Псалтыр 103 псалом
Псалтыр
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Сабілы і Малахава
Псальм Давіда. Дабраславі, душа мая, ГОСПАДА, і ўсё нутро маё — імя Ягонае сьвятое!
Давідавы. Багаславі, душа мая, Ягову, і ўсё нутро маё Сьвятое Імя Ягонае!
Дабраславі, душа мая, ГОСПАДА і не забывайся пра ўсё, што Ён зрабіў!
Багаславі, душа мая, Ягову, і ня забывайся на ўсе Ягоныя Дабрадзеі,
Ён даруе табе ўсе беззаконьні твае, вылечвае ўсякую немач тваю,
Каторы даруе ўсе твае бяззаконьні, Каторы ацаляе ўсе немачы твае,
вызваляе ад магілы жыцьцё тваё, літасьцю вялікай і міласэрнасьцю карануе цябе,
Каторы вызваляе жыцьцё тваё ад магілы, Каторы карануе цябе міласэрнасьцю і шчадротамі,
насычае дабром старасьць тваю, аднаўляе, як у арла, маладосьць тваю.
Каторы напаўняе дабром старасьць тваю, так што абнаўляе юнацтва тваё, як у арла.
Праведнасьць чыніць ГОСПАД і суд для ўсіх прыгнечаных.
Ягова чыніць Справядлівасьць і Суд усім прыгнечаным.
Ён зрабіў вядомымі шляхі Свае Майсею, сынам Ізраіля — учынкі Свае.
Ён паказаў шляхі Свае Масею, сынам Ізраэля — Дзеі Свае.
Спагадлівы і літасьцівы ГОСПАД, павольны да гневу і багаты на міласэрнасьць.
Шчодры і міласэрны Ягова, няхуткі да гневу і багаты на міласэрнасьць.
Не назаўсёды Ён гневам палае і ня вечна памятае ліхое.
Ён ня вечна будзе асуджаць і ня вечна абурацца.
Не паводле грахоў нашых нам Ён дае і не ўчыняе з намі паводле беззаконьняў нашых,
Ён паступаў з намі ня паводля грахоў нашых і адплачваў нам ня паводля правіннасьцяў нашых;
бо як высока неба над зямлёю, так вялікая міласэрнасьць Ягоная да тых, што баяцца Яго,
бо як высока Нябёсы над зямлёй, так вялікая Міласэрнасьць Ягоная над тымі, што баяцца Яго.
як далёкі ад захаду ўсход, так [далёка] Ён нашыя правіны ад нас аддаліў,
Як далёка усход ад захаду, так Ён аддалíў ад нас праступкі нашыя.
як літуецца бацька над сынамі, так ГОСПАД літуецца над тымі, што баяцца Яго.
Як лíтуецца бацька над сынамі (сваімі), так лíтуецца Ягова над тымі, хто баіцца Яго;
Бо ведае Ён настаўленьне нашае, памятае, што мы — [толькі] пыл.
бо Ён ведае склад наш, памятае, што мы — (толькі) пыл.
Дні чалавечыя — як трава; як кветка ў полі, так ён квітнее,
Чалавек, як трава — дні ягоныя. Як кветка поля, так квітнее ён;
бо пройдзе над ім вецер, і няма яго, і ўжо месца ягонае больш не пазнае яго.
як пройдзе над ёю вецер, і ўжо няма яе, і месца ейнае ўжо ня пазна́е яе.
Але міласэрнасьць ГОСПАДА ад веку і на вякі над тымі, што баяцца Яго, і праведнасьць Ягоная — над сынамі сыноў
Але Міласэрнасьць Яговы ёсьць ад вечнасьці ў вечнасьць над тымі, хто баяцца Яго, і Справядлівасьць Ягоная на сыноў сыноў,
тых, якія захоўваюць запавет Ягоны і загады Ягоныя памятаюць, каб выконваць іх.
тых, якія трымаюць Запавет Ягоны і помняць Ягоныя наказы, каб іх выконваць.
ГОСПАД умацаваў пасад Свой на нябёсах, і валадарства Ягонае над усім пануе.
Ягова ў Нябёсах усталяваў Пасад Свой, і Ягонае Каралеўства валадарыць над усім.
Дабраславіце ГОСПАДА, анёлы Ягоныя, магутныя моцаю, што выконваеце слова Ягонае, чуючы голас слова Ягонага!
Багаслаўце Ягову, (вы) Ангелы Ягоныя, вы дужыя сілаю, выканаўцы Слова Ягонага, слухаючыя Голас Слова Ягонага.
Дабраславіце ГОСПАДА, усе войскі Ягоныя, служыцелі Ягоныя, што выконваеце волю Ягоную!
Багаслаўце Ягову, усе войскі Ягоныя, служкі Ягоныя, выканаўцы Волі Ягонай.
Дабраславіце ГОСПАДА, усе творы Ягоныя па ўсіх месцах панаваньня Ягонага! Дабраславі, душа мая, ГОСПАДА!
Багаслаўце Ягову, усе творы Ягоныя, па ўсіх мейсцах Валадарства Ягонага. Багаслаў Ягову, душа мая!