3 1 І Анёлу Касьцёла ў Сардах пішы: Гэта вось кажа Той, які мае сем Духаў Божых і сем зорак: Знаю справы твае, што маеш імя, што быццам жывеш, а ты-мёртвы.
2 Пільнуйся і ўзмацняй астаткі, якія павінны былі загінуць, не знаходжу бо дзеяньняў тваіх дасканалымі перад Богам маім.
3 Дык памятай тады, як ты атрымаў і чуў, тое захавай і кайся. Бо калі не дапільнуеш, прыйду да цябе, як злодзей, і ня будзеш ведаць хвіліны ў якуя прыйду да цябе.
4 Ды вось маеш у Сардах некалькі асоб, якія ня плямілі вопраткаў сваіх і будуць хадзіць са мною ў белі, бо з'яўляюцца дастойнымі.
5 Хто пераможа, адзенецца гэтак у вопратку белую і ня выкрасьлю імя яго з кнігі жыцьця і выяўлю імя ягонае перад Айцом маім і на віду ў анёлаў Ягоных.
6 Хто мае вуха, няхай слухае, што кажа Дух Касьцёлам.
7 І анёлу Касьцёла ў Філадэльфіі напішы: Гэта кажа Сьвяты і Праўдзівы, які мае ключ Давідаў, які калі адчыніць, то ніхто не запрэ, запрэ, і ніхто не адчыніць.
8 Знаю справы твае. Вось адчыніў перад табою дзьверы, якія ніхто ня можа зачыніць. Бо ты маеш хоць трохі моцы і захаваў слова маё і не выракся імя майго.
9 Вось дам табе з сынагогі шатана з тых, якія сябе лічаць за Юдэяў, а імі не з'яўляюцца, але толькі лгуць. Бач, зраблю ім, што прыйдуць і паклоняцца табе ў ногі, што я ўзьлюбіў цябе.
10 Бо ўхаваў слова цярплівасьці маёй да цябе і я цябе ўсьцерагу ў хвіліну спакушэньня, якое прыйдзе на ўвесь сьвет зводзіць жыхароў на зямлі.
11 Прыйду, бач, хутка. Трымай тое, што маеш, каб ніхто не выхапіў кароны тваёй.
12 Хто пераможа, таго пастаўлю філярам у сьвятыні Бога майго, і больш з яе ня выйдзе. І напішу на ім імя Бога майго і імя горада Бога майго, новага Ерузалему, які сыходзіць з неба ад Бога майго, і імя маё новае.
13 Хто мае вуха, няхай чуе, што кажа Дух Касьцёлам.
14 І Анёлу Касьцёла ў Лаодэцыі напішы: Гэта кажа Амэн, сьведка верны і праўдзівы, каторы ёсьць пачаткам тварэньня Божага.
15 Знаю справы твае, бо ты ані халодны, ані цёплы; о каб лепш халодным быў або цёплым.
16 Але за тое, што ты летні, а не халодны ані цёплы, пачну цябе выкідаць з вуснаў маіх.
17 Бо кажаш ты: багаты я і забясьпечаны, і нічога мне ня трэба, а ня ведаеш ты, што ты бедны і найнешчасьлівейшы і ўбогі, і сьляпы, і голы.
18 Раю табе купіць сабе ў мяне золата агнём ачышчанага, каб быў забясьпечаны і каб апрануўся ў белую вопратку, каб не паказалася нікчэмнасьць нагаты тваёй, і масьцю памаж вочы свае, каб бачыў.
19 Бо я на тых, каторых люблю, сваруся і караю іх. Дык пільнуйся і кайся ў грахах.
20 Бач, стаю ў дзьвярах і стукаю. Калі хто пачуе голас мой і адапрэ мне дзьверы, увайду да яго і павячэраю з ім, а ён са мной.
21 Хто пераможа, таму дазволю сядзець са мною на маім троне, як я перамог і засеў з Айцом маім на Яго троне.
22 Хто мае вуха, няхай чуе, што кажа Дух Касьцёлам.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Аб'явы сьв. Яна, 3 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.