Псалтыр 40 псалом

Псалтыр
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Сабілы і Малахава

 
 

Дырыґенту хору. Псальма Давідава.
 
Кіраўніку хору. Псальм Давідавы.

Я надта спадзяваўся СПАДАРА. Ён сьхінуўся да мяне й пачуў галашэньне мае.
 
Моцна чакаў Я на Ягову, і Ён нахіліўся да Мяне і пачуў Мой крык аб дапамозе.

Ён вывеў мяне із згубнае ямы, з балотнае твані, і пастанавіў на скале ногі мае, умацаваў ступы мае.
 
І Ён выцягнуў Мяне зь ямы пагібельнай, з тва́ні балотнай, і паставіў ступнí Мае на скале, зрабіў цьвёрдымі Мае крокі.

Ён улажыў новую песьню ў вусны мае, хвалу Богу нашаму. Абача шмат хто, і будуць баяцца, і будуць спадзявацца на СПАДАРА.
 
І ў ву́сны Мае ўклаў Ён песьню новую, хвалу Богу нашаму. Убачаць гэта многія і збаяцца і будуць спадзявацца на Ягову.

Шчасьлівы муж, каторы замеў СПАДАРА за надзею сваю, каторы не зварачаецца да гордых і да тых, што йдуць за маною.
 
Шчасьлівы чалавек, які на Ягову ўскладае сваю надзею і ня нахіляецца да ганарыстых і да тых, якія схіляюцца да маны.

Шмат учыніў Ты, СПАДАРУ, Божа мой! чудосы Твае а думкі Твае праз нас. Няма раўні Табе. Буду павядаць і гукаць, яны чысьленшыя за палічэньне.
 
Многае Ты зрабіў, Ягова, Божа Мой, цуды Твае і думкі Твае пра нас. Няма Табе роўных. Хацеў бы Я аб іх апавяшчаць і гаварыць, але занадта многа іх, каб пералічыць.

Аброку а дару Ты ня хочаш; вушы Ты адчыніў імне; усепаленьня а аброку за грэх Ты не вымагаеш.
 
Ахвяры і прынашэньня Ты ня хочаш. Ты расчыніў Мне вушы. Цэласпаленьня і ахвяры за грэх Ты ня патрабуеш.

Тады я сказаў: «Гля, іду; у зьвітку кніжным напісана празь мяне.
 
Тады Я сказаў: вось! Я іду. У скрутку кнігі напісана пра Мяне;

Чыніць волю Тваю, Божа, жаданьне мае, права Твае пасярод нутра майго».
 
волю Тваю выканаць, Божа Мой, Я моцна жадаю. І Закон Твой у сярэдзіне нутра Майго.

Я абяшчаў радасныя навіны праз справядлівасьць у грамадзе вялікай, гля, я ня зьдзержаваў вуснаў сваіх; СПАДАРУ! Ты ведаеш.
 
Я абвяшчаў справядлівасьць (Тваю) у вялікім сходзе. Сапраўды, вусны Мае Я ня стрымліваў; Ягова, Ты гэта ведаеш.

Справядлівасьці Твае я не схаваў у сэрцу сваім, празь вернасьць Тваю а спасеньне Твае я гукаў, я не таіў ласкі Твае і праўды Твае ад грамады вялікае.
 
Я ня хаваў Тваёй справядлівасьці ў Сэрцы Маім. Я распавядаў пра вернасьць Тваю і Тваё выратаваньне. Я ня таіў Міласэрнасьці Тваёй і Праўды Тваёй перад вялікім сходам.

Ты, СПАДАРУ, ня суймі міласэрдзя Свайго ад мяне; ласка Твая а праўда Твая кажначасна крыюць мяне;
 
Ты, Ягова, ня адхілі ад Мяне Тваіх спачуваньняў. Міласэрнасьць Твая і Праўда Твая хай заўсёды ахава́юць Мяне,

Бо аж бязь ліку ліха абступіла мяне; бяспраўі мае насьпелі мяне ажно я не магу бачыць; іх болей як валасоў на галаве маёй; і сарцэ мае пакінула мяне.
 
бо безьліч няшчасьцяў абступілі Мяне. Праступкі Мае дасягнулі Мяне, Я ня магу пералічыць іх позіркам. Іх больш, чым валасоў на Маёй Галаве, і Сэрца Маё пакінула Мяне.

Зыч, СПАДАРУ, выбавіць мяне; СПАДАРУ! на помач імне пабарзьдзі.
 
Хай будзе Табе прыемна, Ягова, вызваліць Мяне! Ягова, пасьпяшайся на дапамогу Мне!

Няхай разам будуць засаромлены а асарамочаны шукаючыя душы мае, каб зьнішчыць яе; няхай адступяць назад і будуць паганьбены жадаючыя ліха імне;
 
Хай будуць пасаромлены і зганьбаваны ўсе, што шукаюць згубы душы Маёй. Хай абернуцца наўцёкі і будуць пасаромлены тыя, якія жадаюць Мне ліха.

Няхай зжахнуцца ад сораму свайго, каторыя кажуць імне: «Ага, ага!»
 
Будуць асаромлены іхняй жа ганьбай, якія Мне кажуць: «ага, ага».

Хай цешацца а вяселяцца ў Табе ўсі, што шукаюць Цябе; няхай тыя, што любяць спасеньне Твае, кажуць кажначасна: «Няхай узьвялічыцца СПАДАР!»
 
Усе, што шукаюць Цябе, хай вяселяцца і радуюцца ў Табе. І хто любіць збавеньне Тваё, хай кажуць заўсёды: «хай будзе ўзьвялічаны Ягова!»

Я ж бедны а патрабуючы, але СПАДАР думае празь мяне. Ты помач мая і вывальненьне мае; Божа мой! не адвалакай.
 
А Я гаротны і ўбогі. Але Госпад клапоціцца пра Мяне. Ты — дапамога Мая і Ратунак Мой. Божа Мой, ня марудзь!