Псалтыр 27 псалом
Псалтыр
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Сабілы і Малахава
Давіда. ГОСПАД — сьвятло маё і збаўленьне маё. Каго мне баяцца? ГОСПАД — апора жыцьця майго. Каго мне палохацца?
Псальм Давідавы. Ягова ёсьць сьвятло маё і ратунак мой: каго мне баяцца? Ягова ёсьць ахова жыцьця майго: каго ж мне палохацца?
Калі злачынцы выйдуць супраць мяне, каб пажэрці цела маё, прыгнятальнікі і ворагі мае, яны самі спатыкнуцца і ўпадуць.
Калі злачынцы наблізіліся да мяне, каб пажэрці цела маё, — яны самі спаткнуліся і ўпалі.
Калі табар вайсковы стане супраць мяне, сэрца маё ня будзе баяцца; калі ўзьнімецца супраць мяне вайна, я і тады спадзявацца буду.
Калі паўстане супраць мяне войска, сэрца маё ня спалохаецца. Калі супраць мяне ўзьнімецца вайна, я і тады буду спадзявацца.
Аднаго я прашу ў ГОСПАДА і гэтага толькі шукаю, каб жыць мне ў Доме ГОСПАДА ўсе дні жыцьця майго, каб бачыць хараство ГОСПАДА і разважаць у сьвятыні Ягонай.
Аднаго я прасіў у Яговы, і толькі таго я шукаю: каб жыць у Доме Яговы ўсе дні майго жыцьця, каб я мог сузіраць хараство Яговы і каб наведаваць Сьвятыню Ягоную.
Бо Ён заслоніць мяне ў схове Сваім у дзень злы, Ён схавае мяне пад заслонай намёту Свайго і ўзьнясе мяне на скалу.
Бо Ён схавае мяне ў Скініі Сваёй у дзень ліхí, Ён схавае мяне ў сховішчы Скініі Сваёй. Ён узьнясе мяне на скалу́.
Гэтак будзе ўзьнесена цяпер галава мая па-над усімі ворагамі маімі вакол мяне, і буду ахвяроўваць ГОСПАДУ ахвяры ў намёце Ягоным пад трубныя гукі, буду сьпяваць і выслаўляць ГОСПАДА.
Цяпер галава мая падыймаецца над ворагамі маімі, якія вакол мяне. І ахвяры славаслоўя буду прыносіць у Ягонай Скініі, буду пець і іграць Ягове.
Пачуй, ГОСПАДЗЕ, голас мой, калі я клічу. Зьлітуйся нада мною і адкажы мне!
Пачуй, Ягова, голас мой! Я гукаю да Цябе. Зьлітуйся нада мною і выслухай мяне!
Пра Цябе кажа сэрца маё: «Шукайце аблічча Маё!» Я буду шукаць, ГОСПАДЗЕ, аблічча Тваё!
Сэрца маё кажа ад Цябе: «Шукайце Маё Аблічча!» Тваё Аблічча, Ягова, шукаю я.
Не хавай ад мяне аблічча Тваё, не адцурайся ў гневе ад слугі Твайго! Ты быў мне ўспамогай! Не адкідай мяне і не пакінь мяне, Божа збаўленьня майго!
Ня хавай Аблічча Твайго ад мяне. Ня адкінь у гневе раба Твайго. Ты мая дапамога. Ня адкінь мяне і ня пакінь мяне, Божа збавеньня майго!
Бо бацька мой і маці мая пакінулі мяне, а ГОСПАД прыгарнуў мяне.
Бо бацька мой і маці мая пакінулі мяне, але Ягова прыйме мяне.
Навучы мяне, ГОСПАДЗЕ, шляху Твайму, і вядзі мяне роўнай сьцежкай насупраць ворагам маім!
Навучы мяне, Ягова, шляху Твайму і вядзі мяне простай сьцежкай дзеля ворагаў маіх.
Не аддавай мяне ў рукі прыгнятальнікаў маіх, бо сьведкі фальшывыя паўсталі супраць мяне і той, што дыхае няправасьцю.
Ня аддавай мяне ярасьці праціўнікаў маіх; бо паўсталі супраць мяне сьведкі хвальшывыя і той, што дыхае лютасьцю.
Але я веру, што ўбачу добрасьць ГОСПАДА ў зямлі жывых.
Калі б я ня верыў, дык ня ўбачыў бы дабрыні Яговы ў краіне жывых!
Спадзявайся на ГОСПАДА! Будзь цьвёрды і сэрца тваё ўмацуй, і спадзявайся на ГОСПАДА!
Спадзявайся на Ягову. Будзь моцны. Хай сэрца тваё будзе адважнае, і спадзявайся на Ягову.