Псалтыр 39 псалом

Псалтыр
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Сабілы і Малахава

 
 

Кіраўніку хору. Едутуну. Псальм Давіда.
 
Кіраўніку хору, Ядутуну. Псальм Давідавы.

Я сказаў: «Буду захоўваць шлях мой, каб не саграшыць языком маім! Буду захоўваць вусны мае вуздою, пакуль бязбожнік перада мною».
 
Я сказаў: «Буду я пільнаваць шляхі мае, каб мне ня грашыць языком маім. Я буду надзяваць вуздэчку на вусны мае, пакуль бязбожнік перада мною».

Я зьнямеў у маўчаньні; маўчаў пра добрае, але боль мой нішчыў [мяне].
 
Я быў зьнямеўшым у маўчаньні, маўчаў нават пра добрае; але боль мой стаўся разварушаным.

Распалілася сэрца маё ў нутры маім; ва ўздыханьні маім запалаў агонь, і я прамовіў языком маім.
 
Сэрца маё разгарачылася ў нутры маім. У роздумах маіх запалаў агонь. Я загаварыў языком маім:

Дай мне ведаць, ГОСПАДЗЕ, канец мой і меру дзён маіх, якая яна. Дай мне ведаць, які я нетрывалы!
 
Дай знаць мне, Ягова, пра канец мой, і які лік дзён маіх; каб я ведаў, які даўгавечны я.

Вось, на [некалькі] пядзяў Ты даў дні мае, і век мой — як нішто перад Табою! Толькі ўсякай марнасьцю ёсьць кожны чалавек, [нават] у сіле. (Сэлях)
 
Вось! як пядзі Ты даў мне мае дні, і век мой, як нішто прад Табою. Сапраўды, адна марнасьць ёсьць усякі чалавек, як бы ён цьвёрда ня стаяў. Зэля.

Толькі як здань ходзіць чалавек, [і ёсьць] толькі марнасьцю; ён трывожыцца, прагавіта зьбірае і ня ведае, хто забярэ гэта.
 
Сапраўды, чалавек ходзіць, як прывід. Сапраўды, марнасьць ёсьць усё, пра што яны клапоцяцца. Ён зьбірае і ня ведае, каму дастанецца гэта.

І цяпер, на што [яшчэ] я спадзяюся, Госпадзе? Надзея мая ў Табе!
 
А цяпер, чаго я чакаю, мой Госпад? Надзея мая — на Цябе!

Ад усіх правінаў маіх выратуй мяне; на ганьбаваньне ад бязглуздых ня стаў мяне.
 
Вырві мяне ад усіх правіннасьцяў маіх! Ня аддай мяне на пасьмешышча няразумнага!

Я зьнямеў, не адчыняю вуснаў маіх, бо Ты зрабіў гэта.
 
Я анямеў, ня адчыняю вуснаў маіх, бо Ты, Ты гэта зрабіў.

Забяры ад мяне караньне Тваё, ад удараў рукі Тваёй я зьнікаю.
 
Зьнімі зь мяне пакараньне Тваё. Ад супрацьдзеяньня Рукі Тваёй (супраць мяне) я гібе́ю.

Дакараньнем за беззаконьне Ты караеш чалавека і нявечыш, як ад молі, прагненьні ягоныя. Толькі марнасьцю ёсьць кожны чалавек! (Сэлях)
 
Ты ўшчуваньнямі караеш чалавека за ягоную правіннасьць, Ты расьцярушваеш ягоную прывабнасьць, быццам з’едзеную моляй. Сапраўды, кожны чалавек ёсьць марнасьць. Зэля.

Пачуй малітву маю, ГОСПАДЗЕ, і прыхілі вуха да ляманту майго! Не маўчы на сьлёзы мае, бо я прыхадзень у Цябе і пасяленец, як і ўсе бацькі мае.
 
Пачуй, Ягова, малітву маю, прымі да Слыху Твайго мой крык! Ня маўчы на сьлёзы мае, бо я прыхадзень у Цябе, чужынец, як і ўсе ба́цькі мае.

Не ўглядайся на мяне, каб я павесялеў перад тым, як зыйду, і ня будзе мяне!
 
Адвярні ад мяне Твой позірк, каб я падмацаваўся, перш чым сыйду і больш ня будзе мяне.