Псалтыр 141 псалом
Псалтыр
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Сабілы і Малахава
Псальма Давідава. СПАДАРУ, гукаю да Цябе; пабарзьдзі да мяне, нахіні вуха да голасу майго, як я гукаю да Цябе.
Псальм. Давідавы. О Ягова, я клічу Цябе. Пасьпяшайся да мяне! Зваж на голас мой, калі я Цябе клічу.
Няхай будзе кадзілам малітва мая перад Табою, і вячэрнім аброкам узьняцьце рук маіх.
Няхай малітва мая будзе накіравана да Цябе, як кадзíла, уздыманьне далоняў маіх, як ахвяра вячэрняя.
Пастанаві, СПАДАРУ, старожу перад ротам маім, сьцеражы дзьверы вуснаў маіх.
Пастаў, о Ягова, варту майму роту. Сьцеражы дзьверы вуснаў маіх.
Не нахінай сэрца майго да благога, чыніць нягодныя ўчынкі зь людзьмі, бяспраўе дзеючымі; і хай не паспытаюся ласонікаў іхных.
Ня дай сэрцу майму сьхіляцца да благога, каб рабіць учынкі бязбожнасьці з благімі людзьмі. Ня дай, каб я каштаваў іхныя прысмакі!
Калі справядлівасьць б’ець мяне — гэта міласэрдзе; калі гане мяне — гэта выборны алей, ён ня скрыве галавы мае, але яшчэ малітва мая ў няшчасьцях іхных.
Хай б’е мяне справядлівы: гэта (ж ёсьць) міласэрнасьць. І хай ён мяне дакарае: (гэта ёсьць) алей (для) галавы (маёй). А галава мая хай ня ўхіляецца (ад гэтага), сапраўды, але прыхіляецца (да дакору)! І малітва мая хай будзе супраць іхных злачынстваў.
Як судзьдзі іхныя будуць раськіданы па скале, яны выслухаюць словы мае, бо яны прыемныя.
Калі іхныя судзьдзі будуць ськінутыя да сьцяны скалы, і тады яны пачуюць мае словы, што яны ёсьць правільныя.
Як бы хто араў а пульхніў зямлю, так раськіданы косьці нашыя ля адтуліны шэолю.
Быццам хто зямлю гарэ і трушчыць, так нашыя косткі раськíданыя каля ляпы шэолю.
Але на Табе, СПАДАРУ Спадару, вочы мае; у Табе спадзева мая: ня бурай душы мае.
Але на Цябе, Ягова, Госпад мой, (ськіраваны) вочы мае. У Цябе знаходжу сховішча. Ня спустошы душы маёй.
Крый мяне ад пасадкі, што пастанавілі на мяне, і ад сілаў ліхадзеяў.
Аслані мяне ад пастак, якія яны на мяне наста́вілі, і цянётаў злачынцаў.
Няхай нягодныя ўблытаюцца ў собскія сеці свае, прымеж тога я сам прайду бясьпечна.
Хай бязбожнікі ўпадуць усе разам у свае ўласныя сеткі, а я абміну іх.