Псалтыр 84 псалом
Псалтыр
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Сабілы і Малахава
Кіраўніку хору: на лад Гітыт. Сыноў Караха. Псальм.
Кіраўніку хору. Паводля «Гітціт». Сыноў Карэявых. Псальм.
Як умілаваныя сялібы Твае, ГОСПАД Магуцьцяў!
Якія вартыя любові пасе́лішчы Твае, Ягова войскаў!
Прагне і тужыць душа мая па панадворках ГОСПАДА; сэрца маё і цела маё весяляцца ў Богу Жывым.
Душа мая моцна ту́жыць, так, яна захоплена палымяным жаданьнем у панадворкі Яговы. Сэрца маё і цела маё ўрачыста радуюцца ў Богу жывым.
Нават птушка адшукала дом, ластаўка — гняздо для сябе, дзе птушанятак сваіх укладае: каля ахвярнікаў Тваіх, ГОСПАД Магуцьцяў, Валадар мой і Бог мой!
Нават верабей знайшоў дом, і ластаўка гняздо для сябе, дзе яна сваіх птушанятак укладае, ля Тваіх ахвярнікаў, Ягова войскаў, мой Каролю і Божа мой!
Шчасьлівыя тыя, што жывуць у Доме Тваім, заўсёды яны [ўзносяць] хвалу Табе. (Сэлях)
Шчасьлівыя тыя, якія жывуць у Доме Тваім. Яны будуць славіць Цябе няспынна. Зэля.
Шчасьлівы чалавек, сіла якога ў Табе, і ў сэрцы якога дарога [да Цябе]!
Шчасьлівы чалавек, каторага сіла ў Табе. У сэрцы ягоным шляхі простыя.
Праходзячы далінаю дрэваў бальзамовых, яны адкрываюць крыніцы, і дождж раньні пакрывае яе дабраслаўленьнем.
Калі яны ідуць далінай Баха, яны робяць яе месцам крынічным. Таксама раньні дождж пакрывае яе багаславеньнямі.
Ідуць яны ад сілы да сілы, і прыходзяць да Бога на Сыён.
Яны ідуць ад сілы ў сілу. Кожны (зь іх) зьяўляецца перад Богам на Сыёне.
ГОСПАДЗЕ, Божа Магуцьцяў, пачуй малітву маю! Прыхілі вуха, Божа Якуба! (Сэлях)
Ягова, Божа войскаў, выслухай малітву маю! Вазьмі да вушэй, Божа Якубаў. Зэля.
Божа, шчыце наш! Зірні і паглядзі на аблічча памазанца Твайго!
Божа, шчыт наш, глянь сюды! Глянь на аблічча памазанца Твайго!
Бо [адзін] дзень на панадворку Тваім лепшы за тысячу [іншых]; я выбіраю стаяць каля парога ў Доме Божым, чым жыць у намётах беззаконьня.
— Бо адзін дзень у дварах Тваіх ёсьць лепшы, чым тысяча (іншых дзён). Я буду лепш прабываць ля парогу Дому Бога майго, чым жыць у шатрах бязбожнасьці,
Бо ГОСПАД Бог ёсьць сонца і шчыт; ГОСПАД дае ласку і славу, і не адмовіць дабра аніякага тым, якія ў беззаганнасьці ходзяць.
бо Ягова, Бог, ёсьць сонца і шчыт; Ягова дае Багадаць і славу. Ён ня адмаўляе дабра тым, якія ходзяць у бяззаганнасьці.
ГОСПАД Магуцьцяў! Шчасьлівы чалавек, які на Цябе спадзяецца!
Ягова войскаў! Шчасьлівы чалавек, які давяраецца Табе!