Псалтыр 32 псалом

Псалтыр
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Сабілы і Малахава

 
 

Навучаньне Давіда. Шчасьлівы, каму дараваная правіна, каму пакрыты грэх.
 
Псальм Давідавы. Навука. Шчасьлівы той, каму дарава́на бяззаконьне ягонае, чый грэх пакрыты.

Шчасьлівы чалавек, якому не палічыў ГОСПАД беззаконьняў, і ў духу якога няма нядбальства.
 
Шчасьлівы чалавек, якому Ягова ня залічвае грэху, і ў чыім духу няма хітрыны.

Калі я маўчаў, ссохлі косткі мае ў штодзённым стагнаньні маім,
 
Пакуль я маўчаў, сохлі косткі мае ад штодзённага стагнаньня майго,

бо дзень і ноч абцяжарвала мяне рука Твая; сокі мае высахлі, быццам у летнюю сьпёку. (Сэлях)
 
бо дзень і ноч абцяжа́ла мяне Рука Твая, зьнікла сіла мая, як у летнюю сьпёку. Зэля.

Грэх мой я паведаміў Табе і не схаваў беззаконьня майго. Я сказаў: «Вызнаю ГОСПАДУ правіны мае», і Ты дараваў мне віну грэху майго. (Сэлях)
 
Дык прызнаўся я Табе ў грэху маім і ня ўтоіў бяззаконьня майго. Я сказаў: «Вызна́ю Ягове праступкі мае». І Ты, Ты дараваў віну грэху майго. Зэля.

Таму кожны багабойны будзе маліцца да Цябе ў часе, калі можна знайсьці Цябе; нават калі разальюцца воды вялікія, яны не дакрануцца яго.
 
Таму кожны пабожны хай моліцца Табе ў час, калі можна знайсьці Цябе. І разьліў нават вялікіх водаў, яны ня дасягнуць яго.

Ты — заслона мая! Ты мяне ад бяды захаваеш, радасьцю выратаваньня аточыш мяне. (Сэлях)
 
Ты ёсьць сховішча маё. Ты бароніш мяне ад бяды. Урачыстымі радасьцямі збаўленьня Ты атачаеш мяне. Зэля.

«Навучу цябе і пакажу табе шлях, па якім ты павінен ісьці, дам табе раду, бо вока Маё над табою».
 
Я буду цябе настаўляць і навучу цябе шляху, які ты павінен прайсьці. Я буду раіць табе, Вока Маё на цябе.

Ня будзьце, як конь і як мул, якія разуменьня ня маюць, якіх трэба аздобай іхняю, аброцьцю і цуглямі, закілзаць, каб не кідаліся на цябе.
 
Ня будзьце, як конь альбо мул, што развагі ня маюць; чые храпы трэба зануздаць аброцьцю і цуглямі, інакш яны ня ўпакорацца табе.

Шмат болю ў бязбожніка, а таго, хто спадзяецца на ГОСПАДА, міласэрнасьць атачае.
 
Шмат боляў бязбожніку. Але хто спадзяецца на Ягову, таго Ён ахінае міласэрнасьцю.

Радуйцеся ў ГОСПАДЗЕ і цешцеся, праведнікі! Весяліцеся, усе правыя сэрцам!
 
Радуйцеся ў Ягове і весялíцеся, (вы) праведныя, і радуйцеся ўрачыста ўсе шчырыя сэрцам!