Ісуса сына Нава 15 разьдзел
Кніга Ісуса сына Нава
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна
Жэрабя племю сыноў Юдавых, паводле родаў іхніх, выпала такое: сумежна зь Ідумэяю была пустыня Сін, на поўдзень, пры канцы Тэмана;
Пакаленьне сыноў Юды жэрабям атрымала [спадчыну] паводле сем’яў сваіх: да мяжы Эдому, да пустыні Сін, насупраць Нэгеву на поўдзень аж да канца паўднёвага.
паўднёвай мяжою іх быў край мора Салёнага ад затокі, якая прасьціралася на поўдзень;
Іх мяжа паўднёвая ішла ад канца Мора Салёнага, ад паўднёвай затокі,
на поўдні ідзе яна да ўзвышша Акравімскага, праходзіць Цын і, падымаючыся з паўднёвага боку да Кадэс-Варны, праходзіць Хецрон і, падымаючыся да Адара, паварочвае ў Каркаі,
і кіравалася далей на поўдзень ад Маале-Акрабіму, і праходзіла праз Сін, і ўзыходзіла на поўдзень да Кадэш-Барнэа, і ішла да Хецрону, і ўзыходзіла да Адару, і паварочвала да Карка,
потым праходзіць Ацмон, ідзе да патоку Егіпецкага, так што канец гэтай мяжы ёсьць мора. Гэта будзе ваша паўднёвая мяжа.
і пераходзіла да Ацмону, і даходзіла да ручая Эгіпецкага, і спынялася на беразе мора. Такая была іх мяжа паўднёвая.
А мяжою на ўсход мора Салёнае, да ўтоку Ярдана; а мяжа з паўночнага боку ад затокі мора, ад утоку Ярдана;
Мяжа ўсходняя — Мора Салёнае аж да вусьця Ярдану. Мяжа ад поўначы пачыналася ад затокі мора каля вусьця Ярдану,
адсюль мяжа падымаецца да Бэт-Хоглы і праходзіць з паўночнага боку да Бэт-Аравы, і ідзе мяжа ўгору да каменя Багана, сына Рувімавага;
і ўзьнімалася да Бэт-Хоглі, і праходзіла на поўначы да Бэт-Арабы, і ўзьнімалася мяжа да Эвэн-Баган-Бэн-Рэўбэн.
потым падымаецца мяжа да Давіра ад даліны Ахор і на поўначы паварочвае да Галгала, які насупраць узвышша Адуміма, што з паўднёвага боку патока; адсюль мяжа праходзіць да водаў Эн-Шэмэша і канчаецца каля Эн-Рагела;
І ўзьнімалася мяжа да Дэбіру ад даліны Ахор і заварочвала на поўнач да Гільгалу, які насупраць Маале-Адумім, што на поўдзень ад ручая; і ішла мяжа да Мэ-Эн-Шэмэшу, і сканчвалася пры Эн-Рагелі.
адсюль мяжа ідзе ўгору да даліны сына Эномавага з паўднёвага боку Евуса, які ёсьць Ерусалім, і падымаецца мяжа на вяршыню гары, якая на захад насупраць даліны Эномавай, якая на краі даліны Рэфаімаў на поўнач;
І ўзьнімалася мяжа лагчынай Бэн-Гінном паўднёвым схілам гор Евусэяў, значыць праз Ерусалім, і ўзыходзіла на верх гары, якая насупраць лагчыны Гінном ад захаду і на скраю паўночным лагчыны Рэфаім.
ад вяршыні гары мяжа паварочвае да крыніцы водаў Нэфтоах і ідзе да гарадоў гары Эфрона, і паварочвае мяжа да Ваала, які ёсьць Кірыят-Ярым;
З вяршыні гары заварочвала мяжа да крыніцы Мэ-Нэфтаах і вяла да гарадоў гары Эфрон, і заварочвала мяжа да Баалы або Кірыят-Ярыму.
потым паварочвае мяжа ад Ваала да мора, да гары Сэіра, і ідзе паўночным схілам гары Еарым, якая ёсьць Кесалон, і, сыходзячы да Вэтсаміса, праходзіць праз Тымну;
З Баалы мяжа ішла на захад да гары Сэір і праходзіла праз паўночны схіл гары Ярым, значыць Кесалён, і зыходзіла да Бэт-Шэмэшу, і пераходзіла праз Тымну.
адсюль мяжа ідзе паўночным бокам Экрона, і паварочвае мяжа да Шыкарона, праходзіць праз гару Ваал і даходзіць да Яўнэіла, і канчаецца мяжа каля мора. Заходнюю мяжу ўтварае вялікае мора.
