Ёва 37 разьдзел

Кніга Ёва
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

І ад гэтага дрыжыць сэрца мае й скранулася зь месца свайго.
 
Гэтага спалохалася маё сэрца, і зрушылася яно са свайго месца.

Слухайце, слухайце дрыжэньне голасу Ягонага і гром, што выходзе з вуснаў Ягоных.
 
Слухайце гук голасу Яго і грымоты, якія выходзяць з Яго вуснаў.

Пад усім небам Ён пушчае яго і сьвятліню Сваю аж да краёў зямлі.
 
Праз усе нябёсы Ён коціць яго, і бляск яго аж да краю зямлі.

За ім равець голас; і грыміць Ён голасам вялікасьці Свае, і не адзержуе яго, калі голас Ягоны пачуты.
 
За ім прагрыміць гром, загучыць голасам велічы сваёй; і не затрымае яго, пакуль не будзе пачуты голас Яго.

Грыміць Бог голасам дзіўным Сваім, робе справы вялікія, неспатачлівыя.
 
Будзе грымець дзівосна голасам Сваім Бог, Які чыніць вялікае і непазнавальнае.

Бо сьнегу Ён кажа: "Будзь на зямлі", таксама лівуну а дажджу, лівуну дажджоў сілы Свае.
 
Ён загадвае снегу, каб сышоў на зямлю, і дажджам зімовым, і ліўню, каб яны ўзмацняліся.

Ён пячатуе руку кажнага чалавека, наб усі людзі ведалі справу Ягоную.
 
Ён кладзе пячатку на руку ўсіх людзей, каб кожны ведаў справы свае.

Тады зьвяры йдуць да логваў сваіх і застаюцца ў норах сваіх.
 
Увойдзе звер у логавішча і будзе жыць у пячоры сваёй.

Із схову прыходзе бура, ад абураючых вятроў — сьцюжа.
 
З поўдня прыйдзе навальніца, а з поўначы — холад.

Ад дзьмухненьня Божага ўзьнікае лёд, і зьверх вады сьцінаецца.
 
З подыхам Божым з’яўляецца лёд, і паверхня вады сціскаецца.

Таксама вагкосьцяй Ён напаўняе хмары, і булакі сыпяць сьвятліню Ягоную.
 
Маланка вылятае з хмары, і хмары распускаюць святло сваё;

Яна круціцца а кружыняе подле праводу Ягонага, каб споўніць усе, што Ён расказуе ім на відзе заселенага сьвету.
 
яны асвятляюць усё наўкола, куды б ні накіравала іх воля Стырнавога, да ўсяго, пра што б ні загадваў Ён ім на абліччы зямнога свету,

Або дзеля зырэньня, альбо дзеля зямлі альбо дзеля зьмілаваньня пасылае іх.
 
ці то на пакаранне зямлі сваёй, ці то з міласэрнасці Ён загадвае, каб яны з’явіліся.

Нахіні вуха да гэтага, Ёве; стой і разважай чудосы Божыя.
 
Выслухай гэта, Ёве, і ўстань і паразважай пра Божыя цуды.

Ці ведаеш ты, як Бог прызначыў іх і прычыняе зьзяць болачную маланку?
 
Ці ты ведаеш, калі загадаў Бог, каб хмары Яго заяснелі святлом?

Ці знаеш аднавагу булакоў, чудосы Найдасканальшага ў ведзе?
 
Ці зведаў ты вялікія шляхі хмар і пра цуды Таго, Хто ў мудрасці дасканалы?

Як твае адзецьці цёплыя, як Ён ціхаміра зямлю з паўдня?
 
Ці не цёплае тваё адзенне, калі зямля супачыла ад паўднёвага ветру?

Ці ты зь Ім прасьцягнуў нябёсы, цьвярдыя, як літая глядзелка.
 
Ты, можа, з Ім расцягнуў нябёсы, надзвычай цвёрдыя, быццам вылітыя з медзі?

Усьведамі нас, што сказаць Яму: мы ня кемім ад цемні.
 
Навучы нас, што маем сказаць Яму? Мы ў гэтай цемры не можам выбраць слоў.

Ці будзе паведана Яму, што я гукаю? Ці кажа людзіна, што яе праглынуць?
 
Хто раскажа Яму, што я гавару? А калі б і сказаў, чалавек будзе паглынуты.

І цяпер мы ня бачым сьвятла, калі яно зьзяе на нябёсах; а вецер павее, і ачысьце іх.
 
А цяпер яны не бачаць святла: паветра закрыта хмарамі, але пройдзе вецер і разгоніць іх.

З поўначы золата прыходзе, у Бога страшны майстат.
 
З поўначы прыходзіць залатое надвор’е, а вакол Бога — велічнасць страшлівая.

Усемагучы! мы не спатачаем Яго, Ён высокі сілаю, судам а множасьцяй справядлівасьці. Ён ня ўціскае.
 
Спасцігнуць Усемагутнага мы не можам: Ён магутны ў сіле; і ўсё ж такі і суд, і вялікую справядлівасць не прыціскае.

Дык хай баяцца Яго людзі; Ён не зважае на мудрых сэрцам».
 
Дзеля таго хай шануюць Яго людзі, бо не паглядзіць Ён на ўсіх тых, што здаюцца сабе мудрымі сэрцам».