Псалтыр 77 псалом
Псалтыр
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Сабілы і Малахава
Кіраўніку хору. Едутуну. Псальм Асафа.
Кіраўніку хору. Ядутуну. Асапавы. Псальм.
Голас мой да Бога, і буду крычаць; голас мой да Бога, і Ён пачуў мяне.
Голас мой да Бога, і я гукаю! Голас мой да Бога, і Ён схіляе вуха да мяне.
У дзень трывогі маёй шукаю я Госпада; уначы рука мая працягнутая і не зьнемагаецца; адмаўляецца ад пацяшэньня душа мая.
У дзень уціску майго я шукаў майго Госпада. Уначы рука мая працягнута і ня апускаецца. Душа мая адмовілася быць суцешанай.
Узгадваю пра Бога і стогну; енчу і зьнемагае дух мой. (Сэлях)
Успамінаю я пра Бога і стагну́. Я разважаю, а дух мой прыгне́чаны. Зэля.
Ты затрымаў павекі вачэй маіх; я ўстрывожаны, і не магу гаварыць.
Павекі маіх вачэй Ты трымаеш адплюшчанымі. Я (так) устрывожаны, што ня магу гаварыць.
Разважаю пра дні старадаўнія, пра гады спрадвечныя.
Я разважаў пра дні даўнія, пра гады спрадвечныя.
Уначы ўзгадваю песьні мае, енчу ў сэрцы маім, і дапытваецца дух мой:
Я ўспамінаю маю струнную ігру ўначы, разважаю ў сэрцы маім, і дух мой старанна дасьледуе.
«Няўжо Госпад на вякі адкінуў мяне і ня будзе больш спагадаць?
Няўжо мой Госпад адкіне навекі? І няўжо Ён напе́рад больш ня будзе спагада́ць?
Няўжо назаўсёды канец міласэрнасьці Ягонай, і вестка з пакаленьня ў пакаленьне счэзла?
Няўжо ж назаўсёды канец Міласэрнасьці Ягонай? Няўжо абяцаньню прыйшоў канец з роду ды ў род?
Няўжо Бог забыўся пра літасьцівасьць Сваю і спыніў у гневе Сваім літасьць Сваю?» (Сэлях)
Няўжо ж Бог забыўся быць міласэрным? Няўжо Ён у гневе зачыніў спачуваньні Свае? Зэля.
І я сказаў: «Гэта боль мой, што зьмянілася правіца Найвышэйшага.
І я сказаў: гэта ж пакута мая: (цяжкія) гады Правіцы Найвышэйшага.
Буду ўзгадваць дзеяньні ГОСПАДА; бо хачу ўзгадваць цуды Твае старадаўнія.
Я запішу і буду помніць Дзеяньні Яговы, так, я буду ўспамінаць Цудоўныя Ўчынкі Твае спрадвечныя,
І буду разважаць пра ўсе справы Твае, і пра вялікія ўчынкі Твае буду апавядаць».
і я буду разважаць пра ўсякі Твой Чын, і буду разважаць пра ўсе Твае Дзеяньні.
У сьвятасьці, Божа, шлях Твой. Які Бог гэтакі вялікі, як Бог?
Божа, у Сьвятасьці шлях Твой. Хто ёсьць такі вялікі Бог, як (наш) Бог?
Ты — Бог, Які цуды робіць. Ты даў спазнаць народам моц Тваю.
Ты Бог, Які чыніць Цуды. Ты выявіў магутнасьць Тваю сярод народаў.
Ты бараніў рамяном Тваім народ Твой, сыноў Якуба і Язэпа. (Сэлях)
Ты вызваліў Рукой народ Твой, сыноў Якуба і Язэпа. — Зэля.
Убачылі Цябе воды, Божа, убачылі Цябе воды і задрыжэлі, і затрэсьліся бяздоньні.
Воды бачылі Цябе, Божа, воды бачылі Цябе. Яны збаяліся. Сапраўды, глыбіні задрыжалі.
Лінулі з хмараў воды; выдалі голас аблокі, і лёталі стрэлы Твае.
Хмары люнулі воды. Нябёсы выдалі голас. Сапраўды, лёталі стрэлы Твае.
Голас грымотаў Тваіх у віхуры; маланкі сусьвет асьвятлялі; зямля трэслася і дрыжэла.
Гук грому Твайго быў у віхуры. Маланкі асьвятлялі сьвет. Зямля дрыжэла і трэслася.
Праз мора ішоў шлях Твой, і сьцяжына Твая — праз воды вялікія, і сьлядоў Тваіх нельга пазнаць.
Праз мора вёў Твой шлях, і сьцежка Твая праз воды вялікія, і сьляды Твае былі нявядомыя.
Ты вёў народ Твой, як авечкі, рукой Майсея і Аарона.
Як статак вёў Ты народ Твой рукой Масея і Агарона.