І даходзіла мяжа да паўночнага схілу Экрону, і заварочвала да Шыкарону, і пераходзіла праз гару Баалы, і набліжалася да Ябнээля, і спынялася на беразе мора.
Вось мяжа сыноў Юдавых з родамі іхнімі з усіх бакоў.
Мяжой заходняй было Мора Вялікае з узьбярэжжам сваім. Гэта мяжа сыноў Юды наўкола паводле сем’яў іхніх.
І Халеву, сыну Ефаніінаму даў частку сярод сыноў Юдавых, як загадаў Гасподзь Ісусу: Кірыят-Арбы, бацькі Энакавага, інакш Хэўрон.
Халеў, сын Ефунны, атрымаў частку між сыноў Юды паводле [слова] з вуснаў ГОСПАДА да Егошуа, — Кірыят-Арбу, бацьку Анака, значыць Хеўрон.
І выгнаў адтуль Халеў трох сыноў Энакавых: Шэшая, Ахімана і Талмая, дзяцей Энакавых.
Адтуль Халеў выгнаў трох сыноў Анака: Шэшая, Ахімана і Тальмая з роду Анака.
Адсюль Халеў пайшоў супроць жыхароў Давіра.
Адтуль ён вырушыў супраць жыхароў Дэбіру, а Дэбір раней называўся Кірыят-Сэфэр.
І сказаў Халеў: хто разаб’е Кірыят-Сэтэр і возьме яго, таму аддам Ахсу, дачку маю, за жонку.
І сказаў Халеў: «Таму, хто здабудзе Кірыят-Сэфэр і захопіць яго, я дам Ахсу, дачку маю, за жонку».
І ўзяў яго Гатанііл сын Кеназа, брата Халевавага, і аддаў ён за жонку яму Ахсу, дачку сваю.
І здабыў яго Атніэль, сын Кеназа, брата Халева, і [Халеў] даў яму Ахсу, дачку сваю, за жонку.
І сталася, як яна мела ісьці, дык яна намовіла яго прасіць у бацькі свайго поля. І яна зышла з асла, а Халеў сказаў ёй: што табе?
І сталася, што яна прыйшла, і намовіла [мужа], каб той прасіў поля ў бацькі яе. І зьлезла яна з асла, а Халеў сказаў ёй: «Што табе?»
Яна сказала: дай мне дабраславеньне: ты даў мне зямлю паўднёвую, дай мне і крыніцы водаў. І даў ён ёй крыніцы верхнія і крыніцы ніжнія.
Яна сказала: «Дай мне дабраславенства. Калі ты даў мне зямлю Нэгеў, дай мне крыніцы водаў». І даў ёй [Халеў] крыніцы верхнія і нізавыя.
Вось надзел племю сыноў Юдавых, паводле родаў іхніх:
Гэта спадчына пакаленьня сыноў Юды паводле сем’яў іхніх.
гарады з краю плямёнаў сыноў Юдавых сумежныя з Ідумэяй на поўдні былі: Каўцэіл, Эдэр і Ягур,
Гарады на скраю пакаленьня сыноў Юды каля мяжы Эдому ў Нэгеве: Кабцээль, Эдэр, Ягур,
Кіна, Дымона, Адада,
Кіна, Дымона, Адада,
Кедэс, Асор і Ітнан,
Кадэш, Хацор, Ітнан,
Зіф, Тэлэм і Валот,
Зіф, Тэлем, Бэалёт,
Гацор-Кадата, Кірыят, Хэцрон, інакш Гацор,
Хацор-Хадата, Керыёт-Хецрон, значыць Хацор,
Амам, Шэма і Малада,
Амам, Шэма, Малада,
Хацар-Гада, Хэшмон і Вэт-Палет,
Хацор-Гадда, Хешмон, Бэт-Пэлет,
Хацар-Шуал, Вірсавія і Візіятэя,
Хецар-Шуал, Бээр-Шэва, Бізыётыя,
Ваала, Іім і Ацэм,
Баала, Іім, Эцэм,
Элталад, Кесід і Хорма,
Эльталяд, Хесіль, Харма,
Цыклаг, Мадмана і Сансана,
Цыклаг, Мадмана, Сансана,
Леваот, Шэліхім, Аін і Рымон: усяго дваццаць дзевяць гарадоў зь сёламі.
Лебаот, Шыльхім, Аін і Рымон — усіх гарадоў дваццаць дзевяць і вёскі іхнія.
На нізінных мясьцінах: Эштаол, Цора і Ашна,
А ў Шэфэлі: Эштаол, Цора, Ашна,
Занаах, Эн-Ганім, Тапуах і Гаэнам,
Занаах, Эн-Ганнім, Тапуах, Энам,
Ярмут, Адалам, Соха і Азэка,
Ярмут, Адулям, Сахо, Азэка,
Шаараім, Адытаім, Гедэра альбо Гедэратаім: чатырнаццаць гарадоў зь іх сёламі.
