Ёва 10 разьдзел
Кніга Ёва
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2017
Абрыдала душы маёй жыцьцё мае; аддамся нараканьню свайму; буду гукаць у немарасьці душы свае.
Абцяжарвае душу маю жыццё маё, распачну я прамову маю супраць сябе і буду гаварыць у горычы душы маёй!
Скажу Богу: ня вінуй мяне; азнаймі імне, чаму Ты з імною ходаешся?
Скажу я Богу: “Не асуджай мяне, а пакажы мне, за што Ты мяне так судзіш?
І здаецца добрым Табе ўціскаць, грэбаваць гарапашнасьцю рук Сваіх і на радзе нягодных зьзяць?
Ці добрым Табе здаецца тое, каб прыгнятаць і ганьбіць мяне, стварэнне рук Тваіх, а радзе бязбожнікаў спрыяць?
Ціж у Цябе цялесныя вочы, і Ты глядзіш, як глядзіць чалавек?
Ці ж і Ты маеш вочы цялесныя або, як чалавек бачыць, так і Ты будзеш бачыць?
Ці дні Твае, як дні чалавека, альбо гады Твае, як дні мужа,
Ці ж Твае дні, як дні чалавечыя, і гады Твае, як тэрмін чалавека,
Што Ты шукаеш бяспраўя майго і сочыш грэх мой,
што Ты шукаеш несправядлівасць маю і выведваеш грахі мае,
Дарма што ведаеш, што я ня вінны, і што няма каму выбавіць мяне ад рукі Твае?
хоць Ты ведаеш, што я нічога бязбожнага не зрабіў, ды няма нікога, хто б з рукі Тваёй мог вырваць?
Рукі Твае хармавалі мяне і ўчынілі ўсяго мяне навокал, — і Ты губіш мяне?
Рукі Твае зрабілі мяне і ўфармавалі мяне ўсяго цалкам, і так раптоўна Ты губіш мяне?
Успомні ж, што Ты, як гліну, вырабіў мяне, і ў пыл абарачаеш мяне?
Успомні, прашу, што Ты апрацоўваў мяне, як гліну, і вернеш мяне ў парахно?
Ці ня Ты выліў мяне, як малако, і, як твораг, згусьціў мяне?
Ці Ты не выдаіў мяне, як малако, ды, як сыр, не зляпіў мяне?
Скураю а целам апрануў мяне, косьцьмі а жыламі ўмацаваў мяне;
У скуру і цела Ты апрануў мяне, умацаваў мяне касцямі і жыламі;
Жыцьцё й міласэрдзе ўчыніў з імною, і апека Твая крыла дух мой.
абдарыў Ты мяне жыццём і любоўю, і наведванне Тваё сцерагло дух мой.
Але й тое схаваў Ты ў сэрцу Сваім, — ведаю, што гэта было ў Цябе, —
Хоць хаваеш Ты гэта ў сэрцы Сваім, аднак ведаю я, што гэта было ў душы Тваёй.
Што, калі я ізграшыў, і Ты крыеш мяне, але зь бяспраўя майго не аправіш мяне.
Ты сочыш за мною, калі я зграшыў, і не паказваешся, каб я быў чысты ад правіннасці маёй.
Калі я нягодны, бяда імне! калі я справядлівы, я не магу ўзьняць галавы свае, бо я чыста зганьбены; і глянь на гароту маю.
Гора мне, калі я буду бязбожным, але хоць бы і быў справядлівы, дык і тады не падыму галавы, накормлены пакутамі і няшчасцем.
І калі я падыймаюся, Ты жанешся, як леў, за імною і ўзноў зумяваеш мяне.
Калі б я ўзняўся ў ганарыстасці, Ты схапіў бы мяне, як ільвяня, і зноў пакажашся дзівосным ува мне.
Аднаўляеш сьветкі Свае супроці мяне, і павялічаеш гнеў Свой на мяне, адмены войска супроці мяне.
Ты ставіш сведкаў Сваіх супраць мяне і павялічваеш гнеў Твой на мяне, і кары Твае будуць ваяваць са мною.
І нашто Ты вывеў мяне зь дзетніцы? хай бы я сканаў, і вока ня бачыла мяне;
Навошта вывеў Ты мяне з улоння? Няхай бы я прапаў, каб вока не бачыла мяне!
І хай бы я быў, як нябылы, з улоньня да гробу перанесены!
Хай бы я быццам не быў, з улоння пайшоўшы ў магілу.
Ці не малыя дні мае? Пакінь, адступі ад мяне, каб я троху пасіліўся,
Ці ж нешматлікасць дзён маіх не скончыцца хутка? Адпусці ж мяне, каб троху суцішылася пакута мая,
Пакуль не адыйду, — і ўжо не зьвярнуся, — да краю цемрадзі й смяротнага сьценю,
перш чым я пайду ды не вярнуся ў зямлю цемры і засені смерці,
Краю цемрадзі, падобнага да цемні сьмяротнага сьценю, ідзе няма парадкаў і йдзе асьвячэньне, як глыбокая цемнь».
у зямлю змроку і цемры [смяротнай], дзе засень смерці і ніякага ладу, але дзе вечны жах пасяліўся”».