Псалтыр 2 псалом

Псалтыр
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Сабілы і Малахава

 
 

Нашто бунтуюцца народы, і люды задумляюць пустое?
 
Чаму бунтуюцца народы, і людзі задумляюць марнае?

Паўстаюць каралі земныя, і начэльнікі радзяцца разам супроці СПАДАРА а супроці памазанца Ягонага:
 
Паўстаюць каралі зямлі, і князі зьбіраюцца супольна супраць Яговы і супраць Памазанца Ягонага:

«Разарвем зялезьзі іхныя і ськінем ізь сябе путы іхныя».
 
Парве́ма іхныя кайданы і путы іхныя скіньма зь сябе!

Сядзячы на нябёсах усьміхаецца, Спадар насьміхаецца зь іх.
 
Той, што сядзіць у Небе, сьмяецца: Госпад пазьдзекуецца над імі.

Тады кажа Ён ім у гневе Сваім і шпарчынёю Сваёю палохае іх:
 
Тады кажа да іх у гневе Сваім і ярасьцю Сваёй пужае іх:

«Гэта ж Я памазаў Караля Свайго на Сыёне — гары сьвятой Сваёй».
 
Гэта Я пасадзіў Караля Майго на Сыёне, гары Маёй сьвятой!

Я азнаймлю праз уставу: СПАДАР сказаў Імне: «Сын мой Ты, Я сядні нарадзіў Цябе.
 
Я абвяшчаю пастанову: Ягова сказаў Мне: Ты Мой Сын, сягоньня Я спарадзіў Цябе!

Прасі ў Мяне, Я дам народы на спадак Табе і за дзяржаву Тваю — канцы зямлі.
 
Прасі ў Мяне, і Я даю Табе народы ў спадчыну і межы зямлі ў валаданьне Табе.

Ты разаб’еш іх зялезным кіям і, як судзьдзё ганчарова, растаўчэш іх».
 
Паліцай зялезнай будзеш кіраваць імі, нібы глінянае начыньне скрышыш.

Дык цяперака, каралі, будзьце кемныя; вучыцеся, судзьдзі зямлі!
 
Дык цяпер, каралі, будзьце кемлівымі, навучэцеся судзьдзі зямлі!

Служыце СПАДАРУ з боязьняю і цешчася з дрыжэньням.
 
Служыце Ягове са страхам і радуйцеся з дрыжаньнем.

Цалуйце Сына, каб Ён не загневаўся, і вы ня згубілі дарогі; бо ўзгарыцца неўзабаве гнеў Ягоны. Шчасьлівыя ўсі, што ўцякаюць да Яго.
 
Шануйце чысьціню, каб Ён (Ягова) ня загневаўся, і каб вы ня загінулі ў дарозе, бо няўзабаве ўзгарыцца гнеў Ягоны! Багаславёныя ўсе, што спадзяюцца на Яго.