Шаараім, Адытаім, Гедэра і Гедэратаім — усіх гарадоў чатырнаццаць і вёскі іхнія.
Цэнан, Хадаша, Мігдал-Гад,
Цэнан, Хадаша, Мігдаль-Гад,
Дылеан, Міцфэ і Ёктэіл,
Дылеан, Міцпа, Ёктээль,
Лахіс, Вацкат і Эглон,
Ляхіш, Бацкат, Эглён,
Хабон, Лахмас і Хітліс,
Каббон, Лахмас, Кітліш,
Гедэрот, Бэт-Дагон, Наэма і Мэкед: шаснаццаць гарадоў зь іх сёламі.
Гедэрот, Бэт-Дагон, Наама, Македа — усіх гарадоў шаснаццаць і вёскі іхнія.
Ліўна, Этэр і Ашан,
Лібна, Этэр, Ашан,
Іфтах, Ашна і Нэцыў,
Іфтах, Ашна, Нэсіб,
Кеіла, Ахзіў і Марэша: дзевяць гарадоў зь іх сёламі.
Кейла, Ахзіб, Марэша — дзевяць гарадоў і вёскі іхнія.
Экрон з залежнымі ад яго і сёламі яго,
Экрон з навакольнымі гарадамі і вёскамі.
і ад Экрона да мора ўсё, што каля Азота, зь сёламі іх,
І ад Экрону аж да мора — усё, што каля Ашдоду, і вёскі іхнія.
Азот, залежныя ад яго гарады і сёлы яго, Газа, залежныя ад яе гарады і сёлы яе, да самага патока Егіпецкага і вялікага мора, якое ёсьць мяжа.
Ашдод і гарады ягоныя, і вёскі ягоныя, Газа і гарады ейныя, і вёскі ейныя аж да ручая Эгіпецкага і Мора Вялікага, і абшар [вакол].
На горах: Шамір, Ятыр і Соха,
А ў гарах: Шамір, Яттыр, Сахо,
Дана, Кірыят-Сана, інакш Давір,
Данна, Кірыят-Санна або Дэбір,
Анат, Эштэма і Анім,
Анаў, Эштэмоа, Анім,
Гашэн, Халон і Гіла: адзінаццаць гарадоў зь іх сёламі.
Гашэн, Халон, Гілё — адзінаццаць гарадоў і вёскі іхнія.
Араў, Дума і Эшан,
Араб, Дума, Эшан,
Янум, Бэт-Тапуах і Афэка,
Янім, Бэт-Тапуах, Афэка,
Хумта, Кірыят-Арбы, інакш Хэўрон, і Цыгор: дзевяць гарадоў зь іх сёламі.
Хумта, Кірыят-Арба, значыць Хеўрон, Цыор — дзевяць гарадоў і вёскі іхнія.
Маон, Карміл, Зіф і Юта,
Маон, Кармэль, Зіф, Юта,
Іўзрээль, Ёкдам і Занаах,
Езрээль, Ёкдэам, Занаах,
Каін, Гіва і Тымна: дзесяць гарадоў зь іх сёламі.
Каін, Гіва і Тымна — дзесяць гарадоў і вёскі іхнія.
Халхуд, Бэт-Цур і Гедор,
Хальхул, Бэт-Цур, Гедор,
Маарат, Бэт-Анот і Элтэкон: шэсьць гарадоў зь іх сёламі.
Маарат, Бэт-Анот і Эльтэкон — шэсьць гарадоў і вёскі іхнія.
Кірыят-Ваал, інакш Кірыят-Ярым і Арава: два гарады зь іх сёламі.
Кірыят-Баал, значыць Кірыят-Ярым і Рабба — два гарады і вёскі іхнія.
У пустыні: Бэт-Арава, Мідын і Сэкаха,
У пустыні: Бэт-Араба, Мідын, Сэхаха,
Ніўшан, Ір-Мэлэх і Эн-Геды: шэсьць гарадоў зь іх сёламі.
Нібшан, Ір-Гамэлях, Эн- Геды — шэсьць гарадоў і вёскі іхнія.
А Евусэяў, жыхароў Ерусаліма, не маглі выгнаць сыны Юдавыя, і таму Евусэі жывуць з сынамі Юды ў Ерусаліме аж да сёньня.
Сыны Юды не маглі аднак выгнаць Евусэяў, якія жылі ў Ерусаліме, і жывуць Евусэі з сынамі Юды ў Ерусаліме да сёньня.