Псалтыр 27 псалом

Псалтыр
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Сабілы і Малахава

 
 

Давідава. СПАДАР — сьвятло мае а спасеньне мае: каго ж маю баяціся? СПАДАР — моц жыцьця майго: каго ж маю лякаціся?
 
Псальм Давідавы. Ягова ёсьць сьвятло маё і ратунак мой: каго мне баяцца? Ягова ёсьць ахова жыцьця майго: каго ж мне палохацца?

Калі бліжацца да мяне ліхадзеі, каб пажэрці цела мае, уцісканьнікі а непрыяцелі мае, яны спатыкнуцца а паваляцца.
 
Калі злачынцы наблізіліся да мяне, каб пажэрці цела маё, — яны самі спаткнуліся і ўпалі.

Калі разьляжацца супроці мяне табар, не збаіцца сэрца мае; калі паўстане на мяне вайна, і тады буду спадзявацца.
 
Калі паўстане супраць мяне войска, сэрца маё ня спалохаецца. Калі супраць мяне ўзьнімецца вайна, я і тады буду спадзявацца.

Аднаго прасіў я ў СПАДАРА, таго буду шукаці, каб жыць імне ў доме СПАДАРОВЫМ усі дні жыцьця свайго, сузіраць харашыню СПАДАРОВУ і скумаць у сьвятыні Ягонай;
 
Аднаго я прасіў у Яговы, і толькі таго я шукаю: каб жыць у Доме Яговы ўсе дні майго жыцьця, каб я мог сузіраць хараство Яговы і каб наведаваць Сьвятыню Ягоную.

Бо Ён схавае мяне ў будане ў дзень благі, схавае мяне ў схове будану свайго, на скалу ўзьніме мяне.
 
Бо Ён схавае мяне ў Скініі Сваёй у дзень ліхí, Ён схавае мяне ў сховішчы Скініі Сваёй. Ён узьнясе мяне на скалу́.

Цяпер падыймаецца галава мая над злосьнікамі маімі, што аступілі мяне; абраку я ў будане Ягоным аброк радаснага гуку; пачну пяяць а граць перад СПАДАРОМ.
 
Цяпер галава мая падыймаецца над ворагамі маімі, якія вакол мяне. І ахвяры славаслоўя буду прыносіць у Ягонай Скініі, буду пець і іграць Ягове.

Пачуй, СПАДАРУ, голас мой, гукаю да Цябе; зьмілуйся над імною і адкажы імне.
 
Пачуй, Ягова, голас мой! Я гукаю да Цябе. Зьлітуйся нада мною і выслухай мяне!

Ад Цябе кажа сэрца мае: «Шукайце віду Майго»; віду Твайго, СПАДАРУ, буду шукаць.
 
Сэрца маё кажа ад Цябе: «Шукайце Маё Аблічча!» Тваё Аблічча, Ягова, шукаю я.

Не таі відзеньня Свайго ад мяне; не адхіні ў гневе слугі Свайго. Маёй помачай Ты быў: не адхіні мяне, не пакінь мяне, Божа спасеньня майго!
 
Ня хавай Аблічча Твайго ад мяне. Ня адкінь у гневе раба Твайго. Ты мая дапамога. Ня адкінь мяне і ня пакінь мяне, Божа збавеньня майго!

Бо айцец мой а маці мая пакінулі мяне, але СПАДАР прыйме мяне.
 
Бо бацька мой і маці мая пакінулі мяне, але Ягова прыйме мяне.

Навучы мяне, СПАДАРУ, дарогі Свае й вядзі мяне на простую сьцежку напярэк варагом маім.
 
Навучы мяне, Ягова, шляху Твайму і вядзі мяне простай сьцежкай дзеля ворагаў маіх.

Не аддай мяне на волю ўцісканьнікаў маіх, бо паўсталі супроці мяне сьветкі хвальшывыя й выдыхаючыя глабаньне;
 
Ня аддавай мяне ярасьці праціўнікаў маіх; бо паўсталі супраць мяне сьведкі хвальшывыя і той, што дыхае лютасьцю.

Я абамлеў бы, каб ня верыў, што я бачу дабрыню СПАДАРОВУ на зямлі жывых.
 
Калі б я ня верыў, дык ня ўбачыў бы дабрыні Яговы ў краіне жывых!

Спадзявайся на СПАДАРА; будзь мужны; хая будзе сэрца твае адважнае; дык спадзявайся на СПАДАРА.
 
Спадзявайся на Ягову. Будзь моцны. Хай сэрца тваё будзе адважнае, і спадзявайся на Ягову.