Ёва 16 разьдзел
Кніга Ёва
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2017
І адказаў Ёў, і сказаў:
У адказ сказаў Ёў:
«Чуў я шмат такога; мізэрныя пацяшыцелі вы ўсі.
«Часта я чуў такія рэчы! Усе вы нікчэмныя пацяшыцелі.
Ці будзе канец шувейным словам? і што квеле цябе, што ты гэтак адказуеш?
Ці ж будзе канец пустым словам, або што так раздражняе цябе, што ты [так] адказваеш?
І я мог бы таксама гукаць, як вы, калі б душа вашая была на месцу душы мае; прылучыўся б да вас мовамі й ківаў бы на вас галавою сваёю;
Мог і я гаварыць падобна, як вы, ды няхай бы душа ваша была на месцы маёй душы. Распачаў бы я да вас прамову і ківаў бы на вас галавою сваёй,
Сіліў бы вас вуснамі сваімі і рухам вуснаў ціхамірыў бы ваш боль.
падбадзёрваў бы вас вуснамі сваімі і не стрымліваў бы руху вуснаў маіх.
Як я гукаю, не ціхамірыцца боль мой; як перастану, не адыходзе ад мяне.
Калі гаварыць буду, не суцішыцца боль мой; і калі замаўчу, не адыдзе ён ад мяне;
Але, цяпер Ён стамаваў мяне, Ён разбурыў усе таварыства мае.
а цяпер змардаваў мяне боль мой і Ты спустошыў усю сям’ю маю.
Ты зрабіў імне маршчакі, і яны сьветчаньням сталі супроці мяне; паўстаець на мяне хуцзіня мая, сьветча перад відзеньням маім.
Маршчыны мае сведчаць супраць мяне, і паўстае змардаванасць перад абліччам маім, пярэчачы мне.
Ён ірваў мяне ў гневе Сваім і ненавідзіў мяне; скрыгатаў зубамі Сваімі на мяне; праціўнік мой войстра вочы Свае на мяне.
Гнеў Яго разрывае мяне, і супрацівіцца мне, і скрыгоча зубамі сваімі на мяне. Вораг мой утаропіў вочы свае на мяне.
Разявілі на мяне раты свае; зьдзекуючыся, б’юць мяне поўху; усі зьберліся супроці мяне.
Яны разявілі на мяне пашчы свае, і, наракаючы, б’юць мяне ў сківіцу, і, сабраўшыся разам, — супраць мяне.
Аддаець мяне Бог бязбожнаму і кідае мяне ў рукі нягоднага.
Замыкае мяне Бог у несправядлівага і перадае мяне ў рукі бязбожнікаў.
Я быў супакойны; але Ён зламіў мяне, схапіў мяне за завыек, і зьмяжджуліў мяне, і пастанавіў мяне мэтаю Сабе.
Я, той самы задаволены калісьці, знянацку раструшчаны стаўся. Схапіў Ён мяне за шыю, зламаў мяне і паставіў мяне перад Сабою, быццам на знак.
Абступілі мяне стралцы Ягоныя; Ён расьцінае адкрытыя ныркі мае і не жалее; выліў на зямлю жоўць маю.
Акружыў Ён мяне дзідамі Сваімі, разарваў клубы мае, не пашкадаваў; ды расцярушыў па зямлі печань маю.
Ломе ў імне вылам за выламам; бяжыць на мяне, як дужасіл.
Ён раздзірае мяне, рвучы і катуючы, абрушыўся на мяне, быццам волат.
Я пашыў зрэбніну на скуру сваю і ў пыл палажыў рог свой.
Пашыў я радно сабе на скуру і схіліў да зямлі рог мой.
Від мой чырвоны ад плачу, і на веках маіх сьмяротны сьцень,
Твар мой пачырванеў ад плачу, а павекі мае пацямнелі,
Хоць няма ўсілства ў руках маіх, і малітва мая чыстая.
хоць без правіннасці рукі мае, бо малітвы мае былі чыстыя.
Зямля не пакрый крыві мае, і хай ня будзе месца галашэньню майму.
О зямля! Не закрый крыві маёй, і хай крык мой не знойдзе ў табе месца, дзе б сціх.
І цяпер, вось, на нябёсах Сьветка мой, і Паручнік мой на вышынях!
Бо вось на небе Сведка мой і Той, Хто ведае мяне, — на вышынях.
Прыяцелі мае — насьміханьні мае; мае вока ільлець сьлёзы да Бога.
Вешчуны мае — думкі мае: да Бога струменіцца вока маё.
О, каб мог прававацца муж із Богам, як чалавек із прыяцелям сваім!
О, каб чалавек мог так судзіцца з Богам, як судзіцца сын чалавечы са сваім прыяцелем,
Бо лічаныя гады прыходзяць, і сьцежкаю, скуль не зьвярнуся, я пайду.
бо вось, прамінуць кароткія гады, і я пайду шляхам, з якога не вярнуся!