Псалтыр 99 псалом
Псалтыр
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Сабілы і Малахава
ГОСПАД валадарыць, няхай дрыжаць народы! Ён сеў на херувімаў, няхай узварухнецца зямля!
Ягова валадарыць, як Кароль. Трымцяць народы. Ён усьсядае над Хэрубімамі. Трымціць зямля.
Вялікі ГОСПАД на Сыёне, Ён узвысіўся па-над усімі народамі.
Ягова на Сыёне — Вялікі, і Ён ёсьць узвышаны над усімі народамі.
Няхай славяць імя Ягонае вялікае і страшнае, [бо] сьвятое яно!
Хай яны вызнаюць усхваленьне Імю Твайму: вартаму ўзьвялічэньня і багавейнасьці да страху, Ён ёсьць Сьвяты.
І моц Валадара, Які любіць суд. Ты ўстанавіў справядлівасьць, Ты суд і праведнасьць учыніў у Якубе.
Сіла караля ў тым, што ён любіць рассудзіць (справядліва). Ты ўгрунтаваў Справядлівасьць. Ты ў Якубе зьдзейсьніў Суд і Справядлівасьць.
Узьвялічвайце ГОСПАДА, Бога нашага, і пакланіцеся каля падножжа стоп Ягоных, [бо] сьвяты Ён!
Вывышайце Ягову, Бога нашага, упадзіце ніцма перад падножжам Ног Ягоных! Сьвяты ёсьць Ён!
Майсей і Аарон сярод сьвятароў Ягоных, і Самуэль сярод тых, што клічуць імя Ягонае; яны клікалі ГОСПАДА, і Ён адказаў ім.
Масей і Агарон сярод сьвятароў Ягоных, і Самуэль сярод тых, якія прыклікаюць Імя Ягонае: яны гукалі да Яговы, і Ён адказаў ім.
У слупе воблачным прамаўляў Ён да іх; яны захоўвалі сьведчаньні Ягоныя і пастановы, якія Ён даў ім.
У слупе воблачным Ён прамаўляў да іх. Яны захоўвалі Сьведчаньні Ягоныя і Статут, які Ён даў ім.
ГОСПАДЗЕ, Божа наш, Ты адказваў ім. Ты быў для іх Богам, Які прабачаў іх і адплочваў за ўчынкі.
Ягова, Божа наш, Ты ёсьць Той, Які адказваў ім. Ты быў для іх Богам прабачаючым і Помсьнікам за іхныя благія ўчынкі.
Узьвялічвайце ГОСПАДА, Бога нашага, і пакланіцеся перад гарой Яго сьвятою, бо сьвяты ГОСПАД, Бог наш!
Вывышайце Ягову, Бога нашага, і ўпадзіце ніцма на сьвятой гары Ягонай, бо Сьвяты ёсьць Ягова, Бог наш.