іх ня ведала, адкуль яны;
А жанчына ўзяла і схавала мужчын, і сказала: «Прызнаюся, прыбылі да мяне тыя людзі, але я не ведала, адкуль яны;
калі ж у прысьмерку трэба было зачыняць вароты, тады яны пайшлі; ня ведаю, куды яны пайшлі; ганецеся хутчэй за імі, вы дагоніце іх.
і калі ў поцемках зачынялася брама, то і яны разам выйшлі, я не ведаю, куды яны пайшлі. Бяжыце хутка за імі і зловіце іх».
А сама завяла іх на дах і схавала іх у снапах лёну, раскладзеных у яе на даху.
Сама ж яна завяла іх на дах дома свайго і накрыла іх ільняною саломаю, якая там была.
Пасланыя гналіся за імі па дарозе да Ярдана да самай пераправы; вароты ж адразу зачынілі, пасьля таго як выйшлі тыя, што пагналіся за імі.
Тыя ж, каго паслалі, пабеглі за імі дарогаю, якая ідзе да бродаў на Ярдане, і па іх адыходзе брама была зараз жа зачынена.
Перш чым яны леглі спаць, яна паднялася да іх на дах
Яшчэ не заснулі тыя, што хаваліся, і вось, жанчына прыйшла да іх і сказала:
і сказала ім: я ведаю, што Гасподзь аддаў зямлю гэтую вам, бо вы нагналі на нас жаху, і ўсе жыхары зямлі гэтай спалохаліся вас;
«Я ведаю, што Госпад аддаў вам гэтую зямлю, і жах перад вамі ахапіў нас, і ўсе жыхары зямлі самлелі перад вамі.
бо мы чулі, як Гасподзь высушыў перад вамі ваду Чэрмнага мора, калі вы ішлі зь Егіпта, і што зрабілі вы з двума царамі Амарэйскімі за Ярданам, зь Сігонам і Огам, якіх вы зьнішчылі;
Бо чулі мы, што Госпад асушыў перад вамі воды Чырвонага мора, калі выйшлі вы з Егіпта, і што вы зрабілі двум царам амарэйскім, якія жылі за Ярданам: Сэгону і Огу, якіх вы забілі.
калі мы пачулі пра гэта, аслабела сэрца нашае, і ні ў кім ня стала духу супроць вас; бо Гасподзь Бог на небе ўгары і на зямлі ўнізе;
І, гэта чуючы, мы баімся, і млее сэрца наша, і займае дух нам дзеля вашага надыходу; бо Госпад, Бог ваш, Ён — Бог у небе высока і на зямлі нізка.
дык вось, прысягнеце мне Госпадам, што, як я зрабіла вам міласьць, так і вы зрабеце міласьць дому бацькі майго, і дайце мне ўмоўлены знак,
Такім чынам, цяпер прысягніце мне Госпадам, што як я вам аказала міласэрнасць, так і вы зробіце ласку сям’і бацькі майго і дасцё мне знак як заруку,
што вы пакінеце жывым бацьку майго і маці маю, і братоў маіх і сясьцёр маіх, і ўсіх, хто ёсьць у іх, і выбавіце душы нашыя ад сьмерці.
што захаваеце бацьку майго і маці, братоў і сясцёр маіх і ўсё, што ёсць у іх, і ўратуеце душы нашы ад смерці».
Гэтыя людзі сказалі ёй: душа нашая замест вас хай будзе аддадзена сьмерці, калі вы ня выкрыеце гэтай справы нашай; калі ж Гасподзь аддасьць нам зямлю, мы зробім табе ласку і ісьціну.
Яны адказалі ёй: «Мы за вас гатовы памерці, калі толькі нас не выдасі; калі Госпад аддасць нам гэтую зямлю, акажам табе міласэрнасць і вернасць».
І спусьціла яна іх на вяроўцы праз акно, бо дом яе быў у гарадскім муры і яна жыла ў муры;
Дык спусціла яна іх на вяроўцы з акна; бо дом яе прылягаў да мура гарадскога і яна як бы ў муры пражывала.
і сказала ім: ідзеце на гару, каб не спаткалі вас перасьледнікі, і хавайцеся там тры дні, пакуль ня вернуцца тыя, што пагналіся; а пасьля ідзеце дарогаю вашай.
І сказала яна ім: «Ідзіце ў горы, каб часам не сустрэлі вас пераследнікі вашы, і там схаваецеся на тры дні, пакуль яны не вернуцца; і тады пойдзеце сваёю дарогаю».
І сказалі ёй тыя людзі: мы вольныя будзем ад тваёй прысягі, якою ты нас закляла, калі ня зробіш так:
Выведчыкі сказалі ёй: «Мы будзем чыстыя ад прысягі гэтай, якою звязала ты нас,
вось, калі мы прыйдзем у гэтую зямлю, ты прывяжы чырвоную вяроўку да акна, празь якое ты нас спусьціла, а бацьку твайго і маці тваю і братоў тваіх, усю сям’ю бацькі твайго зьбяры да сябе ў дом твой;
калі па нашым уваходзе ў гэтую зямлю не будзе гэта вяроўка з пурпуровых нітак табой прымацавана да акна, праз якое спусціла ты нас, і забяры ў дом свой бацьку свайго, і маці, і братоў, і ўвесь род свой.
і калі хто-небудзь выйдзе зь дзьвярэй дома твайго, таго кроў на галаве ягонай, а мы вольныя; а хто будзе з табою ў доме, таго кроў на галаве нашай, калі чыя-небудзь рука дакранецца да яго;
Калі хто выйдзе з дзвярэй дома твайго, то кроў яго ўпадзе на яго галаву, і мы будзем не вінаваты, а кроў кожнага, хто ў доме з табой будзе заставацца, упадзе на нашу галаву, калі хто да яго дакранецца.
калі ж ты адкрыеш гэтую нашую справу, дык мы таксама вольныя будзем ад прысягі тваёй, якою ты нас закляла.
Бо калі не выканаеш гэтае абяцанне, мы будзем свабодны ад той прысягі, якой ты нас звязала».
Яна сказала: хай будзе паводле слоў вашых! І адпусьціла іх, і яны пайшлі, а яна прывязала да акна чырвоную вяроўку.
І яна адказала: «Як вы сказалі, няхай так будзе». І, адпусціўшы іх у дарогу, яна павесіла пурпуровую вяроўку ў акне.
Яны пайшлі і прыйшлі на гару і прабылі там тры дні, пакуль не вярнуліся тыя, што гналіся за імі. Тыя шукалі іх па ўсёй дарозе і не знайшлі.
А выведчыкі пайшлі, і прыбылі ў горы, і там прабылі тры дні, аж пакуль не вярнуліся людзі, пасланыя на пошукі іх; бо яны, шукаючы па ўсёй дарозе, не знайшлі іх.
Такім чынам два гэтыя чалавекі пайшлі назад, сышлі з гары, перайшлі Ярдан і прыйшлі да Ісуса, сына Нава, і пераказалі яму ўсё, што зь імі здарылася.
Вярнуліся два выведчыкі і сышлі з гары, і, пераправіўшыся праз Ярдан, прыбылі да Ешуа, сына Нуна, і расказалі яму ўсё, што здарылася з імі,
І сказалі Ісусу: Гасподзь аддаў усю зямлю гэтую ў рукі нашыя, і ўсе жыхары зямлі ў страху перад намі.
і дадалі: «Аддаў Госпад у рукі нашы ўсю гэтую зямлю, і ўсе жыхары яе млеюць у страху перад намі».