Псалтыр 34 псалом
Псалтыр
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Сабілы і Малахава
Давідава, як ён адмяніў свой паступак перед Авімелехам, і гэты выгнаў яго, і ён пашоў.
Псальм Давідавы: калі ён перад Абімэлехам удаваў зь сябе вар’ята, і гэты выгнаў яго ад сябе, і ён пайшоў.
Буду дабраславіць СПАДАРА ў кажным часе; штачасна хвала Яго ў вуснах маіх.
Я буду славіць Ягову кожную часіну; хвала Яму будзе ўсьцяж на вуснах маіх.
СПАДАРОМ хваліцца душа мая; хай чуюць лагодныя й вяселяцца.
Яговам будзе хваліцца душа́ мая; пакорныя мусяць гэта пачуць і ўзьвясялíцца.
Узьвялічайце СПАДАРА з імною, узвышайма імя Ягонае разам.
Бу́дзьма славіць Ягову разам са мною, і ўзвышаць разам Імя Ягонае!
Я шукаў СПАДАРА, і Ён адказаў імне, і ад усіх страхаў маіх выбавіў мяне.
Я шукаў Ягову, і Ён пачуў мяне, і ад усіх маіх страхаў Ён уратаваў мяне.
Углядаліся ў Яго й сьвятлелі, віды іхныя не засароміліся.
Тыя, хто на Яго ўзіра́юцца, прасьвятляюцца, і аблічча іх ня пасарамляецца.
Гэты ўбогі пагукаў, і СПАДАР пачуў, і выбавіў яго ад усіх немарасьцяў ягоных.
Вось убогі: ён гука́ў, і Ягова пачуў і выратаваў яго із усіх ягоных бедаў.
Як на вайне, кладзецца Ангіл СПАДАРОЎ навокал тых, што баяцца Яго, і выбаўляе іх.
Ангел Яговы акаляе тых, што баяцца Яго (Ягову), і Ён (Ягова) вызваляе іх.
Спрабуйце а абачча, што добры СПАДАР! Шчасьлівая людзіна, што спадзяецца на Яго.
Паспытайце і ўбачце, што Ягова добры. Шчасьлівы той, хто ў Ім знаходзіць прытулак.
Бойцеся СПАДАРА, сьвятыя Ягоныя, бо няма нястачы тым, што баяцца Яго,
Бойцеся Яговы, (вы) сьвятыя Ягоныя, бо тыя, што баяцца Яго, ня маюць ні ў чым нястачы.
Левяняты дазнаюць нястачы а голаду, але шукаючым СПАДАРА ня будзе не ставаць ніякага дабра.
Маладыя ільвы церпяць нягоды і галадаюць, але тыя, што шукаюць Ягову, ня церпяць нястачы ні ў якім дабры.
Пайдзіце, сынове, паслухайце мяне, боязьні СПАДАРА буду ўчыць вас.
Хадзеце сюды, сынове, выслухайце мяне, я навучу вас баяцца Ягову.
Каторы муж жадае жыцьця й любе дні, каб бачыць дабро,
Хто ёсьць чалавек, які любіць жыцьцё, які ахвотна хацеў бы доўгіх дзён жыцьця, каб убачыць добрае?
Узьдзержуй язык свой ад благога і вусны свае ад гуканьня ашукі;
Устрымлівай язык свой ад благога і вусны свае ад слоў падступных.
Адхініся ад благога й рабі дабро; шукай супакою й жаніся за ім.
Ухіляйся ад благога і рабі добрае, шукай міру і імкніся да яго.
Вочы СПАДАРОВЫ на справядлівых, і вушы Ягоныя на гуканьне іхнае.
Вочы Яговы накіраваны на справядлівых, і вушы Ягоныя на іхнае гуканьне.
Від СПАДАРОЎ супроці ліхадзеяў, каб выгубіць ізь зямлі памятку іх.
Аблічча Яговы супраць тых, хто робіць ліхое, каб зьнішчыць зь зямлі і памяць пра іх.
Галасілі, і СПАДАР чуў, і ад усіх бедаў іхных вывальніў іх.
Справядлівыя гукаюць да Яговы, і Ён чуе іх і вызваляе іх з усіх іхных бедаў.
СПАДАР блізка да патрышчаных сэрцам і прыбітых духам выбаўляе.
Ягова блізкі да тых, у каго зламанае сэрца, і Ён выратуе тых, у каго дух разьбіты.
Шмат бяды ў справядлівага, але з усіх іх вывальняе яго СПАДАР.
Шмат пакутаў у справядлівага, але Ягова з усіх іх вызваліць яго.
Ён сьцеражэць усі косьці ягоныя, ні водная зь іх ня зломіцца.
Ён пільнуе ўсе ягоныя косткі, каб ніводная зь іх ня была паламаная.
Заб’ець нягоднага ліха, і ненавідзячыя справядлівага будуць вінны.
Бязбожніка заб’е ліха, і тыя, што нянавідзяць справядлівага, будуць абвінавачаны.
Выкупляе СПАДАР душу слугаў Сваіх, і ня будуць вінны ўсі, што спадзяюцца на Яго.
Ягова вызваляе ду́шы рабоў Сваіх, і тыя, што бяруць у Яго сховішча, ня будуць абвінавачаны.