Псалтыр 92 псалом

Псалтыр
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Сабілы і Малахава

 
 

Псальма. Песьня на дзень сыботні.
 
Псальм. Песьня. На дзень суботні.

Добра дзякаваць СПАДАРУ, пяяць хвалы імені Твайму, Навышні,
 
Добра дзякаваць Ягове і сьпяваць Імю Твайму, Найвышэйшы,

Павядаць нараніцы ласку Тваю, а вернасьць Тваю ночы,
 
раніцай абвяшчаць Міласэрнасьць Тваю і Вернасьць Тваю — уначы,

На дзесяціструнным а на ліры, на гіґіёне гарпаю;
 
на дзесяціструнным і на псалтыры, пець (Найвышэйшаму і граць) на гарпе;

Затым што Ты разьвесяліў мяне, СПАДАРУ, учынкамі Сваімі, праз справы рук Тваіх пяю.
 
бо Ты, Ягова, радуеш мяне чынам Тваім, я ўрачыста радуюся Дзеям Рук Тваіх.

Як узьвялічыліся справы Твае, СПАДАРУ! вельма глыбокія думкі Твае!
 
Як вялікія Твае Дзеі, Ягова! Наўзьдзіў глыбокія Думкі Твае.

Недасьціпны ня знае, дурны ня ўцяме гэтага.
 
Чалавек бязглузды (гэтага) ня ведае, і нядавумак ня разумее гэтага.

Як красуюць нягоднікі, бы трава, і квітуць усі ліхадзеі, каб быць зьнішчанымі на векі.
 
Бязбожнікі растуць, як трава, і ўсе ліхадзеі цьвітуць — каб яны былі зьнішчаны навекі.

А Ты, СПАДАРУ, узвышаны на векі!
 
Але Ты, Ягова, высокі ў вяках вечных, —

Бо, вось, непрыяцелі Твае, СПАДАРУ, бо, вось, непрыяцелі Твае загінуць, усі ліхадзеі рассыпяцца.
 
бо сапраўды ворагі Твае, Ягова, сапраўды ворагі Твае загінуць. Усе ліхадзеі будуць расьцярушаны.

Ты падыймеш, як адзінарога, рог мой, я быў памазаны сьвежым алеям;
 
А мой рог Ты ўзьнімеш, як (рог) адзінарога. Мяне памазаваюць сьвежым алеям.

І паглядзіць вока мае на цікуючых на мяне, праз паўстаючых на мяне ліхадзеяў пачуе вуха мае.
 
І вока маё будзе бачыць тых, хто робіць на мяне засаду. І вуха маё будзе чуць зламысьнікаў, якія паўстаюць супраць мяне.

Справядлівы, як пальма, квіціць, як кедру на Лібане, яго выжане.
 
Праведны будзе квітнець, як пальма. Ён будзе расьці, як кедр на Ліване.

Пасаджаныя ў доме СПАДАРОВЫМ, заквітуць на панадворках Бога нашага;
 
Пасаджаныя ў Доме Яговы будуць квітнець у дварах Бога нашага.

І ў сівізьне радзіць будуць, сакаўныя а зялёныя будуць,
 
Яны і ў старасьці будуць прыносіць плод. Яны будуць сакавітыя і сьвежыя,

Каб абяшчаць, што СПАДАР справядлівы, скала мая і нямаш несправядлівасьці ў Ім.
 
каб абвяшчаць, што Ягова шчыры ёсьць, Скала мая, і няма ў Ім ніякай няправеднасьці.